Так што там было?

Так што там было?

 Прабіраючыся да Мора, патрапіла ў тупік.
 Апынулася на слізкім, стромкім і камяністым схіле. Уніз вяла вузкая сцяжынка, якая ля вады раздвойвалася на два вузкіх каменных мастка.  І гэтыя масткі рознымі шляхамі вялі да трохкутнага пяшчанага пляжу. І абодва мастка былі такія вузкія і слізкія з выгляду, што з іх можна было лёгка зваліцца ў ваду.

 Я ляжала на стромкім схіле, учапіўшыся ў камяні, каб не спаўзці ўніз. І думала, па якім з гэтых двух слізкіх шляхоў дабрацца да берага.

 А, можа, вярнуцца зваротна, і пашукаць зручнейшы шлях? Я паглядзела назад, угару, адкуль сюды патрапіла. Там была суцэльная сцяна. І ў ёй - вузкая, цёмная нара, у якую зусім не жадалася лезці.

 Павагаўшыся трохі, я падумала, а, можа, нічога страшнага не здарыцца, калі я там сарвуся з мастка ў ваду? Там жа быццам бы не глыбока. Ці, усёткі, вярнуцца  ў нару?

 ***
 Ад гэтых разважанняў мяне адцягнуў малюнак, чорна-белы графічны малюнак, які я ўбачыла там, на трохкутным пляжы.
 Змрочная панурая скала навісала зверху і атачала з усіх бакоў маленькі трыкутнік шэрага пяску. А далей рассцілаўся бяскрайны акіян сталёвага колеру.
 …Яны нарэшце сустрэліся! Грузны мужчына старэчых гадоў, у лёгкай кашулі навыпуск і шырокіх штанах і дзяўчына, Язмін. Яны стаялі далёка адзін ад аднаго і глядзелі ў процілеглыя бакі.
 Потым дзяўчына працягнуўшы руку да акіяна,  пытальна азірнулася. Мужчына моўчкі кіўнуў.
 А дзяўчына хутка і лёгка пайшла да акіяна, збіраючыся скокнуць у ваду.

 А мне раптам стала так жудасна. Мне здалося, што ў вадзе стаілася нешта жудаснае. І я хуценька прачнулася, каб не даць адбыцца гэтаму жудаснаму.

 ***
 А напярэдадні, засынаючы, я замовіла: пакажыце мне сюжэт для арыгінальнай казкі.
 Вось, атрымлівай, - сказаў Дыспетчар сноў.


Рецензии