Народныя прыкметы ад хатняга Дамавiка Мiколы

Частка восьмая
ВАЎКАЛАК (Пярэварацень)

Ваўкалак (Пярэварацень) -  чалавек, які  па ўласнай волі ці ў сілу злых чараў, прымае выяву якой-небудзь жывёлы, як правіла ваўка. Гэта можа быць і вядзьмак, які ператвараецца  ў звера.  Ваўкалак становіцца зверам уначы, а як пачне віднець – набывае чалавечае аблічча.
Назва Ваўкалак утворана ад двух слоў: "воўк" і "длака", што азначае валасы, поўсць, шкура. У.І.Даль у сваёй кнізе “Аб павер’ях  і забабонах рускага народа” апісвае ваўкалака: пярэварацень  -  нейкі ліхі дух, які кідаецца часам чалавеку пад ногі, ці папярок дарогі, як прадвеснік бяды. Ад яго хрысцяцца і адплёўваюцца. Ён ніколі не з'яўляецца інакш як з налёту, з набегу, а то і  на адно імгненне, што ледзь паспяваеш яго заўважыць; часам з каціным ці іншым крыкам і выццём, часам жа ён моўчкі падкочваецца клубком, жмутком сена, камяком снегу, ці аўчынай. Пярэварацень ператвараецца, змяняючы  свой выгляд, у што пажадае, а для гэтага звычайна стукнецца  аб зямлю. Тады ён становіцца катом, сабакам, савой, пеўнем, вожыкам, нават  клубком нітак, кучай  пакулля, каменем ці капой  сена. Зрэдку ў лесе сустрэнеш яго ў выглядзе страшнага звера ці пачвары, але заўсёды толькі мімаходам, таму што ён ніколі не дасць разглядзець сябе добра. Нярэдка, ён імгненна ў вачах, спалоханага да смерці прахожага, ператвараецца некалькі разоў то ў адно, то ў другое, знікаючы пад пнём,  кустом,  на роўным месцы ці на скрыжаванні.   Вельмі рэдка атрымліваецца яго бачыць днём. Але ўжо прыцемкам ён пачынае сваволіць і  гуляе на працягу ўсёй ночы:  кідаецца, нібы камень з-за вугла, з дзіўным крыкам, не звяртаючы  ўвагі на людзей. Некаторыя сцвярджаюць, што ён і ёсць  смерць для кароў. Здараецца, што ён ператвараецца ў  карову, звычайна чорную, якая прагульваецца  са статкам пад выглядам  прыблуды і напускае псуту на ўсіх жывёл.
Ёсць таксама павер'е, быццам пярэварацень -  дзіця, што памерла нехрышчоным, ці нейкі вераадступнік, душа якога нідзе на тым свеце не прымаецца, а тут гуляе і гарэзнічае супраць волі. У некаторых месцах,напрыклад, на Поўначы пярэваратня завуць пачварай, часам і дамавіку прыпісваюць яго  характэрныя рысы. З усяго гэтага вынікае, што калі мужык і бачыў нешта прыцемкам ці ўначы, і сам не ведае,  што іменна, то гэта бяспрэчна быў пярэварацень.

Працяг будзе.

Сяргей Брандт, 11.03.2014


Рецензии