Асабливая настойка

Асаблівая настойка

 Распавяла Вольга Міхайлаўна

 …- Давай, Міхайлаўна, абдурым маво эгаіста, - казала Нічыпараўна, накрываючы на стол. – сам, вось, ён выжлукціў усю бутэльку чарніла, што ты прывезла, ні з кім не падзяліўся. Памятаеш, як мы Зэка надурылі, ну, Сцяпаныча, якога пасадзілі, за тое, што прадаў цыганам конскую збрую, з мясцовага музея выкрадзеную… Сядзеў ён тры гады. А вярнуўся - бандыт-бандытам…
 ***
 Яны тады сабралі на стол у садзе, бліжэй да вуліцы, каб Сцяпанычу было відаць, чым яны займаюцца. Паставілі на стол бутэльку з-пад гарэлкі, настаянай на бярозавых пупышках, у якую налілі "Баржомі". Парэзалі тоненькімі лустачкамі каўбасу халоднага вэнджання. Паставілі талеркі з хатнімі памідорамі і агуркамі. І ўселіся.
 - Ну, давай, Міхайлаўна, вып'ем за сустрэчу, - гучна сказала Нічыпараўна, разліваючы "Баржомі" ў высокія танкасценныя шклянкі, і косячыся на вароты, у якіх з'явіўся цікаўны нос Сцяпаныча.
 І абедзве жанчыны адным глытком, як і трэба піць гарэлку, перакулілі ў сябе па шклянцы мінералкі.
 - Ну, што, Міхайлаўна, пасля першай не закусваем? - спытала Нічыпараўна.
 - Я так не магу, - запратэставала Міхайлаўна, - мы ж так вельмі хутка ап'янеем.
 І прыяцелькі сталі энергічна закусваць мінералку каўбасой з памідорамі.
 - Ну, давай, па другой, - і Нічыпараўна зноў напоўніла да краёў шклянкі.
 ***
 - Ах, вы глушманкі мачуліцкія!.. -раздалося з-за плота, - дык, я вас усіх пазабіваю, калі вы мне не нальяце!..
 - Чаго шалееш, Сцяпаныч, - мірна сказала Нічыпараўна, - заходзь, нальем, і табе хопіць…
 "Што бабы ў гарэлцы разумеюць? - думаў Сцяпаныч, - Нічога не разумеюць. П'юць, як ваду. А гарэлка - гэта ж… Гарэлка гэта ўсёткі, а не вада… І піць яе трэба адпаведна, паважліва…"
 І Сцяпаныч "паважліва" ўзяў у рукі прапанаваную шклянку, і не дыхаючы заліў яе сабе ў глотку.
 Потым вытарашчыў вочы, ды як загарлапаніць:
 - Дык, гэта ж вада!... Чаму?... Што вы п'яце?
 - "Баржомі",- кажа Нічыпараўна.
 - А чаму на бутэльцы пупышкі намаляваны бярозавыя? І сорак градусаў напісана?
 - Гэта зараз такі адмысловы разліў, для алкаголікаў, - тлумачыць Нічыпараўна. - Калі ты цвярозы, табе выдаюць звычайную гарэлку. А калі п'яны - вось такую, адмысловую, з "Баржомі". Бо п'яны не разбірае, што ў сваю глотку залівае…
 -Ну, гэтыя крамнікі, трэнь-брэнь-тарарэнь, - вылаяўся Сцяпаныч…
 ***
 І цяпер Нічыпараўна спрытна расклала на талеркі ўсё тую ж каўбасу з памідорамі і агуркамі. Потым размяшала ў рондальчыку журавінавае варэнне з вадой і наліла гэта ў бутэльку з-пад "Бульбаша", на якой было напісана, што гэта журавінавая настойка.
 Уселіся яны ўдвох за стол і налілі сабе па вялікай Малінкоўскай шклянцы "журавінавай настойкі". І сталі чакаць гаспадара, Васіліча, мужа Нічыпараўны.
 А, Нічыпараўна, чакаючы, трымала ў руках шклянку і гаварыла:
 - Вып'ем за сустрэчу, Міхайлаўна. Вып'ем, як след. Колькі таго жыцця…
 Тут заходзіць Васіліч. Абвёў ён поглядам банкетны стол, а потым утаропіўся на бутэльку і кажа:
 - Адны п'яце? А мне?
 - Ты ўжо сваё выпіў. З намі не падзяліўся, - адрэзала Нічыпараўна.
 - Што вы параўноўваеце? - абурыўся Васіліч, - То - глупства. А гэта ж - сорак градусаў!...
 А бабы на вачах мужыка, знемагаючага ад смагі, залпам асушылі велічэзныя шклянкі.
 А потым Нічыпараўна зноўку напоўніла іх да краёў…
 А Васіліч енчыў і хістаўся, гледзячы, як бабы дарма марнуюць такі каштоўны саракаградусны напой, зусім не бабскі.
 - Можа, і яму нальём? - злітавалася Міхайлаўна.
 - Ды што там засталося? - забожкаў Васіліч, - вы ж амаль усё выжлукцілі…
 - Табе хопіць, - сказала Нічыпараўна, і выліла рэшткі ў трэцюю малінкоўскую шклянку. 
 - Дык, гэта ж вада, - абурыўся Васіліч, адпіўшы са шклянкі.
 - Ніякая гэта не вада, - сказала Нічыпараўна, - ты што, не бачыш, што тут напісана?
 - А чаму на смак вада?
 - Ну, мы з табой і няўклюды, Нічыпараўна, - сказала Міхайлаўна. - Забыліся ўзбоўтаць… Хоць, перад ужываннем заўсёды трэба ўзбоўтваць. Вось увесь этылавы спірт і ўсплыў наверх… А на дне засталася адна вада… Гэта такая адмысловая настойка, - звярнулася яна да Васіліча, - калі доўга стаіць, усе градусы ўсплываюць. А на дне застаецца адна вада. Так што, перад ужываннем заўсёды трэба ўзбоўтваць, а мы забыліся…
 ***
 На наступны дзень пайшоў Васіліч на кансультацыю да магазіншчыцы з гэтым пытаннем…
 Выслухаўшы ўважліва яго аповяд, магазіншчыца задумалася на хвілінку, а потым вельмі сур'ёзна сказала:
 -Так, Васіліч, ёсць такая, найновая адмысловая настойка, калі яе не ўзбоўтаеш перад ужываннем, то ўсё градусы наверх усплывуць…


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.