Чырвоны адмарозак

Чырвоны адмарозак

 ***
 Панакапалі вакол нашага завадскога корпуса канаў, глыбокіх і страшных. А трубы ўкладваць і закопваць не спяшаюцца. Са стратэгіі: хутчэй зробіш - менш заплацяць. І даводзіцца нам зараз хадзіць на працу кругамі, вакол карпусоў, платоў і канаў.

 …Я, як звычайна, затрымалася на працы на дзве гадзіны. Выходжу з будынка на ўнутраны двор і ўпіраюся ў гэту канаву. Трэба яе абыйсці. А на тым баку канавы стаіць велічэзны чырвоны рэфрыжэратар. Убачыўшы мяне, ён уключыў рухавік, маўляў: не падыходзь, я зараз ехаць буду, пойдзеш - пад колы патрапіш…

 Сапраўды, з аднаго боку гэты чырвоны монстар стаіць амаль ушчыльную да сцяны будынка, з другога боку - зусім побач канава. Я спынілася і чакаю, калі нарэшце, ён паедзе. Абыйсці яго немагчыма: вакол сцены, платы і тупікі, і канава. А ён стаіць, гудзе і не едзе. Здзекуецца.

 Тады я зваротна нырнула ў завадскі будынак, у яго доўгія звілістыя калідоры, каб выйсці ў абыход, з іншага боку. Пакуль я абыходзіла ўсе калідоры і ўсе ўнутраныя скверыкі, гэты чырвоны монстар, вантробна бурчачы, прапоўз свой кароткі шлях, павярнуў у мяне пад носам, і паехаў побач, не абганяючы і не адстаючы. Я іду па ходніку, а ён - па дарожцы.
 Я іду і закіпаю ад шаленства.
 А наперадзе ходнік канчаецца: кветнік усё месца заняў.
 Я спынілася, чакаючы, пакуль монстар праедзе. А ён таксама спыніўся: прапускае, джэнтльмен, гнюс.
 Тады я падняла галаву і паглядзела на кіроўцу.
 Твар шэры, бясколерны, вачэй няма, вузкія гарызантальныя шчылінкі замест вачэй.

 Калі б можна было спальваць поглядам, ад гэтай машыны засталася б купка попелу.

 І я пайшла наперад, думаючы, а раптам у яго благую галаву прыйдзе - паехаць на мяне?
 Не, не прыйшло.
 Я шчасна дайшла да прахадной, без здарэнняў.


Рецензии