Были у мяне котки

Былі ў мяне коткі
  ***
  Назву я запазычыла ў беларускага пісьменніка Караткевіча В.С.: у яго ёсць апавяданне "Былі ў мяне мядзведзі"
  ***
  На ўроку нямецкай мовы:
  - Ich habe ein Hund… – сказала я няўпэўнена
  - Хіба ў цябе ёсць сабака? – пагардліва спытаў Андрэй Дзілідзёнак, павярнуўшыся ў мой бок.
  - Ich habe eine Katze… - поправілася я и са страхам паглядзела на Андрэя: у мяне не было не толькі коткі, а нават жука ў скрыначцы. Але ён прамаўчаў: яго, напэўна, толькі сабакі цікавілі.
  ***
  …Сашка падабраў у пад'ездзе і прынёс дахаты маленькую котачку, белую, з буйнымі шэрымі плямамі рознага памеру.  Мы назвалі яе Машкай. І Машка хадзіла за мной хвосцікам: варта было мне хоць на хвілінку прысесці, як Машка залазіла да мяне на калені і згортвалася утульненькім клубочкам…
  …Прайшоў год. Сашка падабраў на вуліцы вялікага прыгожага ката, з ярка-зялёнымі вачамі і шырокімі чорнымі палосамі па жоўта-ржавым фоне. Сапраўдны тыгр. Назвалі мы яго Васькам. І зараз за мной хвосцікам бегалі ўжо двое…
  …Прайшло яшчэ час… Неяк уначы я прачынаюся ад дзіўнага незразумелага піску ў мяне ў нагах. Устаю, уключаю святло і бачу: Машка ўжо нарадзіла аднаго кацяня прама ў мяне у ложку. Тады я хутка перанесла яе з кацянём на кухню, зачыніла дзверы, каб Васька не зайшоў: ад бабулі я чула, што каты забіваюць маленькіх кацянят; і стала рыхтаваць для Машки гняздзечка ў скрыні. А Васька тым часам, стоячы на задніх лапах, глядзеў скрозь дзвярное шкло, і вочы яго ў цемры свяціліся яркімі фарамі. Тады я падумала: няўжо такі добры кот Васька пакрыўдзіць малянят, і ўпусціла ката на кухню. Васька падышоў да кацянят, панюхаў бліжэйшага кацяня і стаў яго асцярожна аблізваць. На рэдкасць клапатлівы татка атрымаўся.
  Праз некалькі дзён пасля нараджэння кацянят у мяне пачаўся адпачынак, і я з'ехала з Сашкам на два тыдні ў Наваполацк, пакінуўшы катоў на суседку. Пра кацянят я ёй нічога не казала, не жадала, каб яна іх чапала. Скрыня была схавана пад сталом, і хто не ведаў, той і не здагадваўся, што там кацяняты. Суседка карміла толькі вялікіх катоў.
  Вяртаючыся з Наваполацка, я хвалявалася, а як там мае кацяняты?  Як толькі ўвайшла ў кватэру, адразу пайшла на кухню глядзець, як там справы. Машка з Васькам ляжалі ў скрыні, утварыўшы са сваіх целаў колца, а ў цэнтры гэтага колца спалі жывыя і здаровыя, крыху падросшыя за гэтыя два тыдні чатыры кацяняці.    
  Кацяняты падраслі, і мая світа павялічылася. Куды б я ні пайшла, яны натоўпам мяне суправаджалі. Каштавала мне прысесці на хвілінку, як Машка залазіла да мяне на калені разам з кацянятамі, уладкоўвалася ямчэй, і пачынала іх карміць. Калі мяне дома не было, усё кацінае сямейства ўладкоўвалася на маім рукадзеллі: я вязала тады тоўсты ваўняны швэдар.  А ўначы я сябе адчувала батонам з разынкамі, дзе разынкамі былі кацяняты.
  Неяк вяртаючыся з працы, я ўбачыла ў пад'ездзе кацяняці-сірату. Падумала, дзе шэсць катоў, сёмы лішнім не будзе. Узяла гэтага кацяня і прынесла ў кватэру. Машка з Васькам прынялі кацяня звычайна, гэта значыць спакойна. Маленькія каткі таксама ніяк на яго асабліва не адрэагавалі. А вось адна котачка… Яна раптам як быццам вырасла ў два разы, выгнула спіну дугой, поўсць на ёй уздыбілася, і яна так загарлапаніла-завыла, як быццам сірэну з узмацняльнікам уключылі. Прыйшлося гэтага чужынца хутка выносіць з кватэры. Кацяня гэты быў вельмі прыгожы і пухнаты, і яго ўзяла да сябе суседка.


Рецензии