У чорных выдмах

///Вольны пераклад верша Zothique Кларка Эштана Сміта. У яго творчасць я проста закаханая, і гэтаму аўтару абавязана я вельмі многім – натхненнем перадусім//


У чорных выдмах спачывае змрок
За край Зямлі, згасаючы, сыходзіць
Старое Сонца – цьмяны вугалёк,
Пустыня дэманаў ў сутонні спіць і мроіць.

Ён застанецца тут, блукаючы, як здань,
Ў базальтавых пясках на дне былога мора,
Дзе рэшткі гарадоў глытае прагна твань
І богі даўніны дранцвеюць ў горкіх мроях.

Ў яго ўспамінах --  хараство  садоў,
Найлепшых  на апошнім кантыненце,
Дзе п’юць сімургі хмельны сок пладоў --
Крывавы лал на аксаміце вецця.

Няма іх. Згінулі. У цені чэзлых дрэў
Ён застанецца з келіхам ў далоні --
Згарчэлае віно, пяскоў хаўтурны спеў,
Старой Імперыі спустошанае ўлонне.

Ён зведаў жарсць юрлівых дэманіц,
Блюзнерства ламій ў цемры сутарэння --
Хто смагу наталяў з атручаных крыніц,
Ў пяшчотах дзеў не знойдзе суцяшэння.

Ён бачыў бездань – ледзяны абшар,
Насуперак насланню чарадзеяў
Шукаў вяршыні гор у атачэнні хмар,
Абрысы спічакоў у мораку завеяў.

Ён застанецца тут – і стане за стырно
Галеры, кінутай нядбайным экіпажам,
Скажоных зор бязглуздае  святло
Ды  хіжы Месяц шлях яму падкажуць.


Рецензии
Прывітаньне, Неролі.
***
цудоўна перакладаеце.
жахлівы, змрочны, але паэтычны малюнак.

Барбара Спотка-Козиуска   08.10.2014 11:37     Заявить о нарушении
Дзякуй, Барбара!

Нероли Ултарика   09.10.2014 21:08   Заявить о нарушении
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.