Пра сувязи
Ў маім дзяцінстве, у Наваполацку, было дрэнна з прадуктамі. І не толькі з прадуктамі. З любымі таварамі. І многа што даводзілася не купляць, а "даставаць" праз знаёмых і прыяцеляў. У маёй мамы ў знаёмых і прыяцелях хадзіла паўгорада. Яна ўвесь час для кагосьці штосьці шыла, вышывала, вязала і "даставала".
Мама працавала тады экспедытарам трэста сталовых і рэстаранаў. І "дастаць" магла ўсё, што можна было з'есці ці выпіць.
Я была далёка ад гэтага механізму, і зусім ім не цікавілася, і, можа быць, нават не здагадвалася б пра яго існаванне, калі б мяне не паспрабавалі аднойчы выкарыстоўваць замест "кур'ера".
Вучылася тады я ў першым класе.
Мая настаўніца Вера Канстаўцінаўна дала мне рубель, і я пайшла ў краму, да мамы. Рубель я паклала ў запалкавую скрынку, каб не згубіць.
Па дарозе я пра нешта задумалася, і неўзаметку для сябе шпурнула запалкавую скрынку на зямлю, яна мне замінала весці рукой па падстрыжаных кустах уздоўж ходніка.
Іду я так, іду, вяду рукой па кусціках, а потым успомніла: "Рубель у скрынцы", і пабегла зваротна.
Скрынку ніхто не падабраў. Яна ляжала на ходніку раздушаная нечай нагой. Я ўздыхнула з палягчэннем, падняла скрынку: рубель быў на месцы. І пайшла далей, у краму.
Мама, у абмен на рубель, уручыла мне карычневы папяровы пакет з дзясяткам яйкаў, і я пайшла зваротна ў школу.
На парозе школы мяне падпільноўваў Мікола Пашкоў з кампаніяй. "Куды ідзеш?", - пытае, і ў школу не пускае. Я пайшла на злом, і нейкім дзівам прабілася. Але дзвярамі ляснула па карычневым пакеце.
Што я прынесла Веры Канстаўцінаўне, бачыла толькі яна сама.
І па яе твары я зразумела, што яна моцна незадаволена змесцівам пакета.
Больш мне такіх адказных заданняў не давалі.
Свидетельство о публикации №214081200984