Пра дробязь

Пра дробязь

 Сон

 Блукаю па нейкай імглістай вуліцы. Правай рукой трымаю за ручку маленькага Сашульку. А левая рука ў кішэні сціскае металічны рубель, савецкі, юбілейны. Куды мы ідзём? Ах, так, Сашулька жадае піць. Ідзём купіць яму кубак вады.

  Насустрач два бамжы:
 - Ці не дасце вы нам трохі грошай…

 Не жадаю я ім свой рубель аддаваць, самой патрэбен, таму нават і не дастаю яго з кішэні і не паказваю ім. А выдрапваю са шва правай кішэні захраслую там капейку, пакрытую ворсам і пылам, працягваю бамжам. І бачачы, што яны моршчацца незадаволена пры выглядзе няшчаснай капейкі, кажу паспешна: 
 - Пачакайце трохі, у мяне і ў другой кішэні дробязь ёсць.

 Бамжы бяруць капейку, а я палезла ў сваю левую кішэнь, і выграбла адтуль жменю дробязі ўперамешку з дробкамі, пылам і яшчэ нейкім смеццем. Працягнула гэта бамжам са словамі:
 - Пачакайце, гэта яшчэ не ўсё…

 Яны прынялі ад мяне гэту жменю манет і іх твары засвяціліся радасцю.
 А я ўсё дастаю і дастаю дробязь са сваёй кішэні і ніяк не магу выграсці усю…

 Потым кішэнь ад мяне адлучылася, і я нават не заўважыла гэтага. Я трымаю яе перад сабой як мяшэчак, выграбаю адтуль дробязь, аддаю бамжам, і ніяк не магу выграсці усё.

 Тады я выкінула з мяшэчка ўсё смецце, а мяшэчак з дробяззю працягнула бамжам:
 - Бярыце з мяшком, - сказала я ім, - бачыце, дробязь тут увесь час назапашваецца, і ніколі не скончыцца.

 Яны адразу не жадалі браць з мяшком, а потым няхочучы пагадзіліся і ўзялі.

 І пайшлі мы з Сашулькам далей, за вадой.

 "А дзе мае ключы?"- падумала я - "Напэўна, разам са смеццем выкінула. Ну, ды хай. Знойдуцца. Бо варта толькі захацець, і яны вернуцца да мяне, дзе б ні былі…"

 І супакоілася. І прачнулася.


Рецензии