Папяровы свет

Папяровы свет

 Сон

 У кашмарах майго ранняга дзяцінства ўсё было нетрывала, усё бурылася, ірвалася, правальвалася.

 …Я ў папяровым пакоі. Сцены, падлога і столь з папяровых шпалер. А я лунаю ў паветры.  Варта мне апусціцца на падлогу, як падлога тут жа з трэскам ірвецца, і я правальваюся ў другі, такі самы ж пакой, толькі шпалеры там іншай расфарбоўкі.

 Магу паляцець угару і прабіць галавой папяровую столь. А таксама праляцець скрозь любую сцяну. Але нідзе нельга прызямліцца і адпачыць.
 І ад гэтага адчайна тужліва…

 …І неяк раз у такім папяровым пакоі, бабулінай кухні, раптам прадралася папяровая падлога, і з'явілася адтуль рука, чорная. І кінулася я ратавацца ад гэтай рукі ў другі пакой. І выявіла, што не лячу па паветры, а бегу па падлозе. Па драўлянай падлозе, з трывалых шырокіх і цёплых дошак. І тады я зразумела, што папяровы кашмар скончыўся, і падлога, якая правальваецца, мне больш ніколі не прысніцца.
 І я азірнулася назад, на чорную руку. Яна тырчала ўгару прама з драўлянай дошкі.
 "Ну і хай тырчыць, - падумала я, - Яна адтуль усё адно не прарвецца: бо дошка цвёрдая, не прадзярэш…"


Рецензии
"я азірнулася назад, на чорную руку. Яна тырчала ўгару прама з драўлянай дошкі.
"Ну і хай тырчыць, - падумала я, - Яна адтуль усё адно не прарвецца: бо дошка цвёрдая, не прадзярэш…""

Ян Борщевский   29.12.2014 13:40     Заявить о нарушении