Подых першага кахання

               
    Яна стаяла на аўтобусным прыпынку і чакала. Але аўтобуса ўсё не было. Мусіць, зноў паламаўся. Апошўні час яны так кепска ходзяць. “Зноў нагрузілася прадуктамі больш, чым трэба. Як баляць рукі,” – яа падышла да лаўкі і паставіла сваю торбачку, а сумку перавесіла на другую руку. Было даволі зімна. Ды і адкуль узяцца сонцу – яна заканчвае работу даволі позна, працуе амаль па 11 гадзін – трэба карміць дзяцей. Іх у яе – чацвёра.  З мужам ужо даўно яны – чужыя людзі. Цяжка гэта зразумець – разам пражылі амаль 20 гадоў. А цяпер ён нават ад аліментаў увільвае.  Гэта ж яго родныя дзеці, ягоныя крывіначкі. Думкі наскоквалі адна на другую, а аўтобуса так і не было.
Побач таксама чакалі людзі. Іх было шмат. Адны прыязджалі, другія ад’язджалі. А яна ўсё стаяла і стаяла. Раптам  заўважыла на сабе позірк аднаго немаладога ўжо чалавека. Ён быў лёгка апрануты, без шапкі, стаяў неяк па-заліхвацку. Некаторыя знаёмыя рысы не-не, ды і прасклізвалі па твару мужчыны.  Дзесьці яна ўжо бачыла гэтую постаць…
І раптам яна схамянулася:  “Не можа быць! Няўжо гэта ён, Віктар?  Колькі ж гэта гадоў мы не бачыліся?  Бадай 16 – 17.  Ужо цэлае пакаленне вырасла! Мая дачка ўжо старэйшая за мяне, калі я ўпершыню закахалася ў Віктара”.

    А мужчына стаяў і стаяў на тым жа самым месцы і ўвесь час пазіраў  у яе бок. Ёй было не прывыкаць да мужчынскіх позіркаў – была вельмі прывабная – мужчыны так і ліплі да яе з рознымі, нават непрыстойнымі, прапановамі. Але яна ні з кім не хацела сустракацца. Усё чакала нечага. Мужчына не адрываў ад яе вачэй, але і не падыходзіў. “Відаць, абазналася,” -  падумала з жалем. З роздумаў вывеў надыходзячы аўтобус. Яна кінула апошні позірк на незнаёмца і хуценька ўціснулася са сваімі клуначкамі ў пад’ехаўшы транспарт. Села ля вакна. Мужчына ўсё стаяў і глядзеў проста ёй у вочы. Яна не вытрымала, кіўнула і ўсміхнулася. І раптам адбыўся цуд: па твару незнаёмца распаўзлася такая знаёмая з далёкага юнацтва ўсмешка! Віктар радасна і неяк няёмка прыпадняў руку і  памахаў ёй. Так, гэта, безумоўна, быў ён! Сумненняў больш не было. Аўтобус крануўся з месца, а яна ўжо нічога не чула, бо ў думках была ў тых далёкіх 79-х гадах. Успаміны мімаволі нахлынулі на яе і, быццам на крылах, панеслі ў краіну юнацтва…

    Ёй толькі споўнілася 13. Пачаліся летнія канікулы. Яна паехала пагасціць да цёткі ў невялічкую вёсачку. У вёсцы было толкі 40 драўляных хат, да і да рэчкі далёка. Але побач былі тры стрыечных брата і маленькая сястрычка. З імі было вельмі цікава. Днём яны разам дурэлі, ганялі на “роверах” (так у іх называлі веласіпеды), а вечарамі хадзілі ў другую вёску на танцы разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі. Да клуба было цэлых пяць кіламетраў. Але што значаць некалькі кіламетраў для моладзі! Гэта было так цікава! Яны збіраліся разам на маленькай пляцоўцы і ішлі, гамонячы аб усім на свеце. Хто – парамі, а хто – паасобку. Але ніколі не пакідалі адзін аднаго, далёка не разыходзіліся.  Разам – туды, разам – назад. Яна была свая сярод іх.

    Яе цётка працавала прадаўшчыцай і жыла ў хаце, раздзеленай на дзве палавіны. У адной жыла яе сям’я, а другую палову займала сельская крама. Ганна (так звалі нашу гераіню ) вельмі любіла глядзець, як працуе цётка. Кожны дзень прыязджала аўталаўка і прывозіла прадукты, а яшчэ розныя цудоўныя рэчы, якімі цёця Надзя таксама гандлявала. Ганна разам з братамі дапамагала прымаць тавар,  беражна раскладала яго па паліцах.  На гэты час яны з цёткай закрывалі краму. А за дзвярыма чакалі вяскоўцы і гаманілі, гаманілі… Гэта было так весела і непрывычна для яе, гарадской дзяўчынкі! А яшчэ цікавей было, калі цёця прадавала ўвесь гэты асартымет. Нават ёй дазваляла некалькі разоў насыпаць на вагі ў мяшочкі цукерак-гарошку і палічыць здачу.

