Непатрэбныя рэчы

Частка трэцяя
   КАЛАЎРОТ
Цяпер амаль усе забыліся для чаго я ў гаспадарцы патрэбны. Малыя, калі бачаць мяне, смяюцца: “Вунь, якое кола цікавае!” Можа яно ад драўлянай нейкай машыны.  А мой музычны спеў быў чутны ў кожнай хаце, асабліва  доўгімі цёмнымі вечарамі. Прадзе бабка кудзельку і я побач гуду, спяваю.  Дзеці малыя на печцы ляжаць, казкі розныя слухаюць. Гарыць смаляная  лучына, агеньчык роўны, бо таксама ўважліва слухае. Нават я пачынаю гудзець цішэй,  а за вокнамі вецер шалёны лятае. Надвор’е кепскае, дождж, як з вядра л’е, а ў хаце ўтульна і цёпла.  Новы вечар -  новае апавяданне бабка
апавядае, калаўрот сваё кола круціць і пяе, пяе сваю бясконцую песенку.  Потым зробяць з шэрых нітак шарсцяных малым шкарпэткі або цёплыя камізэлькі на зіму і ў кожнай рэчы застанецца цікавая казка.  Ці не цуд гэта? Колькі ж гадкоў я сваім гаспадарам праўдай і верай служыла, колькі кудзелі ў добрыя рэчы ператварыла. Ды час прамінуў і кінулі мяне, як смецце непатрэбнае ў паветку. Каб не маленькі хлопчык, напэўна ён нейкі асаблівы хлопчык, схаваў мяне ў пуньцы, акуратна  накрыўшы старой саломай. Вось цяпер ляжу з усімі разам, але толькі сёння расказаў пра свае жыццё-быццё, якое  нічым адметным не адрозніваецца.  Старыя рэчы ў гаспадарцы - непатрэбныя рэчы.


ДРАЎЛЯНЫЯ НАЧОЎКІ
Вось гэта  апавяданне будзе апошнім. На кірмашы гаспадар аднаго зусім
маленькага хутарка прыдбаў начоўкі з ліпы ў мясцовага майстра, але калі разлік пачалі праводзіць - трохі грошай не хапіла і ён даплаціў за нас вядро груш дзічак. Так нас потым і назвалі “дзікаватыя”, не  ў тым сэнсе, што дзікія, а ў тым, што за дзічкі купленыя. І пайшлі гады, як блізняты ў няспыннай працы: дзетак малых у нас купалі, бялізну мылі, і, нават збожжа захоўвалі. Аднойчы ўзімку малыя дзеці пакуль бацькоў не было, пачалі з горкі ўніз спускацца. Не ўсім прантоў і санак хапіла. Самы малы нас і прыспасобіў для сваёй гульні.  Раз скаціўся, другі, а потым на трухлявы камель наляцеў і трэснуў наш бок ад болю.
 Вечарам бацькі дахаты вярнуліся і праз слёзы з рэвам выкінулі нас з хаты на прамерзлую дрывотню. Добра, што дзеці потым у сене перахавалі, а праз некалькі месяцаў і самі сваю схованку згубілі. Усё як ва ўсіх, нічога новага. Пакуль працуеш -  патрэбны, але калі сапсуюць цябе - адзін ёсць выхад, у печ ці на смецце. А як хочацца ў голас пра сябе
расказаць. Ды толька гэта ёсць марная надзея...

Дарагія чытачы,  усе непатрэбныя рэчы зараз чакаюць Вас у школьным краязнаўчым музеі і з’яўляюцца самымі каштоўнымі экспанатамі.  Яны распавядаюць наведвальнікам свае цікавыя гісторыі, вучаць нашчадкаў шанаваць і захоўваць  спадчыну.

Сяргей Брандт, 21.07.2014


Рецензии