Пра купальския кветки
Мяне абурала, што ён няправільна прамаўляе імя нашага беларускага класіка. Прычым здавалася, што імя паэта ён скажае наўмысна, каб падражніць (альбо, як яшчэ кажуць, “патроліць”) прысутных.
-- Гэта бібліятэка Янкі Ку’палы? – спытаў ён, уваходзячы.
Імя паэта ён вымавіў менавіта гэтак, з націскам на “у”.
-- Не, гэта кнігарня Логвінава, – адказала дзяўчына ля касы.
-- Праўда? А тады навошта тут вісіць партрэт Ку’палы? – спытаў ён, тыцнуўшы пальцам у сцяну, на якой віселі партрэты класікаў беларускай літаратуры.
-- Таму што ён наш беларускі паэт, -- здзіўлена сказала дзяўчына.
-- Янка Ку’пала? – перапытаў ён.
Я стаяла ля стэлажоў і разглядала кніжныя навінкі. Мне раптам зрабілася крыўдна за нашага Паэта.
-- Шаноўны, трэба казаць Купа’ла, -- сказала я. – Янка Купа’ла.
-- Што? – ягоная ўвага адразу ж пераключылася на мяне.
-- Ну ведаеце, свята такое ёсць, Івана Купалы, -- сказала я.
Ён заўсміхаўся.
-- А, гэта калі збіраюць купальскія кветкі?
Я кіўнула.
-- Ну, так.
-- А вы іх збіралі? – пацікавіўся ён.
Я пахістала галавой.
-- Ды не, неяк не трапляліся.
-- Не? А я збіраў. Увесь час збіраў!
Ёе нечакана ажывіўся. Ступіўшы да мяне, ён заскакаў наўкол, як малады сатыр, падміргваючы і размахваючы рукамі.
-- Кажуць, нібыта яны цвітуць толькі адну ноч. Дык гэта лухта! Яны цвітуць усё лета. З траўня аж да кастрычніка, -- захоплена гаварыў ён. – Прынамсі, у нас за вёскай цвілі. Ведаеце, як выглядаюць купальскія кветкі? Жаўтлявыя такія, пахнуць сланечнікавым алеем. І гарачыня ад іх ідзе, як ад вогнішча, зямля наўкруг аж чорная ад прысаку. Пройдзешся там басанож, і ногі робяцца чорныя, не адмыеш. Штодня я іх збіраў. Рваў, складваў у букеты і дадому нёс. Нават маці на мяне сварылася: годзе, маўляў, іх у хату цягнуць, іх ужо ставіць няма куды!
Аповед быў цікавы, але зрабілася мне неяк ніякавата. Здалося мне, што дзядзька крыху не ў сваім розуме, а звар’яцелых людзей я ўсёткі пабойваюся.
Я схапіла з паліцы кніжку па гісторыі Менска, разгарнула яе і зрабіла выгляд, што засяроджана чытаю. Манеўр спрацаваў. Убачыўшы, што я яго не слухаю, дзядзька страціў да мяне цікавасць. Пагаманіўшы яшчэ трошкі, ён павярнуўся і рушыў да выхаду, падскокваючы на хаду і жэстыкулюючы, нібыта малюючы ў паветры абрысы купальскіх кветак. Калі ён, нарэшце, сышоў, я ўздыхнула з палёгкай.
Яшчэ некаторы час я пабыла у кнігарні, купіла пару кніжак. Выйшаўшы на вуліцу, я з асцярогай агледзелася па баках. Дзівакаватага дзядзькі паблізу не было, і я спакойна пайшла да аўтобуснага прыпынку.
Ужо стоячы на прыпынку, я раптам пачула: “Гэй! Гэй!”. Я азірнулася. Ён стаяў на рагу вуліцы, усміхаўся і махаў мне рукой. У другой руцэ ён трымаў букет дзівосных кветак. Кветкі выглядалі, як сланечнікі – чорныя сярэдзінкі з вяночкамі жоўтых пялёсткаў, толькі былі яны значна меншага памеру, і колер іх пялёсткаў быў больш яркім, чым у сланечнікаў. Сабраныя ў букет, яны нагадвалі купку мініяцюрных сонцаў у час зацьмення – чорны дыск Месяца ўсярэдзіне і святлівая карона промняў наўкол. Пялёсткі варушыліся, нібы языкі полымя, і, здавалася, сыпалі іскрамі.
Тут да прыпынку падышоў тралейбус, і я спешна ўскочыла ў салон. Дзверы зачыніліся, тралейбус паехаў. На ўсякі выпадак я яшчэ раз азірнулася і паглядзела ў задняе шкло. Пагоні не было.
Усю дарогу дадому я разважала: як жа яму пашчасціла выдабыць купальскія кветкі, удзень, у гэтым вялікім, тлумным горадзе, сярод асфальту і бетону? А што гэта былі менавіта купальскія кветкі, я чамусьці не сумнявалася.
Свидетельство о публикации №214081100602
Напішаш адабрамс герою - можна лёхка ў лік ненармальных трапіць. Напішаш адабрамс аўтару, і...Усё. Адразу пытанне самому сабе - (навошта пісаў?)
Кабердин Владимир 18.08.2015 17:19 Заявить о нарушении
"Ёе нечакана ажывіўся". "Ён", відаць, а не "ёе".
Са здзіўленнем праз нейкі час і ў сваех творах знаходжу памылкі, якіх быццам бы і не павінна было быць. Нешта тут не так. Іншым разам гэтыя памылкі вельмі сымбалічнымі выглядаюць. У мяне. Можа я ненармальны?)))
Кабердин Владимир 18.08.2015 17:24 Заявить о нарушении
Нероли Ултарика 02.09.2015 09:14 Заявить о нарушении