Парадныя зубы

Парадныя зубы

*распавядае цётка Наля*

Суседка наша, Роза Францаўна, не мела мужа, затое мела чатырох дзяцей і дзве штучныя сківіцы -- адну "парадную", другую "на кожны дзень".

Сківіцу "на кожны дзень", як вынікае з назвы, Роза Францаўна ўстаўляла штодня. Выглядала тая сківіца не вельмі ахайна і была добра так вышчарблена, але Розу Францаўну гэта не бянтэжыла. "Для дому і на кірмаш з’ездзіць і так сыдзе, -- разважала яна. – Я  не прафурсетка, каб хадзіць і ўсім усміхацца”. 
Затое "парадная" сківіца была ў цудоўным стане -- цалюткая, без шчарбінкі, з зубамі белымі, нібы фарфор. Яна захоўвалася ў аграненай шклянцы з вадой, якая стаяла ў зашклёным серванце побач з парцалянавым абедзенным сервізам на дванаццаць персон.

Парадную сківіцу Роза Францаўна берагла як зрэнку вока і карысталася ёю толькі з адмысловай нагоды. У прыватнасці, калі прыходзіў Адам Сямёнавіч. Гожы  кавалер у светлым гарнітуры, з букетам кветак ў адной руцэ і важкім пакетам пачастункаў у другой, ён заўсёды з’яўляўся ўвечары, калі наступалі прыцемкі. Збочыўшы ў  агародчык (захадзіць у пад’езд Адам Сямёнавіч чамусьці саромеўся), ён асцярожна, каб не патаптаць гладыёлусы, набліжаўся да акна кватэры на першым паверсе, дзе жыла  Роза Францаўна.

Пачуўшы грукат у падваконнік, Роза Францаўна, ужо ўбраная ў сваю лепшую сукенку, нафарбаваная і з пышнай завіўкай на бігудзі, уладным голасам загадвала: “Дзеці! Нясіце мае парадныя зубы!”. І чацвёра яе малянят навыперадкі ляцелі да серванта. Гэта было сапраўднае спаборніцтва – хто першы дабяжыць і схопіць запаветную шклянку, у якой, нібы чароўны скарб, захоўвалася штучная сківіца. Дзеці ведалі – калі маці патрабуе парадныя зубы, значыць, сёння будуць смачныя пачастункі, а потым маці пойдзе гуляць з Адамам Сямёнавічам і вернецца вясёлая і задаволеная.

Адносіны іхнія доўжыліся дзесьці паўгода, а потым Роза Францаўна раптоўна выйшла замуж. Не за Адама Сямёнавіча, а за сакратара парткома з Алма-Аты, адкамандзіраванага ў Менск па справах Партыі. Адам Сямёнавіч быў гожы і станісты, з пышнымі вусамі, малады і нежанаты будаўнік Байкала-Амурскай Магістралі. Выбраннік Розы Францаўны быў лысы і таўставаты ўдавец, які вельмі любіў дзяцей, якіх ніколі не меў.

На вяселлі Роза Францаўна фарсіла ў бялюткай шаўковай сукенцы, флёрдаранжы і перламутравых туфліках на высокіх абцасах. Яна пераможна ўсміхалася, дэманструючы ўсяму свету свае парадныя зубы. Адам Сямёнавіч на вяселлі адсутнічаў.
Неўзабаве Роза Францаўна з’ехала да мужа ў Казахстан, забраўшы чатырох сваіх хлапчукоў і парцалянавы сервіз на дванаццаць персон. Адам Сямёнавіч кудысьці падзеўся. Адны кажуць, што ён нібыта ў Свіслачы ўтапіўся, другія – што зноў у Сібір паехаў, дабудоўваць Магістраль.


Рецензии
Зі скрипом, але зрозумів про що йдеться в Вашім творі! :-)
та все ж добре було б зробити переклад на російську мову!

Не Герой   03.03.2017 17:02     Заявить о нарушении
Не, на русском мне неинтересно.
А так гугель-транслейт неплохо переводит.

Нероли Ултарика   06.03.2017 12:00   Заявить о нарушении
На это произведение написано 10 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.