Музыка и апошния дни на Марсе

Музыка і апошнія дні на Марсе.

 …То былі яшчэ не апошнія дні на Марсе. То быў час наступстваў пасля Першага Зруйнавальнага Ўдару.
 Тады мы яшчэ думалі, што будзе ў нас наперадзе Светлая Будучыня. Трэба толькі як след узяцца за Працу і зрабіць яе.
 Але спеў ужо тады ў нас зародак здрады. Наша адміністрацыя планавала ўсё павольна, бязбольна самаліквідаваць.  І лічыла яна гэтыя свае дзеянні высакароднымі. Што вось, не адразу яны ўсіх на вуліцу выгналі, а павольна і паступова гэта робяць, максімальна бязбольна.

 …Любіла я ў тыя часы, пасля Першага Зруйнавальнага Ўдару, калі ў сэрцы яшчэ жыла надзея на Светлую Будучыню, працаваць у другую змену. Мне падабаўся час, калі ўсё разыходзіліся па дамам, і я заставалася адна ў цішыні сам-насам са сваёй любай Працай. Было ціха, цёмна і вокны былі расчынены. А за вакном, у цемры, гучаў саксафон. І музыка была такая чароўная, такая сумная, што жадалася плакаць. А паколькі музыка гучала ўвесь час, я звыкала да яе і пераставала чуць яе.  Заставаўся толькі настрой ад яе, сумны і ўзнёслы. І толькі тады, калі музыка змаўкала, толькі тады я выяўляла яе папярэдняе гучанне. І ў цішыні станавілася тужліва і дыскамфортна. А калі музыка пачынала гучаць ізноў, я супакойвалася, і вяртаўся ўзнёслы смутак.

 …Зараз гэта ўсё даўно ў мінулым. І ні для каго не сакрэт, што наступілі для нашага заводу апошнія дні. Прайшоў аўкцыён па продажы завадской тэрыторыі. А вартыя жалю рэшткі працаўнікоў хуткім часам плануюць перавесці на іншую пляцоўку. Каго перавядуць, а каго і скароцяць.

 …Іду  праз сквер у бок Камароўкі. Яркі, цёплы травеньскі дзень у канцы сакавіка. Чаму не гучыць саксафон?
 Вось і музыка. Сядзіць, увесь у чорным, застыў як статуя, апусціўшы твар уніз. Абапёрся левай рукой на калена, трымаецца за капялюш. Застыў. Задумаўся. Нерухомы, як статуя. Ці памёр так, седзячы?
 А народ цячэ плынню міма і не звяртае на яго ніякай увагі. Вось так можна памерці ў людным месцы, сядзець мёртвым і халодным, і ніхто не зверне ўвагі ў спешцы сваёй.
 І мяне пранесла міма таксама. І халодны ледзяны жах скаваў душу.
 На зваротным шляху я падыду да яго і загавару - супакоіла я сваё сумленне.

 …Зваротна я машынальна пайшла іншым шляхам. Але потым успомніла, павярнула і, абыйдучы вакол мэблевага, пачула: гучыць саксафон. Няўпэўнена, з перапынкамі, але ўсёткі гучыць. І адразу адлягло ад сэрца. Жывы.
 Не было поруч музыкі нічога, куды можна было б пакласці грошы. Але калі я параўнялася з ім, ён паглядзеў на мяне, і я працягнула яму купюру ў руку. Ён узяў і падзякаваў.
 Дробную купюру я яму дала, на буйнейшую не хапіла смеласці. А я перад ім у такім велізарным даўгу, бо гэтулькі доўгіх вечароў я дыхала яго музыкай, плавала і лётала ў ёй…


Рецензии