Эпiдэмiя

Гэты просты рэцэпт Сашку Куляшову падказалі хлопцы з трэніроўкі – Саня яшчэ ўлетку пачаў хадзіць на акадэмічнае веславанне і цяпер нават рабіў там сякія-такія поспехі. Але адна справа – спорт, а зусім іншая – матэматыка, да якой у Сані ніколі не было ніякай схільнасці.

Дык вось. Ледзь Куляшоў заікнуўся ў распранальні пра тое, што заўтра яму давядзецца рашаць кантрольную па ненавіснай алгебры, і з розных бакоў адразу пасыпаліся парады, як гэтага пазбегнуць. Спосабаў было шмат, але Сашу спадабаўся толькі адзін – з яго дапамогай можна было выклікаць у сябе самы сапраўдны грып. Дастаткова было разліць на роўную паверхню трошкі канцылярскага клею, які ў любым шапіку прадаецца ўсяго за 17 капеек, пачакаць, пакуль ён высахне, ператварыўшыся ў нейкае падабенства шкла, потым расцерці яго да стану парашку, і гатова справа! Можна адважна панюхаць самую дробку, і ўсе сімптомы грыпу забяспечаны: чырвоныя хваравітыя вочы, кашаль, соплі з носа струменем, а заадно і чых праз кожныя дзве хвіліны. Не будзе толькі адпаведнай тэмпературы, ды хто ж стане адразу мераць тэмпературу ў дзіцяці, якое апынулася ў такім адчайным становішчы!

Клей Саня прадбачліва захапіў з дому, ўсё адно ў ягоных бацькоў гэтага клею заўсёды на верхняй паліцы шафы ў калідоры было зашмат. Навошта толькі маці кожны год перад першым верасня купляла яго ў такой колькасці? Знікнення адной бутэлечкі хутчэй за ўсё ніхто і не заўважыць.

Першы ўрок, беларускай літаратуры, які быў прысвечаны вобразам прыроды ў роднай паэзіі, прайшоў непрыкметна. Зрэшты, Саня асабліва і не слухаў – мармыча там штосьці Яніна Паўлаўна пра Багдановіча і Коласа, ну і хай сабе мармыча. Галава няўдачлівага матэматыка была занятая зусім іншымі рэчамі: думкамі пра тое, як зрабіць ўсё так, каб ягоную падрыхтоўку і далейшыя дзеянні хто-небудзь не заўважыў. Ворагаў сёння у Сані было дастаткова: гэта і выдатніца-зануда Ірка Драбязкіна, якая яшчэ зранку здзекавалася з яго хуткага і бязлітаснага алгебраічнага пакарання, і ягоны даўні супернік за званне самага бесталковага вучня ў класе, дапытлівы і шумны Сяржук Ўнук, і, уласна кажучы, сама Яніна Паўлаўна. Тая хаця і была ўжо па-старэчаму няўважлівай, але ў час заняткаў мела звычку крочыць паміж парт, распавядаючы пра сваіх улюбёных класікаў – так што магла штосьці і прыкмеціць.

Дзейнічаць Саня вырашыў на другім уроку. Выпадак быў самы той. Па-першае, Яніна Паўлаўна замест урока беларускай мовы працягвала разважаць пра вобразы роднай прыроды – першых сарака пяці хвілін закаханай у беларускую літаратуру настаўніцы было занадта мала. Праўда, да гэтага часу яна крыху стамілася, а таму вяла ўрок, седзячы за сталом. Па-другое, на бясконцым маналогу настаўніцы амаль усе ў класе пакрысе паснулі – так што Саня мог не асцерагацца зацікаўленых поглядаў з бакоў. Ну і па-трэцяе, калі ўжо і адпрошвацца ў каго дамоў, дык гэта толькі ў Яніны Паўлаўны – алгебра павінна была пачацца адразу пасля вялікага перапынку, а строгая і скурпулёзная матэматычка магла і не даць веры хваробе, якая здарылася менавіта з Санем і менавіта ў час кантрольнай.

- Ганка, затулі мяне крыху, - папрасіў сваю суседку па парце Ганку Свідзерскую Саня. Ганка была сваёй “у дошку” дзяўчынкай, і лаяўся з ёю Саня толькі ў самым пачатку іхняга суседства – калі пасля чарговай балбатні на уроку біялогіі класная кіраўніца адсадзіла Саню ад яго дакладнага таварыша – іншага Сані, Рудкоўскага.

