Любимыя сцяжынки

Любімыя сцяжынкі

…З радасцю прайшлася б яшчэ той дарогай. Менавіта той, якой яна была тады.

…А тады я так не любіла гэткі доўгі стомны шлях ад Обалі да Козік.

Спачатку ад аўтавакзала трэба прайсці праз Обаль да балота.
Ах, так, зусім забылася элемент рытуалу. Перад тым, як рушыць у шлях, трэба напіцца з калонкі. А вада ў ёй - проста дзівосная, асабліва гэта адчуваецца пасля моцна хлараванай вадаправоднай.

Не люблю я ісці праз Обаль. Ходніка амаль няма, цягнешся ўздоўж пыльнай дарогі міма хат-садоў-гародаў за платамі. І час ад часу праносяцца міма машыны-трактары-матацыклы, абдаючы пылам, выхлапнымі газамі, і аглушаючы трэскам рухавікоў.

…Вось і край балота. Рэзкая мяжа зялёнага поля і карычневай тарфяной пустэльні. І праз пустэльню гэту карычневую вядзе вузкакалейка, уздоўж якой мы і ідзём.  Па шпалах ісці нязручна, ідзём па сцяжынцы, пракладзенай на насыпы поруч рэек.  Ідзём і марым, вось, дагоніць нас матавоз, тады частку шляху можна праехаць. Калі матавоз наганяе нас напачатку шляху, то ён спыняецца, і мы едзем да заваротку, як раз сярэдзіна балота. А калі ён нас даганяе пазней, тое праносіцца міма, не спыняючыся, а мы з нудой глядзім услед.

…Пасля таго, як рэйкі звярнулі з нашага шляху, ідзём па сцяжынцы, на якой ногі па шчыкалатку правальваюцца ў сухі друзлы торф.
І заўсёды я забывала, ды і зараз забылася, што ў канцы балота заўсёды чакала тая перашкода, якую я жудасна не любіла: роў, неглыбокі, сухі, з пракладзенай па дне сцяжынкай, метра два шырынёй, і з перакінутым праз яго сукаватым бервяном.

Ісці па бервяне я баялася, а па дне сарамацілася, і таксама баялася. Мне здавалася, што як раз пасярэдзіне рова я правалюся ў нетры зямныя да самага ядра. І я пераходзіла па бервяне, а Лілька мяне падбадзёрвала:
- Ну, давай, адважней, нічога страшнага, не звалішся…

…За балотам трэба ісці праз поле без дарогі. Таксама не вельмі радасна. Раз-пораз упіраемся ў якую-небудзь велічэзную лужыну, якую трэба доўга абыходзіць. І так моцна стомленыя, мы цягнемся маркотна вакол лужыны, ручкі цяжкіх валізак нарэзалі рукі, ды і самі валізкі б'юць па нагах. А мы з нудой глядзім удалячынь.

Праз палі і вёскі яшчэ ісці чатыры кіламетры, але ўжо адгэтуль, з краю балота бачым бабуліну ліпу, самае высокае дрэва ў акрузе. Свечкай ускінулася яна ў неба, доўгі стройны ствол у паўтара абхопу, да ніжніх галін рукой не дастаць.

Па полі напрасткі міма Шелягоў, і, нарэшце, выбіраемся на пяшчаную дарогу, якая вядзе на Кралькі. Ногі па шчыкалатку апускаюцца ў шэры дарожны пыл, і мы цягнемся ў гэтым пыле праз Кралькі, Баркі, у Козікі.

Поруч Баркоўскай крамы Лілька кажа:
- Уявім, што мы ідзём з крамы…

І мы ўяўна скідаем назапашаную за дарогу стомленасць, ідзём "з крамы"

Калі мы параўняліся з Боркоўскай школай, я кажу:
- А зараз мы ідзём са школьнага саду.

Школа - апошняя хата ў Барках. Потым, метраў праз пяцьсот, пачынаюцца Козікі.
Вось першая хата Козік, выфарбавана ў цёмна-вішнёвы колер. Хата цёткі Віці. Часам на лаўцы сядзіць яе муж, Паула. Усміхаецца. Мы вітаемся, ён ківае моўчкі. Крочым міма хаты Ядвісі, міма закінутай хаты.

І вось, нарэшце, бабуліна хата.
Але тут трэба здзейсніць рытуал прыбыцця. Поруч дарогі, не даходзячы да бабулінай хаты, горка са зрэзаным бокам: пясок здабывалі.

І я ўзбягаю на грудок прыдарожны, каб прайсціся па любімай сцяжынцы. І вядзе гэта сцяжынка ўздоўж грудка і ўпіраецца і абыходзіць бабулін кветнік. А ў кветніку - кусты бэзу і разнастайныя кветкі.

Абабегшы кветнік, мы адчыняем дзверы ў высокім бярвеністым плоце, і па жоўтай дарожцы ўздоўж хаты бяжым да ўваходных дзвярэй, у сенцы, і ў хату.

У першы момант я дзіўлюся: якія маленькія акенцы. За зіму я спрэс пра гэта забываю.
Як уваходзіш, злева печ, проста - дзверы ў пакой, справа - вакно, перад вакном стол, канапа і крэслы. А ля стала - бабуля.
- Прыехалі, - цешыцца бабуля.

Вось яна, доўгачаканая летняя казка.

- Бабуля, мы за вадой! - хорам крычым мы.
- Ды пачакаеце вы з вадой, - кажа бабуля, - пасядзіця з дарогі.

Не, сядзець з дарогі яшчэ рана. Трэба здзейсніць яшчэ адзін абрад рытуала. Прабегчы яшчэ па адной любімай сцяжынцы.

Мы хапаем пустыя вёдры і выбягаем з хаты, праз двор, на дарогу, праз дарогу. Адчыніўшы рыпучую брамку - і ў сад.
І праз сад вядзе любімая сцяжынка. Злева яблыневы сад, а пад яблынямі расце бульба.
Справа, амаль ля брамкі - ліпа. Я падыходжу да яе і ў чарговы раз пераконваюся, што абхапіць яе немагчыма.

Потым мы ідзём па сцяжынцы, уздоўж шэрагу сліў і вішань, міма дзвюх велічэзных бяроз, якія растуць на брацкай магіле. Гэта яшчэ адна асаблівасць бабулінага саду. Брацкая магіла з дзвюма бярозамі, пасаджанымі пасля вайны школьнікамі, кустамі дзікага шыпшынніка і мноствам палявых кветак.
Мы паважна, з глыбокай павагай ідзём міма, і бяжым далей, да студні…


Рецензии