функцаянальны анализ

функцыянальны аналіз

 - Я буду спяваць у вас "Фа" - сказаў на першай лекцыі студэнтам добра пастаўленым голасам Юрчук, выходзячы да дошкі.
 У асляпляльна белай кашулі і цёмным строі, з прыгожай сівой галавой ён выглядаў як артыст у фраку.
 І "заспяваў"... Чытаў як па кнізе: усё старанна прадумана і выверана, усё коратка і ясна, ніводнага лішняга слова. Калі для чарговага доказу былі патрэбныя вынікі раней даказанай тэарэмы, ён не ўспамінаў фармулёўку і высновы гэтай тэарэмы, а проста казаў: "Паводле тэарэмы 5.1 маем…". Хто жадаў пераканацца, што гэта сапраўды вынікае з гэтай тэарэмы, павінен быў гэта зрабіць сам. Але мы прымалі усё на чыстую веру. І пасыпаліся бясконцыя шэрагі, палі, прасторы… прасторы, палі, шэрагі… падобныя, як блізняты, і незразумелыя, як жыццё на Марсе. Зараз ужо нічога ад усяго таго не засталося ў галаве, ніводнай назвы. І толькі студэнцкі фальклор захаваў сякія-такія дробязі:

 …Выйду в поле Галуа
 Сяду у канавы
 Отдыхает голова
 От функционалов…

 Так, было яно там, поле Галуа… і функцыяналы там былі…  і чаго там толькі не было, і ўсё змяшалася ў адзін клубок, незразумелы і заблытаны.
 …Практычныя заняткі ў нас вёў зусім малады ў той час, крыху падобны на Яна Прыгожага з казкі, Ломаўцаў Хведар Ягоравіч. У яго выкладзе гэты імглісты "ФА" стаў распагоджвацца. Але таму, што заняткі пачаліся амаль у канцы сяместра, ён паспеў растлумачыць нам толькі самы пачатак, а ўвесь астатні айсберг застаўся ў смузе.
 …На іспыт я прыйшла з пустой галавой і кучай канспектаў. Побач з аўдыторыяй нікога не было: хто прыйшоў - усіх ужо запусцілі. Я размясцілася на бліжэйшай лаўцы, разгарнула вакол сябе мноства канспектаў з надзеяй, што за астатні час я паспею вывучыць усё, што за год не паспела. Але толькі пачала чытаць першую старонку, як адчынілася дзверы, вызірнуў Юрчук і сказаў: "Заходзьце".
 …Выцягваю квіток, чытаю пытанні і бачу, што нічога не ведаю. Пайшла рыхтавацца…
 …Рыхтуюся… пішу на парерцы пытанні… потым на другой парерцы гэтыя пытанні… на трэцяй… вось ужо вакол мяне куча спісаных паперак… яны сыплюцца на падлогу… Падыходзіць Юрчук, выцягвае ў мяне адну з ніжніх паперак, думаючы, што гэта шпаргалка. Паклаў яе назад і моўчкі адышоў. Потым мне Жана распавядала, што ён у гэты момант злавесна ўсміхнуўся, і Жана вырашыла, што я "праляцела, як фанера над Парыжам на апошняй свірэпе…".
 …Рыхтуюся… пішу далей на паперцы пытанні… Час ідзе. Студэнты па чарзе адказваюць і сыходзяць. Новыя не падыходзяць, і таму народу ў аудыторыі ўсё меней і меней. Тут заходзіць Ломаўцаў дапамагаць прымаць іспыт. Я акрыяла духам: казалі, што Хведару Ягоравічу можна паспяхова здаць іспыт нават калі не ведаеш квітка: ён пытае ў дыяпазоне таго, чаму сам вучыў нас.
 … І вось у аўдыторыі засталіся акрамя мяне два студэнта. Адзін адказваў Юрчуку, другі - Ломаўцаву… І вось Юрчук ставіць адзнаку свайму студэнту і адпускае яго… Мне трэба ісці да яго, а я не магу ўстаць: ад страху ногі адняліся. ...Юрчук пахадзіў уздоўж дошкі  ўзад-уперад і выйшаў з аўдыторыі…
 …Ломаўцаў адпусціў свайго студэнта і падыходзіць да мяне:
 - Ну, што там у вас…
 - Хведар Ягоравіч, я нічога не ведаю - трагічна прызналася я.
 - Паглядзім, што вы ведаеце - сказаў ён, і стаў задаваць мне пытанні…
 ***
 - Ну, што атрымала? - спытала мяне пасля іспыту Людка.
 - Тройку - радасна адказала я.
 - І табе не сорамна? Чаму цешышся? - здзівілася Людка
 - Тому… - адказала я.


Рецензии
фа - прыгожая нота

Барбара Спотка-Козиуска   27.12.2014 03:17     Заявить о нарушении