Ганка кіўнула і паслухмяна нахілілася злёгку наперад, затуляючы сабой Саню. Пад абаронай баявой сяброўкі той дастаў “дыпламат” і паціху вынуў з яго клей. Ганка ўвесь гэты час зацікаўлена сачыла за ім, рызыкуючы зарабіць сабе касавокасць.

- Гэта што? – ціха спыталася яна ў Сані.

- Клей! – шэптам адказаў той.

- Навошта?

- Буду грып у сябе рабіць.

Здзіўленая Ганка павярнулася да Сані, і ў гэты момант раздаўся грук асадкай па стале.

- Куляшоў! Свідзерская! Вы замінаеце весці ўрок, - вядома, гэта Яніна Паўлаўна звярнула ўвагу на двух змоўшчыкаў.

Абое вучні прыцішэлі, і толькі праз хвіліну Саня працягнуў свае падрыхтоўкі. Ён акуратна пратыкнуў каўпачок бутэлечкі шпількай, якую прычапіў за лацкан пінжака яшчэ раніцою, наліў на стол невялікую лужынку клею і пачаў чакаць пакуль яна высахне. Ганка працягвала ўважліва сачыць за ім. Клей засох ў той момант, калі Яніна Паўлаўна скончыла з вобразамі прыроды і вырашыла, нарэшце, перайсці да урока беларускай мовы. Той жа шпількай Саня паціху пачаў крышыць шкло, у якое ператварыўся засохлы клей.

- Ну хто там грукае? – раздражнёна спыталася настаўніца. – Ці гэта Ўнук?

- Не, Яніна Паўлаўна! - пакрыўджана адклікнуўся басам Сяржук.

- Тады хто? – не сцішалася Яніна Паўлаўна. – Няўжо зноў Куляшоў са Свідзерскай? Дзеці, я вас выганю з урока!

На шчасце, Саня ўжо скончыў са сваімі справамі і цяпер рыхтаваўся ўдыхнуць у сябе белы пыл, які атрымаўся з клею. Яму было страшна. Ды яшчэ і Ганка глядзела на яго амаль з пагардай – нібы ён наркаман які.

- Апчхі! - удых белага пылу адразу ж прывёў да патрэбнага выніку. З саніных вачэй паліліся слёзы, у горле запяршыла, а нос здрадліва засвярбіў. – Апчхі! Апчхі! Апчхі! - чхнуў Саня тры разу запар і выклікаў тым усеагульны смех у класе.

- Куляшоў! - злосна павярнулася да яго настаўніца. – Ды што з табой сёння?

- Вой, прабачце, калі ласка, Яніна Паўлаўна, - санін голас быў ужо дастаткова гугнявым, а нос, якім Саня безупынна шморгаў, выдатна дапаўняў неабходны вобраз хворага вучня. – Расхварэўся я нешта.

- Як ты сябе адчуваеш, Куляшоў? – настаўніца, бачачы хлопчыка, які яўна загрыпаваў, не на жарт спалохалася і адразу стала ласкавай.

- Кепска, Яніна Паўлаўна! – адказаў Саня. – Рукі-ногі ломіць, у галаве шуміць.

- Так, давай жыва бяжы ў медпункт, а потым дахаты. Сам дойдзеш? Ці табе даць каго-небудзь, каб праводзілі дамоў?

- Можна я, можна я? – пачаў скакаць на сваім месцы, цягнучы руку ўгору, лепшы сябар Куляшова Саня Рудкоўскі.

- Што “можна я”, Рудкоўскі? – цяпер ужо сваю злосць ад сапсаванага урока звярнула на Саневага цёзку настаўніца. – Табе я наўрад кагосьці даручу праводзіць!

У класе засмяяліся.

- Ды не, Яніна Паўлаўна, - зірнуў на свайго сябра са шкадаваннем Куляшоў. – Нікога не трэба. Я сам дайду дамоў.

Саня пачаў збіраць у “дыпламат” свае рэчы, працягваючы шморгаць носам. Пад пільнымі поглядамі сваіх аднакласнікаў ён пакінуў клас. Нават у ягонай хадзе адчувалася нешта хворае і брыдкае.

- Апчхі! – сказаў ён класу “на развітанне”, і ўсе зноў засмяяліся.

- Ну, усё-ўсё, дзеці, - настаўніца пастукала асадкай па стале. – Давайце працягнем!

