Са Слуцку

Са Слуцку

 Віталь - малады і прыгожы, разумны, універсітэт з чырвоным дыпломам скончыў. Спортам займаецца. У войску адслужыў. Яркі, як зорка. Дзе такіх выгадоўваюць? У якім гадавальніку?

 І я спытала яго:
 - Віталь, вы адкуль?
 - Са Слуцку, - адказаў Віталь…

 …Не была я ў Слуцку ні разу. Толькі праездам. І засталася ў памяці шэрая, выродлівая каробка аўтавакзала. Безаблічная, як мноства падобных каробак, наладжаных у розных мястэчках. Як, на такім несамавітым аўтавакзале - і раптам такі яркі Віталь! Не ўпісваецца.

 - Са Слуцку? - перапытала я са здзіўленнем…
 - Так, са Слуцку! - з выклікам адказаў Віталь.

 …І мне стала сорамна. У маім пытанні акрамя здзіўлення прагучала яшчэ  грэблівая фанабэрыстасць да выродлівай каробкі аўтавакзала, якую можна было няправільна растлумачыць.
 Я ўспомніла Слуцкае паўстанне і Слуцкіх ткачых, і што Слуцак - старажытны горад, гістарычнае месца…
 І сказала, як прабачэння папрасіла:
 - Добрае мястэчка - Слуцак…


Рецензии