Пра Коника

Пра коніка

 Для Коніка свет падзяляецца на дзве няроўныя часткі. Першая частка, зусім маленечкая, але галоўная, гэта - яго Літаратурная Кампашка, свет чысты і чароўны. А другая частка - усё астатняе, дзе пануе хаос, цямрэча і поўнае невуцтва.
 Памятаю, ён неяк спрабаваў запрасіць мяне ў сваю Кампашку:
 - Прыходзь. У нас адны паэты, а пісьменнікаў няма. У нас там вялікія разборкі. Ты і не ўяўляеш, як там цябе разбяруць. Плакаць будзеш. Так што, прыходзь.
 Я не жадала лішні раз плакаць і адмовілася. Можа, і дарма. Так бы, пісьменнікам стала.
 У сваёй Кампашцы Конік заўсёды светлы і шчаслівы. У астатнім свеце - ён маленькі, раздражнёна-агрэсіўны цвыркун. І глядзіць на ўсіх пагардліва, як бог з Алімпу на простых смяротных. Усе свае вершы ён прысвячае вылучна чальцам сваёй Кампашкі. Былі, праўда, выключэнні, але вельмі рэдка.
 Памятаю, неяк кажа мне:
 - Я жадаю прысвяціць табе верш.
 - Ну, што ты, кажу, які верш мне можна прысвяціць? Хіба што, байку…
 Але ён усёткі, прысвяціў. Калі я яго прачытала, то пераканалася, сапраўды, байка.
 Змест можна выказаць наступнымі словамі: як ты не надрывайся, а са свайго балота не вылезеш.
 Ну, i добра.
 Памятаю, неяк спытала:
 - Можна, мой сын паграе на гітары ў вашай Кампашцы.
 Як ён узвіўся, паглядзеў так напышліва, як Зеўс на Тараса і кажа:
 - У нас толькі па-беларуску…
 Ну, i добра…


Рецензии
"Ну, ды добра." - не гучыць

Ян Борщевский   22.12.2014 16:59     Заявить о нарушении