сны па замове

Сны па замове

 Засынаючы з суботы на нядзелю, я падумала, што зараз мне павінна прысніцца такое, з чаго можна напісаць аповяд…
 …І прыснілася. Розныя сюжэты таўкліся і змянялі адзін аднаго без усякай логікі і сістэмы. Змешваліся ў такую кашу, што цяжка было зразумець, дзе што…
 ***
 …Па начным небе плыло нешта такое, што наогул не павінна па ім плаваць. З поўначы на поўдзень плыў ланцужок нейкіх рашотак, платоў. Я стала ўзірацца і ўбачыла, што гэта нейкія брані-драбіны. "Міражы", - падумала я, але ўсё адно было няўтульна і страшнавата ад гэтай карціны. Раптам з гэтых брані-драбін  пасыпаліся на зямлю людзі, і ўсе камісары і чырвоныя камандзіры, у скуранках і з наганамі. Я спалохалася і ўцякла ў хату, зачыніўшы за сабой шкляныя пяцістворкавыя дзверы. Дзверы не зачыняліся, і мне нейкім чынам (сама дзіўлюся) атрымоўвалася трымаць дзвюма рукамі ўсе пяць дзвярэй адначасова. Камісары падышлі да дзвярэй, і адзін сурова сказаў:
 - А ну, пусці!...
 - І не падумаю, - адказала я.
 Тады яны сталі даставаць свае наганы.
 - Ха-ха, - сказала я, - вы ўсяго толькі здані, і нічога ў вас не атрымаецца.
 Сярод іх раптам апынулася мая суседка Людка, якая памерла год назад. Яна была ўся прасветлая, як быццам злёгку свяцілася, і добразычліва ўсміхалася.
 - Люда, - сказала я ёй, - ты зараз такая прыгожая, проста слоў няма.
 "Сапраўды, здані", - падумала я, - "Раз Людка сярод іх…". І ўсе здані зніклі, а Людка пайшла ўздоўж па вуліцы, асветленай яркім сонцам, сама прыгожая і радасная…
 …
 - Ты навошта са зданямі размаўляла? - строга спытала мяне Лілька, - Зараз яны будуць цябе пераследваць.
 …Я адчула, што ў мяне на спіне хтосьці сядзіць. "А раптам гэта Людка?" - падумала я, але спытаць пра гэта баялася, а сама ўбачыць не магла. Не магла адарваць галаву ад падушкі, каб паглядзець, хто ж мяне там так душыць, і прачнулася. Ніхто не душыў…
 ***
 …Еду ў аўтобусе зайцам. І раптам аблава кантралёрская. "Пакажу ім незакампаставаны талончык. Скажу - прабівала-прабівала, а ён не прабіўся…"
 Рэвізор бярэ мой талончык, абмацвае і аглядае яго, а потым пытае:
 - І вы будзеце сцвярджаць, што гэта талончык цэлы, не прабіты? Дык вось, на ім нейкая падазроная шурпатасць маецца…
 ***
 …Шырокія ўсходы опернага тэатра. Людзі павольна спускаюцца па ім і ідуць па дарожцы праз сквер да вуліцы Максіма Багдановіча. У натоўпе вылучаўся чалавек, апрануты, як селянін на карцінах Ван Дэйка. Ён не проста ідзе, а на ходу ліха выскоквае. Побач з ім ідзе дзяўчына, бландынка з залатымі валасамі, у кароткай памяранцавай сукеначцы і ў туфлях, на высокай шпільцы. І не меней ліха выскоквае з ім за кампанію. Ім так весела і радасна, што ўсе мінакі, гледзячы на іх, таксама ўсміхаюцца…
 ***
 …Прасторны пакой, сцены якой аздоблены светла-жоўтым дрэвам.
 Прыгожая маладая бландынка вымаўляе напышліва свайму, ціха закаханаму ў яе, мужу:
 - Ты мне абрыдзеў. Я сыходжу ад цябе на іншы карабель.