    Аднойчы раніцай Ганначка, як звычайна, заплятала доўгія цёмна-каштанавыя косы і паглядвала ў вакно. Крама толькі адчынілася і народу было яшчэ нямнога. Дзяўчына адчыніла раму і выглянула  на вуліцу. І раптам аслупянела: побач, усяго ў двух кроках ад яе прайшоў чорнавокі чарнявы ладны хлопец. Чуб заліхвацкі, сам каранасты, невысокі, але вочы… Бяздонныя-бяздонныя, бы тыя вуголлі… Ён пяшчотна ўсміхнуўся і прыветліва кіўнуў, нешта прагаварыў.  Але слоў дзяўчына ўжо не чула: у галаве шумела, сэрца схаланулася і быццам кудысьці пачало правальвацца. Цяжка, немагчыма цяжка было адвесці позірк ад незнаёмага хлопца. На гэта спатрэбіліся астатнія рэшткі сіл. Не хапала паветру, хаця спёкі яшчэ не было. Сэрца, бы зажатае ў ціскі, адбівала шалёны тэмп: тук-тук, тук-тук, тук-тук…

    А хлопец ужо стаяў у чарзе перад крамай і з кімсьці завёў гаворку. А сам усё касіўся і касіўся на Ганну, якая стаяла ні жывая, ні мёртвая. Сіл яе выстачыла толькі зачыніць акенца. Яна згадала пра прычоску і пачала заплятаць свае раскошныя валасы, употайкі кідаючы погляд на незнаёмца. Цяпер дзяўчына нават яго разгледзела. Чорныя штаны, панізу былі клёшам, па апошняй модзе. Белая кашуля расхістана і не зашпілена на верхні гузік – сцільны хлапец! Белы колер так выйгрышна адцяняў яго коратка падстрыжаныя чорныя, як смоль, валасы. Невысокі, але і не нізкі, плячысты, ходзіць у развалачку.

    Дзяўчына сумелася, бо ў гэты самы момант хлапец зірнуў на яе. Яна збянтэжылася, расчырванелася і выйшла ў калідор.  Але на вуліцу выйсці не адважылася. Калі зноў падышла да вакна, хлопца ўжо і след прастыў. Яна нават пашкадавала, што не пайшла ў краму да цёткі. Села, пасядзела, задумаўшыся. Але што тут зробіш! Мусіць, так трэба. Не пашанцавала ёй. Але слёзы ліць не збіралася! Вырашыла выйсці на падвор’е. І з думкай: “З якой жа вёскі будзе гэты хлопец?” – пацягнула за брамку дзвярэй. Але нешта не пускала іх. Ганна пацягнула мацней. “Няўжо зламаліся?” – мільгнула ў думках. І раптам дзверы адчыніліся, і з цёмных сенцаў нехта зрабіў крок да яе. Яны сутыкнуліся ілбамі! Ганна войкнула, падняла вочы і застыла ад нечаканасці: перад ёй стаяў той самы моднік!

    - Дзень добры! – амаль адначасова прагучала ў абодвух.

    - Дзень добры. А дзе Воўка? – усміхнуўся юнак.
            
    -  Спіць, - ледзь чутна прамармытала яна і затрымалася ў дзвярах, мімаволі адзначыўшы, якая прыгожая ў гэтага молайца ўсмешка. Ісці ўжо нікуды не хацелася.
            
    - А Вы куды? Пачакайце, - вымавіў  хлопец. Твар яго так і зззяў.

    - На вуліцу, - апомнілася Ганначка і, як ашпараная, выскачыла ў сенцы, з сенцаў – на падвор’е. І, зрабіўшы некалькі крокаў, нечакана стала, пашкадаваўшы, што здуру выбегла з хаты. Трэба было паразмаўляць  з  ім. Яе, як магнітам, прыцягваў той незнаёмец. Захацелася вярнуцца. Але яна не адважылася. Было чамусьці сорамна. Шчокі так і палалі чырванню. Не, у такім стане вяртацца ў хату яна не магла!  І некалькі хвілін павагаўшыся, дзяўчына выйшла на вуліцу і бясцэльна прайшлася па вёсцы.
А калі вярнулася дадому, хлопца ўжо не было. А Воўка, яе стрыечны брат, на два гады малодшы за яе, сказаў, што вечарам хоча пазнаёміць яе са сваім траюрадным братам Віктарам – тым самым хлопцам, з якім Ганна так нечакана сутыкнулася тварам ў твар. Віктар распытваў у Воўкі пра яе і сам прапанаваў іх пазнаёміць. Так пачалося іх першае каханне…
Нечакана чыясьці рука лягла на плячо Ганны:

    - Ганна, а ты што не выходзіш?  Ужо наш прыпынак!  Прыехалі, -  перад жанчынай стаяла яе цяперашняя суседка Люба.

    - Ой, Божачка! – пляснула далонямі Ганна, -  І сапраўды прыехалі! Выбачай, задумалася нешта.  Дзякуй табе, Любачка!  Ледзь не праехала!

    І абедзве жанчыны выйшлі. Думкі Ганны пацяклі ўжо ў іншым кірунку. Але настрой ў яе быў цудоўны…

                2002 г.


Рецензии