Хлеб Ходжауски

Хлеб Ходжаўскі

 Іду ўздоўж хлебных шэрагаў на Камароўцы. Выбіраю, што б такое купіць танней, на абед. Гляджу - ляжыць хлеб "Ходжаўскі збожжавы".
 …Успомнілася, як ездзіла з Міколам у яго родную вёску Ходжава. Як хадзілі з ім уначы ў палі слухаць салаўёў. А салаўёў там было безліч, і спявалі яны аглушальна-цудоўна.
 "А раптам, яго ў Ходжава пякуць. Але наўрад ці, проста назва. Трэба купіць," - падумала я. - "Будзе Сашку як прывітанне ад яго таты."
 - Дзяўчына, - кажу я прадаўшчыцы. - мне два "Ходжаўскі збожжавы"
 - Гэта добры хлеб? - спытала мяне бабулька ў хустачцы, звярнуўшы ўвагу, што я бяру дзве булкі.
 - Ня ведаю, - адказваю я ёй. Не распавядаць жа мне ёй пра салаўёў.
 Бабулька глядзіць на мяне здзіўлена: як гэта купляць цэлых дзве булкі таго, чаго не ведаеш.
 Я забіраю свае булкі і сыходжу, а бабулька пачала распытваць прадаўшчыцу, што гэта за хлеб "Ходжаўскі збожжавы".
 "Вось і прарэкламіравала сваёй купляй", - падумала я.


Рецензии