Як мяне любяць котки

Як мяне любяць коткі

- Насілу прымусіў паглядзець у аб'ектыў, - Уладзімір Леанідавіч з любасцю глядзіць на фота.
Так, насамрэч, разваліўся кот на асфальце з раскошным камфортам, як на каралеўскім ложы.

- Не бачыла такога. Дзе вы яго знайшлі? - пытаюся.
- Там, на двары…


…Вяртаюся праз двор з абеду. Ля ўваходу, прыхінуўшыся спіной да бардзюра, разляглася на  асфальце котка Машка і пагардліва, скрозь шчылінкі вачэй глядзіць на Ўладзіміра Леанідавіча і Мікалая Мікалаевіча, якія стаяць у метры ад каралевы ў пачцівых паставах, крыху сагнуўшыся. І глядзяць на котку. Маўчаць, але відаць, што напярэдадні абмяркоўвалі яе каралеўскую паставу.

І тут да мяне дайшло: так гэта ж Машка на здымцы! Толькі ў жыцці яна шэрая, а не рудая.

- Машка! - сказала я, - Так гэта вы Машку фатаграфавалі?

Уладзімір Леанідавіч кіўнуў, не адрываючы пачцівага погляду ад коткі.
Усё астатняе здарылася для мяне нечакана:

- Машка, Машка… - прагаварыла я хуткамоўкай, як гаварыла Таня, якая падкормлівала Машку, - і пагладзіла котку па галоўцы.

І Машка пачала павольна паднімацца, выгінаючы спінку і пацягваючыся, і губляючы каралеўскі гонар. А я пагладзіла яе некалькі разоў, праводзячы рукой ад кончыка носа да кончыка хваста. І Машка танчыла ў мяне пад рукой, як звычайная хатняя котка. А Ўладзімір Леанідавіч і Мікалай Мікалаевіч, застыўшы ў напаўсагнутых паставах з адкрытымі ратамі, як саляныя слупы, назіралі. Яны баяліся да яе падысці, а тут так з каралевай абыходзяцца.

Я пайшла, а Машка паскакала за мной. І мне было жудасна сорамна, паколькі нічога ядомага ў мяне з сабой не было. А два застылых саляных слупа ўсё гэтак жа з адкрытымі ратамі, глядзелі Машцы ўслед.


Рецензии
Ах, якая Машка!

Нероли Ултарика   17.09.2014 20:37     Заявить о нарушении
ДЗякуй, машка - усім машкам машка. ☺

Дарота Баркоуская   18.09.2014 08:56   Заявить о нарушении