Нашэсце гменау

НАШЭСЦЕ ГМЕНАЎ
  Нечакана узніклы гук, недарэчны і незразумелы, нічога не выклікаў, акрамя здзіўлення, і жадання, каб ён хутчэй сціхнуў. Але ён не сціхаў, руйнуючы існую гармонію, трывожыў, раздражняў, пакуль не матэрыялізаваўся ў знаёмае слова - будзільнік. Затым з нябыту сфармавалася ўласнае я. Вызначылася месца і час. І стала ясна, што пара ўставаць і збірацца на працу.
  Сцяпан Патлажэла расплюшчыў вочы. Усё вярнулася на свае месцы. Столь, са знаёмымі рагамі і трэшчынамі, стол, за ім у куце трэльяж. Далей... А гэта што такое! З-за трэльяжа выглядаў круглы цікаўны тварык нейкай маленькай істоты. Зялёныя бліскучыя вочкі, руды чубок і шэры, як павуцінне, востраканцовы капялюш з апушчанымі палямі.
  Сцёпка працёр вочы. Але істота не знікла. Больш таго, з-за яе выглянулі яшчэ дзве, падобныя на першую, як кітайцы паміж сабой: адразу не адрозніш.
  - Хто вы? – Сцяпан сеў.
  - Гмены мы. – Адказала першая. Істоты выбраліся з-за трэльяжа і падышлі да канапы. Па меры іх руху шэры колер іх капялюшоў і плашчоў памяняўся на карычневы з узорамі. - Ты прабач, што мы скарысталіся тваім шляхам.
  - Нічога не разумею...
  - Як толькі мы цябе ўбачылі, - насмеліўся сказаць самы маленькі з гменаў, хітра прыжмурыўшы вочкі. – нам раптам захацелася скарыстацца шанцам. Такое не часта выпадае. 
  Сцяпан выпадкова глянуў на гадзінік – да пачатку працоўнага дня засталося ўсяго пятнаццаць хвілін.
  - Ой, прабачце, спазняюся на працу, - сказаў ён. – Ён хуценька справадзіў нечаканых гасцей і сам выскачыў з кватэры.
  Да сэрвіснага цэнта тэлекама, дзе Сцяпан працаваў аператарам, было пяць хвілін хадзьбы. Каштанавая вуліца, па якой яму трэба было ісці, цалкам адпавядала сваёй назве. Купчастыя каштаны засланялі сабой усё неба не толькі над ходнікам. Галіны дрэў выцягнуліся праз праезную частку і перапляліся ў суцэльны зялёны шацёр. Тут панавалі прыцемак і цішыня, якая зрэдку парушался шумам машынных матораў. І паўсюль былі гмены. У такой колькасці, што пералічваць іх было поўнай бяссэнсіцай. Дзякуючы мімікравальнаму адзенню, яны амаль зліваліся з асяроддзем. Дзе яны толькі не былі: на дрэвах яны нібы вавёркі скакалі з галіны на галіну, хаваліся ў траве, зрэдку выскоквалі на ходнік, але хутка зноў хаваліся. І паўсюль быў чутны ціхі шэпт і смех. 
  Усёткі Сцяпан спазніўся на працу. Атрымаўшы ад начальніка дзяжурную вымову, небарака заняўся звыклай справай, а менавіта, бясконцым раскладваннем пас'янса. Галоўным абавязкам Сцяпана было абслугоўванне кліентаў, безуважлівых ці злосных неплацельшчыкаў. Таму раз у месяц ён полуаўтаматычна каго адключаў, а каго зноў падключаў.  Увесь астатні час ён займаўся тым, што проста забіваў яго, гэта значыць, час.
  Так і зараз. Зручна уладкаваўшыся ў фатэлі, ён загрузіў на кампутары звыклы зялёны стол і паглыбіўся ў творчы працэс перакладання карт.
  - Чаму вы такія розныя? – Пучуўшы гэта, Сцяпан здрыгануўся. – З-пад стала на яго глядзеў гмен. Хлопец мімаволі паглядзеў на свайго начальніка, які паглыбіўся ў планы і справаздачы: сапраўдны супермэн, прыгожы і падцягнуты, з густой кучаравай шавялюрай, у гарнітуры, не горш, чым у дыпламата. Потым паглядзеў у люстэрка, якое вісела на сцяне насупраць. Адтуль на яго глянуў нейкі суб’ект, з урослай у вузкія плечы галавой, у швэдры і патрапаных джынсах. Вузкі твар і непрыгожа скошаны лысеючы лоб вызваў у яго агіду. Адзінае, што было прывабным на гэтым твары, гэта вочы - вялікія, цёмна-сінія, з доўгімі густымі вейкамі. Але Сцяпан гэтага не заўважаў.
   “Але, розныя, і не на маю карысць” – мільганула ў думках.
  - Адкуль вас гэтулькі насыпалася на маю галаву? – падумаў ён услых. 
  - Калі у нас з’яўляецца чужынец, мы можам па яго зваротным шляху патрапіць на яго радзіму. А гэта здараецца не так ужо і часта. І калі ты з’явіўся... Мы, гмены, лічымся не ў меру цікаўнымі, і вялікімі непаседамі. Таму мы і тут. Каб вярнуцца дахаты, нам, ізноў жа патрабуецца выпадак: калі чужынец ізноў памкнецца да нас.
  - Але я нідзе не быў і нікуды не імкнуўся. І наогул, я страшэнны дамасед - здзівіўся Сцяпан.
  - Па праўдзе, я не магу адказаць на твае пытанні. Калі табе пашанцуе сустрэцца з Садоўнікам, ён табе ўсё растлумачыць. Ці амаль ўсе. Часам ён не жадае нічога казаць. А цяпер бывай. Я стаміўся седзячы на адным месцы. Тут гэтулькі цікавага. Трэба ўсё паглядзець. – І гмен знік, хутка і нечакана, як і з’явіўся, няведама куды.
  Больш нічога цікавага ў гэты дзень не здарылася, акрамя адключэння трох абанентаў і адной скаргі на дрэнную сувязь.


Рецензии