“Свідзерская, перадай паціху мне клей. С. Калі ласка”, – цыдулка плюхнулася перад Ганкай, калі Яніна Паўлаўна павярнулася да дошкі. Ганка разгарнулася да Рудкоўскага і ўважліва паглядзела на яго. Вядома ж, Куляшоў не мог не падзяліцца сваім сакрэтам з лепшым сябрам перад тым, як пачаць штосьці рабіць. Таму і зразумела адразу Ганка, што гэта за “С.” такі з цыдулкі. Праўда, глядзела яна на яго толькі за тым, каб паспрабаваць спыніць зайдроснага таварыша. Не такая ўжо і дурніца Яніна Паўлаўна, каб не здагадацца, што адбываецца, калі фокус з хворым вучнем паўторыцца. Аднак у вачах у куляшоўскага цёзкі было гэтулькі пакуты і малення аб літасці, што Ганка не вытрымала і падабраўшы момант, калі Яніна Паўлаўна зноў павернецца да дошкі, спрытна кінула пластмасавую бутэлечку якраз ў рукі Рудкоўскаму. Той злавіў “пасылку” і ўдзячна паглядзеў на верную баявую сяброўку. Ганка, абхопленая нядобрымі прадчуваннямі, выразна прыставіла да вуснаў паказальны палец. “Не, не дапаможа! Усё адно цяпер будзе хворы нумар два”, - з роспаччу падумала яна.

Гэтак і атрымалася. Літаральна праз дзве-тры хвіліны пачулася характэрнае пастукванне па стале, яшчэ праз хвілінку шумнае ўцягванне носам Рудкоўскага зелля, і адразу ж - голаснае ягонае “Апчхі!”

- Рудкоўскі! – настаўніца аж прыскокнула на месцы, выклікаўшы ў класе выбух рогату. – Ці ты здзекуешся? Навошта ты чхнуў?

- Прабачце, Яніна Паўлаўна, я не знарок, - прагугнявіў басам “хворы нумар два”. - Мы з Куляшовым учора разам у хакей на панадворку гулялі. Відаць, я таксама прастыў.

Настаўніца з недаверам паглядзела на Саню, але той так пераканаўча чхнуў другі раз, што Яніна Паўлаўна вырашыла адправіць “дахаты праз медпункт” і яго таксама.

“Ну, пачалося,” – падумала разумная Ганка, ледзь за Рудкоўскім зачыніліся дзверы. Ці то кантрольная па алгебры была прычынай, ці то тая лёгкасць, з якой Яніна Паўлаўна адпускала хворых вучняў, але да канца ўрока дамоў былі адпраўлены яшчэ тры чалавекі. Апрача Ўнука, які таксама не жадаў браць удзел у матэматычнам пакаранні, “хворымі” сталі цвёрды “харашыст” Андрэй Пугач і нават адна дзяўчынка, Алена Багданава. Тая была вядомая ўсім сваёй цікаўнасцю, да таго ж была суседкай Рудкоўскага. Яна нават нічога не прасіла ў настаўніцы – проста паўтарыла ўсе дзеянні свайго суседа, і была адпушчана дадому, як толькі пачала чхаць і гучна шморгаць носам. Ці трэба казаць про тое, што адчувала настаўніца, на ўроку якой здарылася сапраўдная эпідэмія грыпу. Урок быў безнадзейна сапсаваны, у паветры літаральна кружыліся шкодныя бацылы небяспечнага грыпу, і нават сама ўражлівая Яніна Паўлаўна ў рэшце рэшт вырашыла пайсці дамоў адразу пасля другога ўроку – яна таксама пачала адчуваць сябе дрэнна.

