Чорны вугальны шквал

Чорны вугальны шквал

 Сон

 Павольна паднімаюся ў шчыльным натоўпе людзей па лесвіце у пераходзе паміж лініямі мятро.
 Жанчына, якая ішла наперадзе, павярнула галаву, і я ўбачыла, што гэта Лена. Даўно не бачыліся! Толькі яна перафарбавала свае залатыя валасы ў цёмна-папялісты колер. Але, нічога. Гэта ёй таксама да твару.
 - Лена, прывітанне, - радасна сказала я.
 - Прывітанне, - адказала Лена. - Ты, што, таксама ў Польшчу едзеш?
 - Чаму ў Польшчу? - здзівілася я.
 - Вось гэта ўсё. - Лена абвяла поглядам па крузе ўсіх людзей, якія тоўпіліся вакол нас, - Гэтыя ўсе людзі стаяць у чарзе за візай у Польшчу.
 - Не, - сказала я, - мяне сюды прывяла простая цікаўнасць: паглядзець на чаргу і на тое, як візы выдаюць.
 - Тады пайшлі адгэтуль, - сказала Лена, - Толькі хутка, я спяшаюся.
 Тут я адчула, што мае ногі сталі як ватовыя, і няма ніякіх сіл перастаўляць іх па прыступках.
 - Лена, я не магу ісці. Дапамажы, - папрасіла я.
 Лена ўзяла мяне за руку і пацягнула ўгару па ўсходах, і я павалаклася за ёй як лялька, лічачы непаслухмянымі нагамі прыступкі.
 Затым ногі мае адарваліся ад зямлі, і я паплыла за Ленай па паветры, па-ранейшаму трымаючыся за яе руку. Затым я перавярнулася ўніз галавой, а ногі падняла ўгару, старанна выцягваючы насочкі.
 Лена скасавурылася на мае акрабатычныя трукі і сказала:
 - Мне так цяжка цябе цягнуць.
 Тады я ўстала на ногі, і выявіла, што знаходжуся на праспекце Пераможцаў. Лена знікла, а я гэтага нават не заўважыла.

 На гарызонце, злева направа рухалася вугальна-чорная, пеністая як воблака, сцяна. Як запавеса зашморгвалася, пераразаючы мне шлях да дому.
 І ад гэтага вала выкінулася шчупальца, велічэзнае ад зямлі да неба, і шырокае-шырокае, не абыйсці, і паляцела ў мой бок.
 Тады я павярнулася да яго спіной, прысела на кукішкі, схаваўшыся за падстрыжаныя кусты ўздоўж траўніка, нацягнула на галаву каптур, і заплюшчыла вочы.

 Трэба перачакаць.  Моцны вецер біў у спіну, і чуўся шоргат пылу, які сыпаўся вакол мяне.
 Цяпер мяне засыпле тоўстым пластом, і я задыхнуся, і ніхто мяне не раскапае...
 Я прыадкрыла вочы, каб паглядзець, як моцна мяне ўжо засыпала. Паветра было каламутна-фіялетавым, але ніякага пылу на зямлі не было, усё праносілася міма.
 Побач са мной стаяла Зоя, сагнуўшыся і нацягнуўшы на галаву куртку, і трэслася ад холаду і жаху.
 - Зоя, - сказала я, - ты зусім змерзла. Прысядзь, так будзе цяплей.
 - Мне трэба ў лякарню паспець, - сказала Зоя. - Аднесці маме яе любімыя піражкі. Пякла адмыслова...
 - Ты ж бачыш, Зоя, - сказала я. - Цяпер трэба цярпліва перачакаць, пакуль не ўляжацца шквал.
 - Разумею, - уздыхнула Зоя...


Рецензии