Трызненне шэра ружовае у сiнi льдоу
***
23 кастрычніка 2014 гады
…Нам абяцалі снег. Але снегу, відаць, на ўсіх не хапіла. Далі адзін мароз. Іду на працу. Холадна, цёмна, неба чорнае, і нават ня ведаю, у хмарах яно ці не. Можа, я ўжо такая сляпая, што зорак не бачу…
…Паступова перабіраемся на Туплашчадку. Сёй-той ужо там. Падпаўзае чарга і да мяне. Учора начальнік сказаў мне выключыць адзін з маіх кампутараў. І мы з ім яго спакавалі ў скрынку. І зараз ён стаіць у скрынцы, чакае аказіі. А я працую на другім, пакінутым. Нязручна, як усё адно, скакаць увесь час на адной назе. Прывыкла я да двух кампутараў, распесцілася. Часам яшчэ і на трэцім працую. Дайце мне дзесяць, я і на іх змагу працаваць адначасова…
***
…Звярнуўшы з вуліцы Карла Маркса направа, каб прайсці на праспект, я патрапіла на дарожку, выкладзеную шурпатым бледна-ружовым гранітам, якая вядзе ўніз з вельмі высокай і стромкай гары. Дарожка была хвалістая, і складалася з некалькіх фрагментаў, падзеленых невялікімі гарызантальнымі фрагментамі.
І я заслізгала весела і хутка ўніз. Хоць паверхня была шурпатай, але слізгалася не горш, чым па лёдзе. А як, напэўна, тут выдатна ўзімку катацца, на санках…
…А далёка ўнізе гары маячыць сажалка, і дарожка вядзе проста ў яе.
Нічога, хуткасць невялікая, паспею своечасова павярнуць у бок.
Але калі я апынулася на беразе сажалкі, мяне так невыносна пацягнула ў ваду, яна была такая чыстая і празрыстая, кожны каменьчык, і нават кожная пясчынка былі добра бачныя.
Але дно проста ад берага так стромка пайшло ў глыбіню, што я спалохалася і пашкадавала пра тое, што палезла ў ваду. Але было ўжо позна. І пацягнула мяне туды са страшнай сілай, і ўспомніла я, што на дне, магчыма, утойваюцца ўсякія пачвары страшыдлы, і пачула за спіной шыпячы голас:
- Ага, папалася…
- Нічога не папалася, - адчайнадушна кажу я, - гэта ўсяго толькі сон, а я цяпер насамрэч еду ў аўтобусе…
…І сапраўды: сяджу я ў аўтобусе, ля вакенца. Перада мной яшчэ дзяўчына сядзіць. А салон у аўтобуса шырокі, як пакой.
І заходзіць рэвізор.
- Што ў вас? - пытаецца яна ў мяне здалёк.
Я дастаю з кішэні талончык, на ім толькі адзнака кіроўцы ў выглядзе дзірачак, як на костцы даміно "шэсць-шэсць". Але няма на ёй адзнакі кампосцера, пячаці, і подпісу Галоўнага Бухгалтара і Дырэктара. Але я спадзяюся, што рэвізор на такой адлегласці на гэта не зверне ўвагі.
- Бачыце, - кажу я рэвізору, - кіроўца адзначыў…
Яна безуважліва ківае галавой…
…Тут я неспадзявана націснула спросонку, напэўна локцем, выпадковую камбінацыю клавіш, што раптам апынулася разам са сваім кампутарам на Паўночным Полюсе. Вакол снег, мароз, мой кампутар патануў у снезе, і толькі скрозь круглае адталае вакенца можна ўбачыць сярэдзіну манітора.
І як я зараз да меню дабяруся, каб вярнуцца зваротна? Дзьму на змёрзлыя пальцы і хаваю рукі ў рукавы, каб хоць крыху адагрэцца. Гляджу ў круглае вакенца ў снезе на манітор, і ўсё не ведаю, што рабіць…
…Гэта трэба ж, які сон сасніўся! Трэба неадкладна яго распавесці. Рэвізор тым часам пайшла далей, а я падсела да Алы і стала ёй распавядаць пра Паўночны Полюс. Ала слухала з цікавасцю, але тут наперадзе апынулася вольным вельмі зручнае месца, на якое Ала даўно марыла сесці. І яна хутка перасела. А я пацягнулася следам, паколькі свой аповяд толькі пачала, і мне не карцела яго дараспавесці.
- Ну, так слухай далей, - кажу
Ала паглядзела на мяне з ветлівай увагай, і было відаць, што ёй зусім не цікава. Але я не магла спыніцца. Тут Алу зноў штосьці адцягнула. Ці то яна зноў перасела, ці то з ёй хтосьці загаварыў. Памятаецца, некалькі разоў я спрабавала распавесці ёй гэту захапляльную гісторыю з чароўнай камбінацыяй клавіш, але распавяла ці не, не памятаю…
Свидетельство о публикации №214102300512
...а гэта проста перадзiмовая Восень, гэта яна дорыць чароўныя трызненнi...:)
З сэрцам,
Наташа Ружицкая 23.10.2014 21:50 Заявить о нарушении
На жаль, захварэла. Няўжо сон прарочы?
Ляксандра Зпад Барысава 27.10.2014 11:28 Заявить о нарушении