На вялікім перапынку вестка пра тое, як гарантавана адправіцца дамоў, хутка абляцела ўсю паралель сёмых класаў, злёгку закрануўшы частку класаў шостых і восьмых. На шчасце, пятыя і чацвёртыя класы навучаліся ў другую смену, класы з першага па трэці размяшчаліся ў асобным корпусе, а дзявятыя-дзясятыя – былі зусім дарослымі і ў "дзіцячыя гульні" не гулялі. Аднак, усё адно, на трэцім уроку перад школьным медпунктам выбудавалася невялікая чарга з смаркатых вучняў, якія гучна чхалі і кашлялі. Мэтай усіх гэтых дзяцей было адно: атрымаць афіцыйны дазвол сысці са школы. Таму кожны з іх імкнуўся асабліва ўразіць школьнага фельчара Таццяну Васільеўну. Хтосьці да сімптомаў грыпу дадаваў скаргі на боль ў страўніку, хтосьці – на галавакружэнне, а самыя адчайныя – на немагчымасць дыхаць. Зразумела, што фельчар, якая яшчэ некалькі гадзін таму не магла нават уявіць сабе сённяшні жах, была ў шоку ад памераў і хуткасці распаўсюджання страшнай эпідэміі. У сярэдзіне трэцяга урока да медпункта прыйшлі яшчэ тры вучні з сёмага “А” – таго самага класа, адкуль пачалася распаўсюджвацца “зараза” – у сапраўднасці, гэта былі тыя, хто зразумеў, што не зможа вырашыць кантрольную, разабраўшыся ва ўмовах заданняў, напісаных на дошцы строгай матэматычкай Наталляй Францаўнай.

Нарэшце фельчар Таццяна Васільеўна не вытрымала – пад стогны пацыентаў, якія чакалі сваёй чаргі, яна хутка замкнула дзверы медпункта і пабегла да дырэктрысы школы.

- Людміла Іванаўна! – уварвалася ў дырэктарскі кабінет фельчар, адпіхваючы сакратарку Ніну, якая паспрабавала спыніць медпрацаўніка. – У нас надзвычайнае здарэнне!

Людміла Іванаўна паморшчылася. У яе сядзела матуля аднаго з вучняў, і дырэктрыса зусім не жадала, каб пра якое-небудзь здарэнне, хай нават і "надзвычайнае", хтосьці даведваўся адначасова з ёю.

- Ну, што ў вас там здарылася, Таццяна Васільеўна? – спыталася яна салодкім голасам, скоса паглядаючы за сваёй госцяй.

- Эпідэмія! – адказала фельчар. – Моцная, хуткая і небяспечная! Пачынаючы з другога ўроку, я была змушана адпусціць ужо чалавек пятнаццаць. Перад кабінетам чарга стаіць яшчэ чалавек дваццаць.

Дырэктрысу прабіў халодны пот. Яна адразу ж забылася пра сваю госцю, паднялася з-за стола і амаль крыкнула медпрацаўніку:

- Чаго ж вы стаіце? Хадзем паглядзім на гэтых хворых!

Дзве жанчыны накіраваліся да медпункта: займаючы сабой амаль усю шырыню вузкага калідора, Людміла Іванаўна ішла шырокім жаўнерскім крокам, крокам сапраўднага гаспадара тэрыторыі, а за ёю, спрабуючы патрапіць у выразны рытм дырэктрысы і адначасова з гэтым знайсці сабе “месца” ў калідоры, блытана тупала далікатная фельчар.

- А тэмпература? – спытала Людміла Іванаўна.

- Паспела змерыць толькі ў двух вучняў – у абодвух нармальная. Але ж усё астатняе! Гэта самы сапраўдны грып! Нейкі ранні, хуткі і небяспечны грып! Гэта жах! Трэба пагаварыць з іншымі школамі – ці ў іх гэтак жа, як і ў нас?

- Гэта адразу варта было зрабіць! – пагадзілася дырэктрыса. – Але што будзе, калі гэтая эпідэмія пачалася менавіта з нас? Ці яшчэ жахлівей – яна наогул кранула толькі нас, нашую школу?

Апошняя думка была настолькі жахлівай, што Людмілу Іванаўну накрыла другая хваля халоднага поту.

Школьныя працаўніцы падайшлі да медпункта. Побач з ім сядзела і стаяла вялікая колькасць вучняў сёмых, восьмых і шостых класаў, якія безперапынна чхалі, гучна шморгалі носамі і размаўлялі паміж сабой дзіўна брыдкімі гугнявымі галасамі. Усе яны, вядома ж, калі б іх спытаць, распавялі кожны сваю ўласную гісторыю пра тое, як яны учора пілі халоднае малако, ці гулялі на панадворку, ці спалі з адчыненым вакном, яны нават цяпер, размаўляючы адно з адным, казалі нешта асаблівае. Але было ў іх штосьці незаўважна агульнае – нейкая таямніца аб’яднала іх разам. Вопытная настаўніца, “заслужаны працаўнік адукацыі” Людміла Іванаўна адчула гэта адразу, але нават яе збянтэжылі такія сапраўдныя сімптомы. “Ну не можа быць, каб яны гэтак натуральна гралі хваробу, - думала цяпер дырэктрыса, - Соплі вось, соплі сапраўдныя!” І чарговая хваля халоднага поту накрыла яе зноў.

