Бутэрброд для бамжа
…Даядаючы свой дзяжурны бутэрброд Рэвалюцыянер падышоў да акна і вызірнуў у двор.
А там, унізе на зямлі, ляжаў Бомж, паклаўшы сабе пад галаву пластыкавы пакет з пустымі бутэлькамі, і паміраў ад голаду.
- Там, унізе Бомж памірае ад голаду, - пражаваўшы і праглынуўшы апошні кавалак, сказаў Рэвалюцыянер, - трэба каб хто-небудзь аддаў яму свой бутэрброд. Я б свой аддаў, але ў мяне больш няма яго, я яго ўжо з'еў.
- Мы пра гэта пазней пагаворым, - сказаў Гарык, паспешна засоўваючы пакет з бутэрбродамі ў кішэнь, - а пакуль я збягаю, перакуру. - І Гарык, выслізнуўшы з пакоя, паскакаў у бок курыльні.
- Працаваць трэба, а не паміраць пад вокнамі, - важна сказаў Лаўрын Палыч. Усеўшыся на падваконнік і паглядаючы ўніз на паміраючага Бамжа, ён пачаў есці свае бутэрброды, шырока адкрываючы пашчу, адкусваючы вялікія кавалкі і павольна і важна, вельмі добрасумленна, перажоўваючы. А як жа ж, бутэрброды ў яго заслужаныя шматгадовай зацятай працай.
…Двума паверхамі ніжэй, куды пабег Рэвалюцыянер са сваёй весткай пра Бамжа, сядзелі Мысляр і Дубалом. Мысляр сядзеў за сталом, сашчапіўшы пальцы рук на патыліцы і гледзячы ў столь, думаў. Дубалом утаропіўся ў манітор і засяроджана падарожнічаў у Космасе. Правай рукой ён падарожнічаў, а ў левай руцэ ў яго быў бутэрброд.
- Там Бомж памірае ад голаду, - закрычаў Рэвалюцыянер.
- Чаво? - спытаў Дубалом, - не замінай, у мяне цяпер абед. Потым пагаворым.
Мысляр ачуўся ад сваёй глыбокай задуменнасці і адправіў разам з Рэвалюцыянерам свой бутэрброд для Бамжа. А таксама венік і граблі, і заданне падмесці дарожку "ад плота і да абеду". А калі падмяце, хай прыходзіць за другім бутэрбродам, але не раней.
…А як жа я? Аддала б я свой бутэрброд Бамжу ці не? Ня ведаю нават. Паколькі бутэрбродаў у мяне наогул няма. Ёсць толькі тры карамелькі "Фа-соль", "Нотка соль" і "Улетная". Ах, так, вось яшчэ "Шалёная пчолка" ў шчылінку правалілася. І больш нічога няма…
Свидетельство о публикации №214072201411
Владимир Короткевич 28.12.2014 22:09 Заявить о нарушении