Уздоуж па праспекце

ўздоўж па праспекце


Іду па праспекце. А насустрач - Арсень. А, можа, і не ён, але вельмі падобны. Некалькі гадоў я яго не бачыла. Валасы срэбным арэолам ахінаюць твар і сыходзяць назад, сабраныя ў хвосцік. Чаму такі сівы? Ранавата быццам бы. Постаць усё гэтак жа па-юнацку няскладная, пажыццёва відаць такая постаць. Заплечнік за спіной, гэта таксама пажыццёва. Паглядзела я на яго. А ён - на мяне. І я хуценька вочы апусціла. А, раптам не ён? Чаго тарашчыцца? А калі ён?  Што ён пра мяне падумае?

Я зусім забылася, што душа яго згубілася дзесьці ў нетрах маёй душы, прыціснутая зверху процьмай іншых душ, загружаных туды пазней. Я прыслухалася: ці варушыцца яна там? Так, варушыцца. Але ўжо не трывожыць. Ну, хай і сядзіць сабе ціха…

...Хай што жадае, то і думае, вырашыла я і пайшла далей.

Паглядзела я на неба: а там - вясёлка папярок чорнай хмары. Прычым абапал яе - фіялетавыя палоскі. Над чырвонай таксама фіялетавая. Прыгледзеўшыся ўважліва, я заўважыла, што паміж чырвонай і верхняй фіялетавай палоскай уціснулася яшчэ адна амаль незаўважная вясёлка ў зваротным парадку….

І ніхто гэтага дзіва не бачыць акрамя мяне, усё ідуць у зямлю ўткнуўшыся.
Я ішла і ўвесь час глядзела на вясёлку, а яна раставала, раставала, і вельмі хутка растала. Так шкада.

Потым гляджу - Тамара ідзе. Я ледзь не праскочыла міма. Спачатку я машынальна зірнула на яе, і яна на мяне зірнула, потым, калі я адвярнулася ад яе, да мяне дайшло: гэта ж Тамара! А Тамара ў гэты момант таксама адвярнулася, падумала, напэўна, што я яе бачыць не жадаю.
Тады я зноў паглядзела на Тамару. І яна на мяне зноў паглядзела.
- Тамара, прывітанне! - кажу, - я заўсёды ўспрымаю гэтыя выпадковыя сустрэчы з Тамарай як з анёлам. Так яна прыгожая душой і тварам.

Пагаварылі мы з Тамарай пра дробязі і разашліся.


Рецензии