Арыгинальная мадэль

Арыгінальная мадэль

 Распавяла Вольга Міхайлаўна

 …Цік-так, цік-так, цік-так,… - мерна адбіваў такт часу маятнік ходзікаў. І павольна рухаліся па крузе ўзорыстыя стрэлкі. Сінхронна ім рухалася касая калона сонечнага святла з маленькага акенца, адбіваючы свой след у выглядзе залатых, няправільнай формы ромбаў на драўлянай падлозе з шырокіх хваёвых дошак. 
 Надзея Андрэеўна сядзела за швейнай машынкай і кроіла са сваёй любімай сукенкі, з папліну, сукеначку для Волькі. Сукенка гэта Надзеі Андрэеўне стала зацеснай, да таго ж на швах пацерлася і расцягнулася. А дзіцячая сукеначка абяцала атрымацца прыбранай і прыгожай. 
 Волька сядзела за сталом, абклаўшыся падручнікамі і сшыткамі. Перад ёй ляжала вялікая агульная фатаграфія іх класа разам з настаўнікамі на навагоднім ранішніку ў вёсцы Васільчыцы. І Волька  старанна малявала настаўніцы біялогіі Аляксандры Фролаўне чорныя акуляры і вялікія вусы. 
 ***
 Тут адчыняюцца дзверы, і заходзіць Аляксандра Фролаўна. Волька ўздрыгвае і хавае фатаграфію пад сшытак па матэматыцы. Але Аляксандра Фролаўна, перавальваючыся як качка з боку на бок, мінула яе, нават не паглядзеўшы на дзяўчынку, прайшла адразу да Надзеі Андрэеўны.
 - Дабрыдзень, суседка. У мяне да цябе просьба. Пашый мне кофтачку. - і дастае з торбы шырачэнныя і велічэзныя жаночыя шаўковыя панталоны светла-блакітнага колеру. - Латку пасярод можна выразаць - гарлавіна атрымаецца. Тут - бачыце - рэглан… Гумку выцягнуць, разрэзаць па баках і ўцягнуць стужачку…
 ***
 На наступны дзень перад заняткамі настаўніцы, тоўпячыся вакол Аляксандры Фролаўны, захапляліся яе арыгінальнай і прыгожай кофтачкай.
 Волька з сяброўкамі, назіраючы з боку, пагардліва пракаментавала:
 - Гэта яна рытузы на галаву нацягнула…
 А хлапчукі, пачуўшы яе словы, радасна закрычалі:
 - Аляксандра Фролаўна, здыміце з галавы рытузы!...
 ***
 Што такое? - захваляваліся настаўнікі. І прыйшлося Аляксандры Фролаўне распавесці гісторыю стварэння арыгінальнай кофтачкі.
 ***
 …На наступны дзень у Капыльскім універмагу жанчыны вельмі хутка, літаральна на працягу гадзіны, расхапалі ўсе шаўковыя панталоны, павыкуплялі ўсе залежы, назапашаныя там за доўгія гады…


Рецензии
Вялiкi дзякуй Вам... перш на перш, за беларускую мову.

Софья Черкасова   29.08.2014 10:34     Заявить о нарушении
И вам, Софья, дзякуй вялики. )))

Ляксандра Зпад Барысава   01.09.2014 09:46   Заявить о нарушении