Непатрэбныя рэчы

               
Частка першая

        Па вузкай, амаль заросшай лясной сцяжынцы, спяшаўся немалады чалавек.  Час быў вячэрні, сонца ўжо схавалася за кроны магутных дрэваў. Аднекуль з поўначы наляцеў студзёны вецер, працягнуўшы, цяжкія ад вады, чорныя хмары над самым лесам. Першыя кроплі забразгалі па галінках і кустах, а потым з нябёс на зямлю хлынулі цалюткія рэкі вады і раптам зусім сцямнела. Гучна стрэліла маланка: адна, другая, асвяціўшы ўсё навокал.
        Чалавек заўважыў у гэтым святле нейкую мокрую шэрую пляму сярод хвой і хмызняку. Падбег бліжэй, адчыніў незачыненыя дзверы і ўвайшоў.  Дождж яшчэ мацней загудзеў па даху драўлянай пунькі, зацокаў па лужынах босымі нагамі, але ніхто больш не захацеў з ім гуляць у даганялкі і ён тады пачаў сварыцца, заліваць вадой усё, да чаго дацягваліся яго доўгія рукі.
        Вецер таксама дапамагаў, кідаўся ў дзверы, выў ваўком у дзірках,  палохаючы маладога кажана, які вісеў уніз галавой пад самым дахам.  Незнаёмец аглядзеўся: старая пуня сярод дрымучага хваёвага лесу.  На зямлі, у левым куце, трохі леташняга  сена ляжыць, нейкай дзіўнай капой складзены розныя рэчы сялянскага ўжытку. Худзенькі бок кроснаў, бяззубая барана, пыльны калўрот,  драўляныя начоўкі і медны самавар без краніка, а побач чугунны прас з іржавай накрыўкай.
        Ён прысеў на сена, шлях быў вельмі доўгі, а цяпер вось і дождж не даў да вёскі некалькі вёрстаў дайсці.  Дождж напэўна пачуў думкі чалавека, загаласіў мацней, але пунька хоць і старая, усё ж пабудавана была вельмі добра і ваду праз дах не прапусціла. Чалавек заплюшчыў вочы і задрамаў, а можа і заснуў.  А ў гэтым сне пачуў як заскрыпеў калаўрот, звонка бразнуў прас.  А потым у яго сон прыйшлі галасы са сваімі гісторыямі.

ЧЫГУННЫ  ПРАС
       Памятаю,  нядзелька была вербная,  святочная.  Гаспадар на кірмашы ў Гарадку мяне прыдбаў для сваёй гаспадыні за дзесяць злотых, бо я быў у Вільні змайстраваны. Дахаты прывёз з другімі  падарункамі,  жонка аж абамлела ад шчасця.  Раней яна драўляным пернікам бялізну прасавала,  а цяпер прас новы ў хаце.  Адчыняй крышку,  насыпай вугаль  і прасуй сабе ўсё,  што пажадаеш.  Так і зажылі ў згодзе з гаспадынькай: яна мяне хваліць, а я ёй чым магу дапамагаю.  Колькі гадоў мінула ў  працы сумеснай - не ведаю, а як толькі  святло  прыйшло  ў вёску,  мяне на элетрычны прас змянілі. Трохі яшчэ я дапамагаў то капусту ў бочцы гнуць,  то служыў замест малатка маладому гаспадару.  Але аднойчы неяк закінулі мяне на страху дзеці, доўга я там у пыле ляжаў,  пакуль у лес да пунькі не звезлі. Новы час -  новыя рэчы,  каму патрэбен цяпер чыгунны прас. Такая вось мая гісторыя,  сябры.

 МЕДНЫ САМАВАР
      А я зусім не з гэтага месца,  з Расіі,  з самога горада Тулы.  Там майстры на ўвесь свет знакамітыя самаварамі, зброяй і сваімі тульскімі смачнасцямі. Змайстраваў мяне майстар Іван, нацёр сукном і стаў я, як залаты, бліскаць на сонцы. Потым я ўзнагароду атрымаў на адным вялікім кірмашы ў Лодзі і прымацавалі мне медаль срэбраны на мой пузаты жоўты бок. А калі дахаты ехалі, то забыліся  мяне на адным маленькім вакзале, дзе я трапіў у рукі аднаго селяніна, які на свой хутар прывёз, адразу вады наліў, трэсак назбіраў і чай заварыў.
     З печы дзетвара пазлазіла, яна яшчэ такога дзіва не бачыла, а я на стале  стаю, палаю парай, толькі бакі ад хвалявання медныя блішчаць. Потым гаспадар некуды з сям’ей з’ехаў, мяне ў шынок прадалі.  Ад часу пацямнелі мае бакі,  вада пачала сачыцца праз кранік.  Выкінуў мяне тады шынкар у паветку і забыўся аб маім існаванні  на доўгія, доўгія гады. Прачнуўся я сёння, калі маланка над самым дахам стукнула. Сапраўды, новы час. Каму патрэбны старыя рэчы?  Гэта мая, сябры, жыццёвая гісторыя.

Сяргей Брандт, 09.07.2014


Рецензии