Чорны пёс

Чорны пёс

 Сон

 …Спатыкнулася. Звалілася ў густую сабачую поўсць. Ляжу побач з вялікім чорным псом, і мая правая рука, абдымаючы яго за шыю, знаходзіцца непасрэдна перад яго пашчай.
 Пёс велічэзны, з доўгай густой чорнай поўсцю, вялікай круглай галавой  і шырокай пашчай, ляжыць спакойна.
 Я баюся паварушыцца. Мне здаецца, што калі я хоць ледзь-ледзь паварушу рукой, пёс тут жа схопіць яе зубамі.
 Але мацней усяго баюся - баяцца. Баюся сваім страхам раззлаваць пса. Бо тады ён сапраўды схопіць мяне за руку, якая ўсё яшчэ вісіць у яго перад пашчай.
 Трохі ў старонцы стаіць маленькая далікатная гаспадыня яго.
 - Дзяўчына, - сказала я ёй, імкнучыся казаць як мага спакайней, - прыбярыце свайго пса. Я не магу ўстаць.
 Дзяўчына паглядзела на мяне і зноў адвярнулася.
 Пёс таксама паглядзеў на сваю гаспадыню, і тады я хутка прыбрала руку, і паціху дакранулася пальцамі да сабачай патыліцы.
 Пёс здрыгануўся.
 Тады я яго пагладзіла паціху, і яшчэ раз пагладзіла і яшчэ…
 Пёс ляжаў ціха, не варушыўся.
 А дзяўчына раптам пайшла па дарожцы. І тады пёс ускочыў і пабег за ёй.
 А я ўздыхнула з палёгкай.
 І са здзіўленнем заўважыла, што на псу няма ні ланцужка ні нашыйніка.
 І бяжыць ён за сваёй гаспадыняй добраахвотна, вольны пёс.
 


Рецензии