Завадски паэт

Завадскі паэт

 …У канцы мінулага тысячагоддзя нас перавялі з НДІ на завод.
 У першыя дні, пасля таго як старанна выдраілі пакой, заняцца было няма чым: яшчэ не правялі правады для кампутараў, і мы мучыліся без справы.
 Я, праходзячы міма стала, які стаяў пасярод пакоя, узяла мясцовую газету "Электрон", каб хоць якія літары пачытаць, і не так моцна мучыцца бяз справы. Унізе газеты была змешчана падборка вершаў. Чакала я там убачыць што-небудзь тыпу такога: "Мы планы свае выканаем, потым і перавыканаем…". А зірнула і ўразілася: вершы, сапраўдныя вершы, ды да таго ж яшчэ і на беларускай мове. Прачытала прозвішча аўтара: "Мікола Кандратаў". І тут жа забылася яго, не трымаюцца ў мяне ў памяці прозвішчы. А вершы ўразілі:

 «Ноч за вагонным акном – часам гаворыць без слоў – для неадоленых сном – нешта на мове агнёў. – Ноч за вагонным акном, – быццам вандроўны паэт, -- скласці санетаў вянок – хоча на ёй пра Сусвет. – Ноч за вагонным акном – родам з касмічных начэй – зорным напоіць віном, – каб не расплюшчыць вачэй.»

 Гэта было так нечакана - цёплае, жывое, чалавечае слова ў казённым завадскім лістку.
 ***
 …Праз нейкі час я спытала:
 - А чые вершы ў "Электроне" друкуюць?
 - Сарапкін тут паэт, - сказала Галіна Сяргееўна.
 - Па-мойму там іншае прозвішча было, - прамармытала я, - толькі я яго не запомніла…
 - Сарапкін, - паўтарыла Галіна Сяргееўна, - няма тут іншых паэтаў…
 ***
 ...Неяк, ідучы праз цэх, выпадкова ўбачыла што за адным кампутарам спіной да праходу сядзіць нехта незнаёмы, ужо вельмі падобны на нашага начальніка СКБ. І ўспыхнула ўва мне раздражненне па гэтым чынніку: "Ну, падхалімы... Пераймаюць... Нават знешнасцю... Так са скуры вылузваюцца..."
 І такая раздражнёная прыходжу ў бюро і кажу з раздражненнем:
 - Там, у цэху, сядзіць нехта, так на Шадрына падобны, што агідна...
 ***
 ...- Да чаго ж цудоўныя вершы піша Сарапкін...
 - Мне не падабаецца, - сказала Лідзія Іванаўна, - Пачытай як-небудзь вершы Колі Кандратава. Вось, гэта сапраўды вершы...
 ***
 ...-Гэты Кандратаў, як зойме станцыю, так нікога туды не пускае... - сказала Галіна Сяргееўна з раздражненнем.
 - А хто такі Кандратаў?, - спытала я.
 - А той, што на Шадрына падобны, - ужо з іроніяй сказала Галіна Сяргееўна....
 ***
 ...А потым я купіла кнігу вершаў Міколы Кандратава. І да мяне дайшло, што ў газеце я чытала менавіта яго вершы.

 “Навошта гэта мітусня – і перавод у грошы часу – калі нябёсаў вышыня – чакае ад вачэй адказу – Навошта тлумам поўніць дні – і гучнасць блытаць з асалодай – калі далоні цішыні – прыемнай гояць прахалодай – Навошта жыць і гараваць – да зманлівых багоў імкнуцца – калі душы да хараства – пашанцавала дакрануцца”


Рецензии