Калi шчасце iдзе за табой услед

На адным лясным хутары жыла сям’я панскага лясніка: бацька, маці і тры сыны. Старэйшы меў ужо амаль дваццаць гадкоў, сярэдні толькі сямнаццатае лета сустрэў і  малодшы -  зусім маленькі дзесяцігадовы хлопчык Цімошка. Розныя былі браты па сваіх поглядах на жыццё і па адносінах да простага беднага люда.  Адзін грошы, заробленыя ў скарбонку хаваў, ніводнага грошыка на пазыку ці на добрую справу нікому не даў.  Другі - толькі па дзеўках ды па святах хадзіў, танчыць любіў, спяваў добра ён і шукаў сабе жонку-прыгажуню і, каб яна прыгажэй за паненку тварам сваім была. А малодшы Цімошка заўсёды хворым птушкам, звярам дапамагаў, бабульцы вады прынесці ці дроў да печы, вось ён побач. Жыла сям’я небагата, але гаспадарка дагледжанная і спраўная была, бо працавалі браты супольна з раніцы да вечара.
Аднойчы па лясной сцяжынцы ў суседнюю вёску шчасце людское бегла. Песні вясёлыя спявала гарэзліва скакала на ножках, як маленькае казляня. Скакала і не заўважыла паляўнічую яму, зробленную на дзікіх свінней. Звалілася ўніз, а вылезці наверх не можа, вельмі глыбока.  Пачало крычаць і прасіцца:
 - Людцы дарагія, ратуйце!  Выцягніце мяне з ямы, любое жаданне выканаю.
 Побач у лесе старэйшы сын лясніка грыбы на поліўку збіраў, лямант пачуў і  першы да пасткі падбег, а там нешта жоўтае і жвавае сядзіць. Пытаецца хлопец:
-  А што ты за звер мне невядомы?
 А тое жоўтае і адказвае яму:
 -  Шчасце я, чалавек! Чаго ты хочаш атрымаць ад мяне?
 Пачухаў патыліцу старэйшы сын і кажа:
 -  Мех грошай срэбраных хачу.
 -  Хочаш, дык трымай. А цяпер мяне выцягні, але таго ўжо і след з грашыма прастыў. Сядзіць шчасце далей, сляза па шчацэ коціцца і раптам:
 - Прывітанне, -  стаіць сярэдні сын на краі пасткі і пытае:
 - Ты што за стварэнне такое? -  яму брат калі на хутар мех з грашыма  прынёс -  усе і расказаў. Стварэнне слёзы выцерла і кажа:
 -  Шчасце я,  чалавек!  Што табе ад мяне патрэбна?
 -  Ну, дык жонку хачу, прыгажуню такую, што свет не бачыў, тварам, каб прыгажэй за паненку была.
 Толькі сказаў, бачыць побач прыгажуня стаіць і такая, што нават сонейка пачырванела ад яе прыгажосці.
 - А цяпер мне дапамажы! -  просіць шчасце.
 Але няма нікога побач, ціха ў лесе Амаль да самых поцемкаў шчасце ў яме сядзела. Потым чуе, ідзе нехта, а гэта Цімошка малы з вёскі бег на хутар. Там ён дапамагаў адной бабульцы сена ў копы складваць. Глядзіць малы, а ў яме нейкі смешны зверык сядзіць, плача.  І пытаецца:
 - Як ты, малое, сюды трапіла?  Напэўна за птушкамі ганялася і пастку не заўважыла? Ты хто такі? На бабраня зусім не падобны. Шчасце я, хлопчык.
 -  Давай я цябе шчасце наверх выцягну!
Сказаў -  зрабіў, хлебам пачаставаў і слёзы бедалазе далонькай выцер.  А потым  дахаты пабег, дзе яго яшчэ праца чакала.  А шчасце пастаяла на сцяжынцы, усміхнулася шчыра і за хлопчыкам услед пайшло. Як жа не пайсці за тым, хто цябе выратаваў і нават узнагароды за гэта не папрасіў.  Такім людзям патрэбна дапамагаць не грашыма, не прыгажосцю, а добрай парадай у патрэбных справах. А што ты хацеў бы атрымаць ад шчасця, калі яно ідзе за табой ўслед.


 Сяргей Брандт, 25.07.2014


Рецензии