Маленькия радасци

Маленькія радасці

                06.08.2013
 Прыйшоў Мікола на працу ў другую змену засмучаны.
 - У шостым месяцы, у "Маладосці", вершы надрукавалі, і не папярэдзілі, і я часопіс не купіў… Ты не бачыла: ёсць ён у продажы? - спытаў ён мяне.
 - Ды я ўжо даўно там не была, - адказваю.
 - У абед з'езджу на "Плошчу Перамогі": а, раптам, яшчэ ёсць…
 - Я магу пасля працы ў "Глобус" заехаць…
 - Не трэба, я яшчэ не ведаю, ці патрэбен мне гэты часопіс.
 ***
 Вярнуўся з "Плошчы Перамогі" яшчэ больш засмучаны:
 - Няма ўжо, разабралі…
 ***
 Я пасля працы паехала ў "Глобус". Іду, а інтуіцыя хлусіць мне: "Ёсць там часопіс, і нават два".
 Я не слухаю інтуіцыю і думаю: "Ну, няма, дык няма, і ў Інтэрнэце можна чытаць. Падумаеш, бяда якая…"
 ***
 Прыходжу ў "Глобус", а там ляжыць шосты нумар, нават два.
 І я іх купляю, абодва.
 ***
 На наступны дзень Генадзь Мікалаевіч дзівіцца:
 - Што, тут часопіс нейкі новы?, - убачыўшы ў сябе на стале раскрыты на пяцьдзесят другой старонцы часопіс.
 - Вершы Міколы надрукавалі, - паведамляю.
 -Ого, - дзівіцца Генадзь Мікалаевіч, - і тут таксама?
 І тут заходзіць Мікола:
 - Знайшла? - пытае, а сам свеціцца ад задавальнення, што вось ён, часопіс, ёсць.


Рецензии