Куды дзеуся гэты ваш...

Куды дзеўся гэты ваш...

 - А куды дзеўся гэты ваш, маленькі і худзенькі, даўно я яго штосьці не бачыла… - спытала прыбіральніца Наташка, шустра варочаючы швабрай.

 …З гэтым маленькім і худзенькім штосьці апошні час я занадта часта лаяцца стала па дробязях. То яму холадна, калі я праветрыванне пачынаю, то мяне раздражняюць яго гучныя гутаркі, то яшчэ якая-небудзь дробязная хрэнь…

 …І пераехаў ад нас маленькі і худзенькі на пяты паверх, да Пятрова, хоць я яму пераканаўча раіла пераехаць на чацвёрты да Светы, а заадно і Косцю з сабой прыхапіць. Тады у нас тутака запануе ціша і мілата…
 Але Косця нікуды пераязджаць не захацеў. А маленькі і худзенькі сказаў, што ён з Пятровым пра палітыку лаяцца не будзе, так што ўсё будзе ў парадку…

 …І не паспела я рот адкрыць, каб паведаміць Наташцы, што маленькі і худзенькі зараз жыве на пятым паверсе, як Косця гучна сказаў:
 - Ён зараз на мясакамбінаце працуе…
 - Ах, бедны, бедны, як яму там, напэўна цяжка…, - забедавала Наташка.
 - І яму там пятнаццаць мільёнаў плоцяць, - дадала я.
 - І тыя мільёны не патрэбныя стануць, так ён бедны там намучыцца, - перажывала Наташка…
 - І я б туды пайшла косці секчы, калі б мяне запрасілі, - дадала я, - за пятнаццаць мільёнаў згодна…
 - Якія ў нас з табой сілы, - праенчыла Наташка.
 - Нічога, - сказала я, - за такія грошы знайшла б і сілы…

 ***

 …А маленькі і худзенькі праз пару гадзін казаў мне, усміхаючыся:
 - Навошта ты ёй так хлусіла? Яна ж ад зайздрасці памрэ…


Рецензии