Чужыя сусветы

Чужыя сусветы

 …Як я іх ненавідзела, оптам і ў розніцу. Хоць, гэта была не нянавісць. Нянавісць занадта моцнае пачуццё. А тут была абыякавасць. Я проста стала лічыць, што яны ўсе - на прыступку ніжэй па сваім развіцці. Самаўпэўненыя і самаўлюбёныя эгаісты, якім на ўсё напляваць, акрамя сябе. Хоць, хто ведае, можа, я была і не далёка ад праўды. Бо, калі б было не так, то хіба давялі б яны нашу планету да таго жудаснага стану, у якім яна цяпер знаходзіцца?
 …- Прыходжу дадому, - паведамляе неяк Зянон, - гляджу - пліта не вымыта. Цэлы дзень дома сядзіць - і пліту не вымыла…
 - А ты б узяў - і вымыў, - з глухой нянавісцю сказала я, - яна дома з двума маленькімі дзецьмі, а гэта вельмі цяжка. А ты тут прахалоджваешся… Кнопачкі націскаеш, працаўнік…

 …І ўспомнілася…
 … -  Мужчына жэніцца для таго, каб атачыць сябе камфортам, - сказаў Ён.
 А што я магла на гэта адказаць? Я ж не мужчына, каб тлумачыць, навошта мужчына жэніцца…
 І перанёс ён крэсла-ложак на кухню, каб мы не заміналі яму спаць уначы.
 А я хадзіла і хадзіла па пакоі, з кута ў кут, з сынам на руках. Строга па графіку, з паўночы да трох гадзін. Стоіла мне спыніцца, як маляня пачынала плакаць. У тры гадзіны ён засынаў і спаў да шасці. А з шасці да паўночы - чарговы, распланаваны цвёрдым графікам, дзень. І нельга было з гэтага графіка збіцца… І круцілася я як цвёрда замацаваная шрубка ў вялікім аўтамаце…
 А побач бестурботна жыла, ні пра што не клапоцячыся, нейкая істота… І пакрылася душа мая цвёрдай скарынкай адчужанасці і непрыязнасці да ўсіх іх, разам узятых, эгаістаў …

 …Было свята. Дзень Абаронца Айчыны. Мы сядзелі за доўгім святочным сталом. Я нядаўна працавала ў гэтым калектыве, і ўсе твары для мяне былі малазнаёмыя ці зусім незнаёмыя. Чужыя і абыякавыя твары. І вырашыла я трошкі паздзеквацца. І пачала распавядаць Верш Вялікага Паэта пра Каханне і Адданасць, пра Дапамогу ў Цяжкую Хвіліну. А ўсярэдзіне мяне ў гэты ж час крыўляўся, высалопліваў язык і звінеў званочкамі дурань маляваны. І забаўлялася я такім кантрастам.
 І раптам заўважыла, як усе ўзрушаны Вершам. Усе сядзелі ціха, апусціўшы галовы.  І ў шматлікіх на вачах былі слёзы.
 …І растала скарынка адчужанасці і непрыязнасці…
 ...І падумала я: а яны, здаецца, таксама людзі, ані горш за нас...


Рецензии