Пра А и яшчэ раз пра А

Пра А і яшчэ раз пра А

 Сон

 "А" сказаў, каб ты да яго зайшла, - сказала Лена, якую я сустрэла ў доўгім завадскім калідоры. Лена на заводзе ніколі не працавала. Яна працавала ў НДІ ЭВМ. А калі нас сталі адтуль пераводзіць на завод, звольнілася.

 Калі ў нас кажуць проста "А", без прозвішча і імя па бацьку, усё ведаюць, пра каго гаворка. І зайсці я проста абавязана, хоць "А" таксама ўжо чатыры гады, як звольніўся.
 Але сон ёсць сон. І ў сне на заводзе я магу сустрэць каго заўгодна, нават сваю класную кіраўніцу.
 - Добра, - сказала я Лене, - зайду.

 І Лена пайшла далей, у цэх. А я пайшла ў процілеглы бок, куды ішла.
 Іду - а насустрач "А". А прычоска ў яго фантастычная. Калі працаваў ён у нас, у яго была звычайная класічная стрыжка. А зараз валасы доўгія і ўсе ўгару тырчаць. І не проста тырчаць, а ў складанай нейкай кампазіцыі: вежы там віднеюцца, купалы…

 - А я да цябе, - важна сказаў мне "А".
 І ён быў не адзін, а са сваім сябрам, таксама "А".
 І не той сябар "А", пра якога вы падумалі, а іншы, хоць голас падобны.
 А на галаве другога "А" прычоска была яшчэ фантастычней. І віднеліся ў ёй пальмы, хвалі і караблі ўдалечыні.

 І мы пайшлі, "А" і "А", а за імі я.
 І сталі спускацца па лесвіцы. А лесвіца доўгая-доўгая. І вядзе да Акіяна.
 І спускаліся мы так хутка, што я не паспявала крочыць па прыступках. Ногі па іх слізгалі, як па горцы. І я ўхапілася дзвюма рукамі за парэнчы і паехала ўніз, насустрач акіяну…


Рецензии