Са ступару вывела Людмілу Іванаўну фельчар.

- Я патэлефанавала ў сёмую і чатырнаццатую школы – у суседзяў усё нармальна. Яшчэ на ўсялякі выпадак патэлефанавала ў сто семдзясят шостую, на іншым канцы горада – шчыра кажучы, тэлефанавала наўздагад, там таксама пакуль усе здаровыя.

Слова “пакуль” канчаткова прымусіла дырэктрысу ўзяць сябе ў рукі. Жах, які спачатку ахапіў яе, перастаў змагацца з падазрэннем да сваіх вучняў. Ёй цалкам авалодаў грамадзянскі абавязак – гэтак, як яго разумелі ўсе савецкія людзі. “Пакуль усе здаровыя” – стукала ў галаве Людмілы Іванаўны і перад вачыма ўстаў светлы вобраз Лявона Быкава з фільма “Дабраахвотнікі” – там, дзе ён пісаў развітальны ліст у падводнай лодцы. “Я павінна ўратаваць горад. Калі ўжо нам наканавана загінуць ад гэтай хваробы, так хай хаця б астатнія людзі жывуць”, - думала Людміла Іванаўна, калі йшла да сябе па вузкім калідоры.

- Хуткая? – павольна сказала Людміла Іванаўна, набраўшы на тэлефоне нумар “03”, - Гаворыць дырэктар школы нумар дзвесці сорак чатыры Папова. У нашай школы здарылася эпідэмія грыпу. Хвароба распаўсюджваецца з вялікай хуткасцю, дадому было адпушчана каля дваццаці вучняў. Іх прозвішчы і адрасы ўдакладняюцца.

Хуткая рэкамендавала нікога больш са школы не адпускаць, зачыніць усе дзверы і вокны і чакаць прыбыцця адмыслоўцаў…

Адмыслоўцы, апранутыя як у фільмах-катастрофах у гумавыя гарнітуры з галавы да пят і ў рэспіратары, прыехалі праз паўгадзіны на аўтобусе “ПАЗ”. Аданчасова з імі да школы прыйшло шмат міліцыянтаў, якія відавочна не паспелі пераапрануцца, толькі тыя ж рэспіратары злавесна  красаваліся на іх тварах гэтак жа, як і на тварах працаўнікоў санэпідстанцыі. Зразумела, усе ўрокі ў школе былі адменены, усе вучні шостых-восьмых класаў былі абследаваныя і накіраваныя ў розныя лячэбныя ўстановы горада – на каранцін. Туды ж загрымелі ўсе дзеці, якія былі адпушчаны дамоў раней. Толькі ўявіце сабе здзіўленне Сашкі Куляшова, які ўжо рыхтаваўся да таго, як будзе граць увечары сваё выздараўленне перад бацькамі, калі да яго прыйшлі персанажы фільмаў жахаў у гумавых гарнітурах і прымусілі яго сесці ў адмысловы аўтобус да інфекцыйнай лякарні. Жах і дакор у вачах Ганкі Свідзерскай – вось, што ўстала перад вачыма Куляшова, калі ён садзіўся ў “заразны аўтобус”. Ён раптам зразумеў, якого страшнага духа выпусціў з бутэлькі сёння – цяпер у ягоным горадзе бушуе сапраўдная “эпідэмія”, а пачалося ўсё з яго, з вучня сёмага класа, Аляксандра Куляшова…


***

На раскрыццё таямніцы “страшнай хваробы” адмыслоўцам у медыцыне спатрэбілася менш адных сутак. Адначасова з гэтым настаўніцы школы №244 даведаліся праўду, даведаліся, дзякуючы выдатніцы Ірцы Драбязкінай. Тая патэлефанавала ўвечары нават не сваёй класнай кіраўніцы, а адразу ж Яніне Паўлаўне, і распавяла ўсё пра тое, што было ёй вядома. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры спачатку супакоілася – яна ўжо думала пра сябе халера ведае што, уключаючы тое, ці не пара ёй на супакой. Бо гэта ж на яе ўроку пачалася тая страшная эпідэмія, а яна не змагла яе спыніць, уберагчы дзяцей, за жыцці якіх цяпер змагаюцца медыкі. Але потым, калі да настаўніцы нарэшце дайшоў сэнс слоў выдатніцы – масавы падман пачаўся менавіта на яе ўроку – Яніна Паўлаўна па-сапраўднаму зарыдала. Яна набрала нумар дырэктрысы і праз слёзы перадала ёй інфармацыю ад Драбязкінай.

