Дон Жуан з Драбушан

Дон Жуан з Драбушан

                Прысвячаецца Ал Ти http://www.proza.ru/avtor/alti1
                (Хай хутчэй стварае свайго Дон Жуана)




 - Карабельнікаў - такі лавелас, такі гуляка, - распавядала Насця, - ужо шматлікім дзяўчынкам галаву надурыў, і не адна з іх з-за яго плакала…

 …Насця маленькая, худзенькая як трысціна. І калі ходзіць, здаецца, вагаецца на хаду ад слабенькага ветрыку. Яна трохі падобная на Аду Рагаўцову, якая выконвала ролю галоўнай гераіні ў фільме "Салют Марыя". Насця прыехала вучыцца ў Менск з Сібіры. І я ўвесь час дзівілася: як у Сібіры, дзе моцныя маразы і шмат дзікіх мядзведзяў, могуць выжываць такія далікатныя Насці?

 - І яшчэ ён п'е вельмі шмат, - працягвала Насця, - Аднойчы ён валяўся п'яны ля Свіслачы. А міма ішоў яго прыяцель Сінельнікаў. Так гэты Сінельнікаў заржаў і далей пайшоў. Вось, табе і сябар…

 "Ад такіх трэба трымацца далей, - думала я, - добра, што мне Насця пра яго ўсё распавяла…"


 …- Да нас сёння ў госці прыйдзе Карабельнікаў, - паведаміла неяк раз Насця.
 - Навошта? - здзівілася я.
 Для мяне гэта навіна была аналагічная той, калі б Насця паведаміла, што да нас з'явіцца сам Сатана з візітам.
  - Не ведаю, - адказала мне Насця, - проста так. Сказаў, што зойдзе…

 І я ўнутрана сканцэнтравалася, прыгатавалася сустрэць госця так, як належыць сустракаць падобных госцяў.

 І Танька таксама прыгатавалася. Вочы яе радасна заззялі.

 …Адчыняюцца дзверы, і заходзіць Сяргей Ясенін. Сапраўдны, мілы, абаяльны, прыгожы.
 "Тым горш, - падумала я, - значыць, ён яшчэ небяспечней…"

 - Уладзімір, - прадставіўся Сяргей Ясенін, пасля таго, як прывітаўся, і працягнуў мне руку, добразычліва і ветліва.

 А я і не паварушылася, і руку ў адказ не працягнула, і нічога не сказала, і глядзела на яго, як мог глядзець Вялікі Інквізітар на Сатану, які з'явіўся да яго з нечаканым  візітам.

 Тады Карабельнікаў пайшоў да Танькі і працягнуў ёй руку: 
 - Уладзімір, - сказаў ён Таньцы.

 Танька радасна працягнула руку ў адказ і заціўкала з задавальненнем.

 А я моўчкі глядзела на іх.
 А Карабельнікаў штосьці прамармытаў на Таньчын ціўкат і сышоў з нашага пакоя.

 І я была задаволена тым, што ён так хутка сышоў, і ганарылася сабой, што гэта менавіта я яго выжыла…


 …- Карабельнікаў на цябе пакрыўдзіўся. Навошта ты на яго так глядзела? - спытала мяне Насця на наступны дзень.
 - А як мне на яго яшчэ глядзець? На такога гнюса? - спытала я.
 - Чаму гнюса? - здзівілася Насця.
 - З тваіх слоў, - сказала я.
 - Здаецца, я нічога такога дрэннага не казала, - здзівілася Насця.


 …З Карабельнікавым я яшчэ адзін раз сутыкнулася на Новы Год. Спачатку Насця пацягнула  мяне да іх у пакой на застолле святочнае. І там, у шумнай, вясёлай кампаніі я сядзела побач з Карабельнікавым. Не зусім побач, а на куце. І мы ўвесь час чокаліся з ім, і кожны раз халадок душу прадзіраў, як быццам з самім сатаной чокаешся.
 А потым усё павалілі ўніз, у фае, танчыць. Я думала, што Карабельнікаў там будзе ў цэнтры ўвагі такі злы, цынічна дасціпны. Але памылілася: ён зашыўся ў нейкі кут. Наогул не танчыў, а толькі пазіраў з кута сваімі дэманічнымі вачыма на танцуючых.

 …А я ўвесь вечар пратанчыла з нейкім афганцам. І мы з ім пад любую музыку танчылі павольны танец, абняўшыся, і шэптам размаўлялі пра вайну… А Лілька, сястрычка мая старэйшая, якая вучылася тутака ж, на два курсы старэй, спалохалася чагосьці і адправіла свайго прыяцеля Пецю адбіваць мяне ў афганца. І Пеця падышоў да нас і сказаў груба-бесцырымонна:
 - А зараз пайшлі са мной танчыць.
 Ну, я і пайшла, паколькі мне было ўсё адно…

 …Праз пару гадоў мне Людка паведаміла, што Марына сустракаецца з Корабельнікавым, і іх адносіны зайшлі нават занадта далёка.
 І тужліва і страшна мне стала за Марыну… Кіне яе ён. І што тады её рабіць?

 …З Марынай я жыла разам на кватэры ўвосень на першым курсе на бульбе.
  У першы ж дзень я пайшла і запісалася ў сельскую бібліятэку і прынесла кучу кніг. У тым ліку і зборнік вершаў Міхася  Ісакоўскага.
 А потым мы з Марынай сядзелі побач на ложку, прыціснуўшыся спінамі да бярвеністай сцяны і гарлапанілі песні.

                «…А кругом сады белеют,
                А в садах бушует май,
                И такой на небе месяц -
                Хоть иголки подбирай…»

 І я дзівілася, што ў той час, калі ў музычным свеце панавалі "Аббы"- "БоніМ" - і "Смокі", хтосьці ведае і любіць песні на вершы Ісакоўскага, таксама як і я...

 ...А потым было вяселле. Марына не з тых, каго можна кінуць, калі надакучыць.
 І Карабельнікаў у мяне пытаўся потым: - Дзесьці я цябе бачыў, а вось дзе, не памятаю.
 Але я не прызналася яму, дзе ён мяне бачыў, а перавяла гутарку на яго прозвішча:
 - Ты ведаеш, ад чаго атрымалася тваё прозвішча?
 - Не ведаю
 - Карабельнік - гэта купец, - тлумачу яму аўтарытэтна. - Яшчэ Пушкін пісаў:

                Корабельники дивятся,
                На кораблике толпятся…

 А Марына толькі весела хіхікала слухаючы мае тлумачэнні…



 …І ўсёткі кінуў Марыну Дон Жуан з Дробушан з двума непаўналетнімі дзецьмі.  І сышоў ён с той жанчынай, супраць якой не мог выстаяць ніхто, імя якой Смерць.
 Карабельнікаў рана памёр ад інфаркту. Паўплывала, відаць, бурная маладосць.


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.