Запрацавауся

Запрацаваўся

 Стыў Фоксын адкінуўся ў фатэлі і адсунуўся ад кампутара. Усё. Праца скончана. Раман, якім ён быў заняты апошнія паўгода, нарэшце напісаны. Рэдактару можна патэлефанаваць і заўтра. Патрывае трохі. І так дастаў са сваімі званкамі: калі, маўляў, нарэшце. Чытачы зачакаліся. Нічога, пачакаюць. А цяпер трэба адключыцца. І ніякіх будзільнікаў і хваляванняў. Пацягнуўшыся, і працёршы стомленыя вочы, Стыў перамясціўся на канапу. Зручна ўладкаваўшыся і заплюшчыўшы вочы, ён ужо аддаўся чароўнаму струменю, які панёс яго ў краіну мрой, як раптам раздаўся нахабны званок у дзверы. На парозе стаяў яго непасрэдны начальнік.
 - Што, кніжачкі папапісваем? Ну-ну, - шэф узважыў рукапіс на далоні. - Люстраныя монстры, значыць. А мяне тут звычайныя монстры дасталі. Ты, напрыклад. Са сваёй асноўнай працай не спраўляешся. План гарыць. Узгадай, калі ты павінен здаць падрабязную мапу Цярэшкінскага раёна? Забыўся? Эх, Васіль, Васіль. Хаця прабач, ты ж у нас зараз Стыў. Але гэта справы не мяняе. Так што няма чаго вылежвацца. Праз тры дні трэба катлаваны капаць, а мапа яшчэ не гатовая. Так што паднімайся. 
 Васіль Памідораў (вядомы ў літаратурных кругах як Стыў Фоксын) з неахвотай памкнуўся і выйшаў у ёдкую волкасць роднага горада. Было яшчэ цёмна. Усё ахутвала жоўтая смуга, зблізку празрыстая, яна паступова згушчалася, і верхнія паверхі дамоў губляліся ў ёй як у воблаку. Азораны раптам новай ідэяй, Стыў дастаў нататнік і стаў хутка запісваць, пакуль памятае. Захапіўшыся, ён забыўся, навошта тут, і куды ідзе. Ад такога цікавага занятку яго раптам адцягнулі нечыя крыкі:
 - Гэй, ты прыдурак! Ты што, заснуў? Ды азірніся ж нарэшце!
 Васіль азірнуўся. Высока, над схаванымі ў смузе, дахамі, гарэлі ў небе двое велізарных жоўтых каціных вачэй. А можа і не каціных. Гэтыя вочы належалі нейкай агромністай ледзь бачнай праз смугу, галаве, на доўгай шыі. І гэтыя вочы глядзелі ва ўпор на яго, на Васіля, і паволі набліжаліся.
 - І чаго гэта ён на мяне ўтаропіўся? - са здзіўленнем падумаў Стыў, адчуўшы смутную трывогу і стаў ціха падавацца назад, пакуль не ўпёрся спіной у халодную сцяну дома. Вочы набліжаліся. Прасоўваючыся ўздоўж сцяны, і хапаючыся за яе рукамі, Васіль не мог адарваць зачараванага погляду ад гэтых вачэй, якія прыцягвалі, і набліжаліся да яго. Нечакана адчуўшы пад рукамі пустэчу, хлопец здрыгануўся, і нібы апамятаўся. Хутка павярнуўшы за кут, ён кінуўся, як заяц, бегчы і віхляць. Але было ўжо позна. Галава была зусім блізка. Яна не спяшалася, пэўна ведала, што ахвяра нікуды не дзенецца. Васіль шмыгнуў у нейкую шчыліну, ці дзіўную пячору з нізкім і шырокім скляпеннем. Тут сілы яго пакінулі. Ледзь давалокшыся да процілеглай сцяны гэтай пячоры, Васіль прыхінуўся да яе спіной. Бегчы больш не было сіл. Ён скамянеў. Галава наблізілася да ўваходу ў пячору - але не пралезла: шчыліна завузкая. Тады моцна адкінуўшыся назад, і трохі спляскаўшыся, галава вырашыла пратараніць уваход. Васіль глядзеў, не ў стане нават паварушыцца. Раптам шчыліна стала хутка-хутка памяншацца і знікла. І адразу раздаўся голас, велічна спакойны:
 - Пакінь у супакоі маленькага чалавечка!
 Агледзеўшыся, Васіль убачыў, што ён знаходзіцца пад ступнёй маманта. І мамант асцярожна стаіць, выгнуўшы ступню, каб не раздушыць яго. Знадворку некаторы час раздаваўся шум барацьбы, потым стала ціха: ворага прагналі.
 Васіль не памятае, як ён апынуўся на спіне свайго збавіцеля, якраз ля самага вуха. Маленькі, як блыха, ён учапіўся ў поўсць. Млявасць і пакой паступова агарнулі яго, вочы пачалі заплюшчвацца. Аднекуль загучала ўрачыстая музыка, Спачатку гучна, а потым усё цішэй і цішэй. І ўсё разышлося з надыходам раніцы і абуджэннем.


Рецензии