У садзе

У садзе

 Сон 1

 …Яблыня была абсыпана залаціста-зялёнымі пладамі. І я зрывала іх і складала ў вялікі палатняны мяшок. Розныя яблыкі: вялікія, сярэднія і маленькія. Калі мяшок напоўніўся амаль да верха, я раптам заўважыла такія яблыкі, як на малюнку, вялікія, дзіўна залацістыя з лёгкай зелянінай. І навошта я гэтай дробязі цэлы мяшок набрала? А гэтыя ўжо і складаць амаль няма куды. І сарвала я некалькі дзівосна-прыгожых пладоў і паклала зверху ў мяшок. І мяшок напоўніўся да краёў, і нават з горачкай.
 Пара ісці дадому. І пайшла я па сцяжынцы ў бок дома, і цяжкі мяшок моцна адцягвае правую руку. Цяжка несці. А да дому далёка. Раптам адзін маленькі яблычак сарваўся з мяшка і пакаціўся ў траву.
 Хоць ён і маленькі, я ж яго сарвала, таму нядобра, што ён тут будзе ляжаць і гнісці. Трэба падняць. І падняла я гэты яблычак і паклала зваротна ў мяшок. І пайшла далей па сцяжынцы.
 І адчула я, што ў спіну мне глядзіць тата. Не ўбачыла я яго, а проста адчула яго погляд. І ўспомніла, што гэта яго сад, што гэта ён пасадзіў і выгадаваў гэтыя дрэвы, і я павінна звяртацца з імі асцярожна.
 І тут сарваўся і пакаціўся на зямлю яшчэ адзін маленькі яблычак. Трэба падняць, а то тата будзе незадаволены.
 І прачнулася…

 Сон 2

 …Іду па здзірванелым садзе, вяду маленькага Сашульку за ручку. Справа нічога не расце акрамя высокай густой травы.
 Злева растуць фруктовыя дрэвы, пасаджаныя ў шэраг.
 Вось груша. Дзічка. Грушы на ёй дробныя і цвёрдыя. Вось калі яны зваляцца на зямлю і стануць мяккія і карычневыя ўсярэдзіне, вось тады яны стануць смачныя.
 А што, калі сарваць і паспрабаваць? Можа, цвёрдыя, але смачныя?
 І я сарвала адну грушу. Яна была вельмі цвёрдая, але трохі салодкая.
 - Яны яшчэ не смачныя, - пачула я голас, і ўбачыла бабулю, якая наперадзе, на краю поля, акучвала бульбу.
 І мне стала сорамна, што я сарвала зялёную грушу.
 І я моўчкі мінула бабулю, ведучы Сашульку за руку, і апусціўшы галаву.
 І выйшла я з саду і падышла да ракі. Берагі былі стромкія, рака цякла дзесьці глыбока ўнізе, як у яры. А праз раку быў перакінуты аркавы масток.
 І ступілі мы з Сашулькам на гэты масток.
 "Ён цяпер пачне бурыцца,"- падумала я і дужа сціснула Сашулькіну ручку, каб не выпусціць яго.
 І мост пад намі стаў бурыцца, а мы паляцелі па паветры наперад, на той бераг…
 Там раслі цёмна-зялёныя кусты сярод такой жа цёмна-зялёнай травы.
 "Нам туды, і мы дабяромся, нягледзячы на тое, што мост разбурыўся" - падумала я і прачнулася…


Рецензии