Гисторыя пра каву

Гісторыя пра каву

 - Купіла каву, - сказала Хіталі, - і мне здаецца, што яна цвілая… Хоць, Жамба казала, што яна ніякай цвілі не чуе, звычайны пах… Не ведаю, што з ёй рабіць… Выкінуць, ці што?
 - Прынось, - кажу, - сюды, прадэгустуем, паглядзім…
 А сама думаю: "Як гэта нямецкая кава - і раптам цвілая? Ці ангельская… Ды такога проста не можа быць!.."
 ***
 На наступны дзень Хіталі прынесла пакет з кавай на працу. Я панюхала. Не, цвіллю яна не пахла. Пах быў падобны паху глебы ў кветкавых гаршчках... Гэта, вядома, не так гідка, як пах попелу ад недакуркаў, якім відавочна аддае молаты танны "Жакей". Варта пакаштаваць. Панюхала яшчэ раз. Пах глебы ўжо не чула. Чула пах кавы. Таннай кавы, кепскай, але ўсё ж, кавы.
 Заварыла... Так, смак быў відавочна - смакам глебы з кветкавых гаршчкоў...
 - Ты што, - здзівілася Хіталі, - спрабавала на смак глебу ў кветкавых гаршчках?
 - Не, - кажу, - не спрабавала, - але пах... Відавочна - пах глебы, і наводзіць на думку, што і смак павінен быць таксама смакам глебы.
 - Тады трэба яго выкінуць, - сказала Хіталі.
 - Пачакай, - сказала я, - Спачатку я аднясу яго прадэгуставаць нашым каваманам. А раптам, мы не разбіраемся ў экзатычных гатунках? Ёсць жа цвілы сыр, так чаму ж не быць аналагічнай каве для аматараў? Аднясу Пятрову і Гарыку. Хай пакаштуюць, ацэняць...
 - Толькі не кажы, што гэта мая кава, - папрасіла Хіталі, - а то яны мяне заб'юць…
 - Добра, не скажу, - паабяцала я.
 ***
 Калі Гарык убачыў у мяне ў руках пакет з кавай і даведаўся, што я прынесла яго на дэгустацыю, вочы яго загарэліся як у ката, якому паказалі яго любімую рыбку.
 - Гарык, - сказала я, - калі табе гэта кава спадабаецца - увесь пакет твой. Але спачатку панюхай.
 Гарык засаромеўся ад такога каралеўскага дарунка, панюхаў і сказаў, што пах звычайны.
 Сыходзячы, я дадала:
 - Гарык, калі пакаштуеш - абавязкова скажы праўду. Калі не спадабаецца - прынясі назад і скажы: "Што за гадасць ты мне прынесла?"
 Гарык апошнія словы ўспрыняў за жарт. Ён, напэўна, падумаў: "Як, такая кава, і раптам - гадасць?"
 ***
 Праз некаторы час Гарык прыходзіць у наш пакой, збянтэжаны і з пакетам кавы ў руках.
 - Яна мне чамусьці не спадабалася, - спрабуе ён сказаць як мага мякчэй, каб не пакрыўдзіць мяне.
 - Значыць, яго трэба выкінуць.
 - Ні ў якім разе, - кажа Гарык, - хай пастаіць. Ужо, вельмі пакет прыгожы.
 ***
 І зараз ён стаіць, для гасцей… Так што, прыходзіце на каву, яе шмат, вельмі шмат… Кілаграм цэлы.


Рецензии