 Пасля гэтага яна праз вакно выбіраецца з пакоя і кідаецца ў ваду.
 Вада дзіўна празрыстая. Відаць, што на дне, на глыбіні некалькіх дзясяткаў метраў, свеціцца дно, пакрытае як у басейне, светлай кафлянай пліткай.
 Бландынка пагрузілася на некалькі метраў у глыбіню і, замест таго, каб пасля гэтага ўсплыць і вынырнуць, яна стала апускацца яшчэ глыбей. Ёй штосьці замінала і цягнула на дно. Яна з жахам паглядзела на свае ногі. На іх былі раскошныя, пухнатыя, футравыя хатнія тэпцікі.
 Скінуўшы іх з агідай, Бландынка хутка ўсплыла на паверхню і стала прагна хапаць ротам паветра. Трэба было плыць да іншага карабля, які знаходзіўся ўсяго ў некалькіх метрах ад яе.
 Тэпцікі спачатку апусціліся на дно, а потым ізноў сталі паднімацца ўгару, падбіраючыся да Бландынкі, каб надзецца ёй на ногі і пацягнуць пад ваду…
 ***
 …Шукаю працу. Тэлефаную:
 - Скажыце, вам яшчэ патрабуюцца…
 - Так, патрабуюцца, - перабівае мяне радасны жаночы голас, - мы вас бяром…
 Мяне гэта здзівіла, і нават некалькі насцярожыла, што яны мяне ўзялі, нават не выслухаўшы.
 Прыходжу на новае месца працы. У пакоі сядзіць некалькі сімпатычных дзяўчын, і адна глядзіць на мяне неяк падазрона і насцярожана.
 Уваходзіць начальніца. Кажа мне:
 - Ты павінна яе навучыць, - і паказвае пры гэтым на падазроную бландынку, - вось гэтаму самому, як яго…
 У руках у яе кніга. Я гляджу на вокладку.
 - Праграмаванню на "Сі", ці што?
 - Праўда што, - радасна пацвярджае начальніца.
 "Ну, навучу…" - маркотна думаю я. - "А далей? Што я далей рабіць буду?"
 ***
 …Лячу над сера-сталёвым акіянам. Бачу замак, як выспа, увесь з чырвонага граніту, акружаны чырвоным парапетам з парэнчамі. Такі выдатны замак. Я апускаюся на гранітную дарожку, але тут за завароткам пачуліся мерныя металічныя крокі, мне стала страшна, і я ўзляцела зноў і паляцела далей над акіянам, хоць мне так жадалася там застацца: такі выдатны і казачны быў той замак…
 ***
 …З захаду насоўваецца свінцова-фіялетавая хмара, якая цягне за сабой як шлейф, бліскучую сцяну дажджу. Я агледзелася: дзе б знайсці хованку. Але вакол, да гарызонту, суцэльнае голае поле. Атуліцца няма дзе. Тады я, каб не бачыць усяго гэтага, лягла на зямлю тварам уніз. І ўбачыла: маленькі зямны шар, на ім ляжу я тварам уніз… А Зямлю трымае ў руках велічэзны волат, і трасе яе, і яго вялікі палец упіраецца мне ў бок. І я, што ляжу, адчула, як гэты палец у мяне ўпіраецца, і прачнулася ад страху.
 ***
 …У абсерваторыі глядзім па чарзе на сонца ў тэлескоп. Раптам хтосьці закрычаў:
 - Гледзіце!...
 І я адчула, як Зямля, рухаючыся па сваёй арбіце, раптам спынілася, і рынулася прама на Сонца…
 …Я адна ў поле. Сяджу на зямлі, учапіўшыся ў рудую траву. У вушах свішча вецер, а ў галаве ніводнай думкі, толькі страх панічны…


Рецензии
" …І прыснілася. Розныя сюжэты таўкліся і змянялі адзін аднаго без усякай логікі і сістэмы. Змешваліся ў такую кашу, што цяжка было зразумець, дзе што…"

Владимир Короткевич   28.12.2014 22:19     Заявить о нарушении