Агульная маска

Агульная маска

 Атаварыўшыся на Камароўцы, баба Воля вырашыла зэканоміць час і пайшла не як звычайна, на аўтобус, а пайшла ў мятро.

 А ў мятро - народу, што шпротаў у бляшанцы. А побач зусім, ля сценачкі, спартоўка стаіць, высокая, да столі і худая, як жэрдка. Але, прыгажуня, што так, то так. І сумка спартовая праз плячо на доўгім рамяні.
 "Такіх, напэўна, у адмысловых гадавальніках разводзяць. Не можа звычайны чалавек вымахаць такім доўгім", - з павагай гледзячы на спартоўку, думала баба Воля.
 Тут, на наступным прыпынку хтосьці як штурхане бабу  Волю, і ўклінавала яе кудысьці ў бок, міма спартоўкі. А цяжкая торба бабы Волі ўчапілася за спартовую сумку, і павалакліся яны разам за бабай Воляй у шчыліну.
 Зверам паглядзела спартоўка на бабу Волю. Нічога не сказала, толькі пачала сваю сумку люта так са шчыліны выдзіраць. Тузала-тузала, і, урэшце, выдрала і супакоілася.
 А баба Воля паглядзела на сваю торбу пасля гэтай лютай калашмаціны. У яе там зверху дзясятак яйкаў ляжаў у пакеце поліэтыленавым. Але зараз, калі па ім грунтоўна прайшлася спартовая сумка, гэта ўжо быў амлет. Вылівай на патэльню і смаж.

 - Ай-я-яй, - сказала баба Воля, акуратна вымаючы пакуначак з амлетам з торбы. - Раздушыла, а таперыча сама і еж, - звярнулася яна да спартоўкі і, прыпадняўшыся на дыбачках, спрытна выліла гэта на галаву спартоўцы.
 І пацякла жоўтая жыжка па прыгожай прычосцы, па твары…
 - Людзі маскі робяць, для твару і для валасоў, каб блішчалі. Вось і табе агульная маска, а таксама ў наступны раз падумаеш, як трэба сябе паводзіць…
 Спартоўка нічога не казала, толькі вачыма ашаломлена лыпала, а баба Воля на наступнай станцыі выйшла, думаючы:
 "…І чаго гэта мяне панесла ў гэтае чортава мятро. Ехала б лепш, як усе звычайныя людзі на аўтобусе"


Рецензии
Бязлітасна i жорстка! Але смешна.

Ольга Скворцова   07.10.2021 13:21     Заявить о нарушении