Бедны колли

Бедны коллі

 Выходжу з пад'езда, і раптам мне напярэхваткі, рудай маланкай, ці то гыркаючы ці то выючы, праляцела велізэрная сабачышча, валакучы за сабой ланцужок:
 - Р-р-р-ву-ў-у-ууу…
 Сабака перабег дарожку, спыніўся на тым баку, павярнуўся і стаў глядзець на мяне: ці не ўяўляю я для яго якую-небудзь пагрозу.
 Я спынілася ля смеццевага кантэйнера і таксама стала глядзець на сабачышчу: ці не ўяўляе ён для мяне якую-небудзь пагрозу.
 Стаю і думаю: куды ісці. На прыпынак сабака перагарадзіў дарогу. На наступны прыпынак - далекавата і нязручна, ды яшчэ гурбы гэтыя і галалёд…
 А сабака пастаяў-пастаяў, потым павярнуўся і пабег па пратаптанай сярод гурбаў сцяжынцы, валакучы за сабой ланцужок, і хутка схаваўся за плотам і гурбамі…
 Я яшчэ трохі пастаяла і пайшла па той жа сцяжынцы…
 Сабакі нідзе не было відаць…
 На душы было марозна і няўтульна за сабаку, які згубіўся. І трохі страшнавата: а раптам ён зноў адкуль-небудзь выскачыць… Баюся сабак.   


Рецензии