Са мной нельга сябраваць!

Са мной нельга сябраваць!

 - Са мной нельга сябраваць, - сказала я Таццяне за кубкам кавы, калі яна ўпершыню запрасіла мяне ў госці, - мае сяброўкі ці сыходзяць з розуму, ці разводзяцца, ці тое і другое разам…
 Таццяна паглядзела на мяне спалохана.
 - Не палохайся, - сказала я ёй, заўважыўшы, што яна сур'езна прыняла мае словы, - я пажартавала…

 ***
 Мая школьная сяброўка Марына Бабкіна з'ехала ў Ленінград, і там выйшла замуж за Мікалая Кузняцова. Апошні раз я яе бачыла, калі яна з мужам і дачкой Сашай прыехала ў Наваполацк у адпачынак. Я тады таксама жыла ў Наваполацку ў мамы са сваім Сашам, якому было тады восем месяцаў. У яе Аляксандра Мікалаеўна, дачка, якая нарадзілася 7 лістапада 1987 года. У мяне Аляксандр Мікалаевіч, сын, які нарадзіўся 25 кастрычніка 1988 года. Шмат агульнага ў нашых дзяцей, нездарма сябравалі, і нават дзень нараджэння - Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, у яе па новым стылі, а ў мяне - па старым…
 З тых часоў я яе не бачыла. Зараз яна жыве ў Пецярбургу. Спадзяюся, у яе ўсё добра….

 ***
 Мая ўніверсітэцкая сяброўка, Люда Міхаленя, хоць не прыгажуня ў класічным стылі, але яркая, як зорка, і па-свойму яркая прыгажуня, з глузду з'ехала, і перыядычна лечыцца ў Навінках. Завяла сабе дзіця невядома ад каго. Мне яна казала, што імя бацькі яе сына Валодзя, не Юрась. І што ён з Рэрыхаў. І што ў яе ёсць яго партрэт, і ён перыядычна яе наведвае. Паказвала мне ў сшытку ў клетку няўмела намаляваны алоўкам партрэт, і казала, што гэта Юрась, не, Валодзя.
 Сын яе Валер, прыгожы і разумны хлопчык.
 Апошні раз я яе бачыла некалькі гадоў назад, у Навінках, у санаторыі.
 Потым мне мой сын Саша паставіў ультыматум:
 - Ці я - ці яна…
 Я абрала яго. Чаму ён  не захацеў, каб я наведвала сяброўку - не ведаю. Ён аргументаваў так - будзеш з ёй сябраваць, сама такой станеш….

 ***
 Мая сяброўка па НДІ ЭВМ, Іра Старых, прыгажуня, выйшла замуж па каханні за камсамольскага працаўніка, Валодзю Старых. У іх расла дачка Жэня.
 Потым Валодзя вырашыў, што жаніцца па каханні сёння не выгодна. Трэба па разліку. Кінуў Іру, забраў Жэню, і жаніўся па разліку. Іра патрапіла ў Навінкі...

 ***
 Вось так і атрымалася, што мае лепшыя сяброўкі не абмінулі Навінак.

 ***
 Мая сяброўка Таццяна… Таксама прыгажуня. Калі мы з ёй сябравалі, яе муж пачаў піць. Яна падумала, што вінаватая ў гэтым я, і мы перасталі з ёй сустракацца за кубкам чаю. Потым яе муж закадаваўся. І неўзабаве яны пераехалі на іншую кватэру.
 Неяк выпадкова мы сустрэліся, яна дала мне свой нумар тэлефона, і папрасіла тэлефанаваць час ад часу. Але я тэлефанаваць не стала: а раптам ён ізноў зап'е, і вінаватай апынуся я…

 ***
 Зараз у мяне няма сябровак. Адны суседзі, супрацоўнікі і знаёмыя.


Рецензии