Зорка

орка
 На адной з маленькіх планет, якая згубілася на ўскрайку Галактыкі, жыла ў адной з норак вялікага мурашніка істота па мянушцы Крыс. Жыла, менавіта, у той час, калі ў Сусвеце нарадзілася новая, незвычайная, Блукаючая Зорка. Крыс быў зусім не пацуком, а маленькім павучком, малочна-шэрага колеру, зусім непрыкметным сярод тысяч сваіх суродзічаў, што снавалі туды-сюды, у пошуках ежы і відовішч. Але такое становішча зусім не задавальняла нашага героя: ён жадаў быць вялікім і значным, каб усе пазнавалі яго ў натоўпе, і шэптам перадавалі адно аднаму: “Бачыце, гэта ён, ну, той, каторы...  Але, вось што далей, і чым адзначыцца, Крыс ніяк не мог дадумаць: не хапала фантазіі.
 І вось аднойчы, седзячы ў фатэлі на лецішчы (так ён называў сваё павуцінне, раскіданае на даху хмарачоса) і сузіраючы зоркі, Крыс падумаў: “А можа мне пачаць пісаць вершы?”. Памучыўшыся некаторы час, ён выціснуў з сябе:

                Я помню дзіўнае імгненне...

 Але, здаецца, нехта калісьці пра такое ўжо пісаў раней... ці не? Але радок так яму спадабаўся, што ён вырашыў не тлуміць сабе галаву такімі дробязямі, а працягваць:

           Знайшлі мы смачнае пячэнне...
           І многа сыра і кілбас....
           І гэта быў цудоўны час...

 Крыс застаўся задаволеным сабой. Асабліва яму падабаўся першы радок. А астатняе было дадаткам да яго і тлумачэннем. І ён пачаў зноў:

             Ты соль, паэзія, ты – сыр...

 Тут ён амаль не зваліўся ад захаплення самім сабой, гэта ж трэба такое прыдумаць!... Ці, можа, хтосьці... ужо... “Але не, хопіць, я першы” – падумаў ён, і працягнуў:
 Твае ... б-р-р-р-в-в-в-з-з-з-ш-ш-ш-ш-Ш-Ш-ШШШШ...
 Шум, які нечакана узнікнуў, адцягнуў увагу Крыса ад вершапісання. Ен выпадкова глянуў угару, на зоры, якія сабраліся, менавіта, для таго, каб паслухаць, пра што ён чытае. І раптам, сярод такога знаёмага неба, убачыў новую зорку. Яе святло было такое нясцерпнае, так балюча рэзала вочы, прычым яна хутка набліжалася, са свістам і шыпеннем рэзала паветра, імчалася прама на яго, на Крыса, і не было ніякага паратунку. Крыс заплюшчыў вочы, каб нічога не бачыць, і зваліўся з фатэля ў пыл і друз, якога шмат назапасілася на яго лецішчы...
 ...Стрэй быў з клана трэўлераў. Хто такія трэўлеры – ніхто не ведаў. Новыя трэўлеры з’яўляліся нечакана, немаведама адкуль. А праз некаторы час знікалі, таксама немаведама куды. По словах выпадковых сведак яны з’яўляліся у вольнай, пустой, прасторы космасу пасля яркага выбліску святла. Але ад саміх трэўлераў нічога даведацца было немагчыма. Яны трымаліся паасобку не толькі ад астатніх, але таксама і адзін ад аднаго... Чым яны займаліся, ніхто не ведаў. Бачылі толькі, што яны скіталіся ад планеты да планеты, ні да каго блізка не падыходзілі, і спынялі ўсякія спробы іншых наблізіцца да іх...
 ...Стрэй апусціўся на край плато, на якім валялася шмат нерухомай жамяры. Буйнейшыя стварэнні разбягаліся і разляталіся ва ўсю моц у розныя бакі. Амаль ля самых яго ног сядзеў вялікі страшэнны  павук. Яго маленькія чырвоныя вочкі свяціліся ў цемры жахам і нянавісцю. Стрэй адышоў у бок, каб незнарок не наступіць на яго і агледзеўся. Пасля пераадолення атмасферы яго скафандр яшчэ слаба свяціўся, і асвятляў усё вакол на некалькі дзясяткаў метраў. Месца было не цікавае, не падыходзіла для запланаваных Стрэем спраў. Больш не марудзячы, ён адштурхнуўся ад плато, спачатку павольна, а потым усё хутчэй і хутчэй паляцеў угару, пакуль не растварыўся у чорным начным небе...
 ...Крыс з палёгкай глядзеў услед зорцы, якая хутка аддалялася, пакуль зусім не знікла. У галаве стаяў шум і трэск, і, невядома чаму, круціўся апашні радок з апошняга недадуманага верша:

                ...Маё наканаванне – ты...


Рецензии