Смага друкаванага слова
Ў чацвер, як звычайна, я паехала за газетамі. Зусім не жадалася ехаць. Нічога цікавага ў той газеце няма. Але шмат хто ўжо абвык, што я ім прыношу газету.
У падземным пераходзе, на падыходзе да станцыі мятро, па адным і групамі стаяць людзі. Чакаюць.
Значыць, газет яшчэ не прывезлі. Ці затрымоўваюцца, ці зусім не прывязуць.
І не стала я чакаць і пайшла на перон.
Стаю, чакаю цягнік, а яго штосьці ўсё няма. Тады я зноў паднялася па прыступках паглядзець, як там з газетамі.
Прывезлі. Разгружаюць, і народ шчыльным натоўпам стуліўся вакол кур'ераў.
А адтуль, з-за чалавечай сцяны, чуецца раздражнёны голас:
- Дайце раскласці! Куды лезеце!
Нарэшце газеты раскладзены, кур'еры пакацілі са сваімі пустымі каляскамі. Натоўп ушчыльніўся яшчэ больш. Хто стаяў наперадзе, хапалі пачкі газет і праціскаліся скрозь натоўп, несучы сваю каштоўную ношу на выцягнутых угару руках.
А гэта ўсё адно, што сабак цвяліць кавалкам мяса.
Ну і здарылася. Адзін мужчына нёс два пачкі газет, высока падняўшы іх над галавой.
- Што ты так нахапаўся? - пачуўся нечы раздражнёны голас, і гэты хтосьці тузануў за адзін пачак.
Газеты пасыпаліся ўніз, пад ногі, і былі тут жа ўтаптаны ў бруд.
- Я табе хапану! - абурыўся мужчына і стаў лавіць у паветры, што засталося.
Завязалася калатніна з масавым штурханнем адзін аднаго. Усё лаяліся і рваліся і пхаліся.
Я стаяла ў старонцы і чакала, калі гэта ўсё рассмокчацца.
Побач са мной стаяла пажылая жанчына і з іроніяй глядзела, як шалее натоўп.
- Вось, мы тут з вамі стаім, - сказала я ёй, - а калі натоўп рассмокчацца, мы ўбачым, што газет там ужо няма. Пуста.
Яна паглядзела на мяне, перастала ўсміхацца, а потым рашуча ўшрубавалася ў натоўп і стала таксама праціскацца да газет.
А я - за ёй.
Калі надышла мая чарга браць, я гучна абвясціла:
- Я еду на завод, таму шмат газет вазьму. І ўзяла, не лічачы, газет трыццаць прыблізна.
Мне ніхто не пярэчыў. І я шчасна абралася з натоўпу, несучы газеты ў пластыкавым пакеце, а не над галавой.
Служачая ў мятро жанчына стаяла побач са сваёй кабінай. Побач з ёй стаяў маладзенькі міліцыянер. І яны з жахам назіралі за разборкай газет.
- А калі б там раздавалі хлеб? - спытала я ў іх.
- Было б палова трупаў, - сказаў міліцыянер.
"А калі б там раздавалі гарэлку?" - падумала я, але нічога ўслых не сказала.
Свидетельство о публикации №214080601206