- Усё, Людміла Іванаўна, я гэтак больш не магу. Я ім сёння пра вобразы роднай прыроды, а яны, аказваецца, да гэтай масавай хваробы рыхтаваліся! Усё, звальняйце мяне – я больш гэтага не вытрымаю! – скончыла сваю тыраду настаўніца.

Атрымаўшы інфармацыю, дырэктрыса спачатку, як магла, заспакоіла сваю працаўніцу, прапануючы вярнуцца да размовы пра звальненне крыху пазней, калі сціхне шум ад “эпідэміі”. Пасля гэтага яна упэўнена набрала нумар таго куратара з санэпідстанцыі, які трымаў з ёй сувязь сёння ўвесь дзень.

- Ну, ведаеце, Людміла Іванаўна! – абурана сказалі на тым канцы провада. – Я гэтага так проста не пакіну, і Вы яшчэ будзеце адказваць за тое, што не можаце кантраляваць сваіх вучняў!

Дырэктрысе было ўжо ўсё роўна – яе душа пачала заспакойвацца, яна магла больш не хвалявацца за здароўе сваіх вучняў і за тое, што на горад рухаецца цяжкая і небяспечная эпідэмія. Гэта былі проста дзіцячыя гульні. Настаўніца нават паспела пахваліць сябе за свой педагагічны талент, бо нейкую таямніцу ў вачах “хворых” яна заўважыла яшчэ каля медпункта. Так, яны абавязкова павінны адказаць за ўвесь той жах – хтосьці трапіць на ўлік у дзіцячы пакой міліціі, хтосьці будзе ў пакаранне нешта рабіць для роднай школы, а кагосьці, магчыма, і бацькі нават адлупцуюць – каб непанадна было… Але гэта ўсё будзе потым, а пакуль – спаць.


***

Нягледзячы на тое, што трывога, якую паднялі настаўніцы, апынулася ілжывай, школа не працавала тры дні. Дзяцей, якія, дзякуючы сваёй “хваробе”, трапілі ў лякарню, бацькі забралі дамоў таксама праз тры дні. Перад гэтым, праўда, усе яны былі дапытаны ўважлівымі міліцыянтамі наконт таго, як атрымалася тая самая “эпідэмія”. Пакуль было невядома, хто, акрамя першых двух недарэк, трапіць на ўлік у міліцыю, але жаху і сполаху паміж удзельнікаў падзей было дастаткова.

У першы ж навучальны дзень пасля каранціну на вялікім перапынку дырэктрыса сабрала амаль усіх вучняў на незапланаваную “лінейку” – не было толькі чацвёртых-пятых класаў, якія навучаліся ў другую змену. Спакойна трымаліся толькі вучні дзявятых-дзясятых класаў. Яны ўсе былі дастаткова дарослымі і нечаканыя вакацыі ў зачыненай на каранцін школе нават асабліва іх не ўзрадавалі. У восьмых і шостых класах адчуваўся нейкі неспакой, але па-сапраўднаму хваляваліся ў класах сёмых – асабліва ў сёмым “А”, дзе “хворых” было больш за іншых. Вучні гэтай паралелі паводзілі сябе нязвыкла ціха і баязліва.

- Дарагія мае дзеці! – пачала Людміла Іванаўна. – У нашай школе адбылося надзвычайнае здарэнне. Некалькі вучняў шостых, сёмых і восьмых класаў, я нават не буду гаварыць іх прозвішчы, вырашылі сыграць у хворых – з дапамогай хімікатаў адлюстравалі ўсе сімптомы грыпу!

Як толькі дырэктрыса вымавіла слова “хімікаты”, у шэрагах вучняў пачуўся шэпт: “хімікаты, хімікаты, гэта ж звычайны клей – а што, клей – гэта не хімікат табе?” Настаўніцам некаторых класаў нават давялося супакойваць асабліва гучных балбатуноў.

- Пакаранні, безумоўна, будуць! – працягвала Людміла Іванаўна. – Куляшоў і Рудкоўскі, тыя, хто прынёс гэтую ідэю ў школу, ужо на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі, – у гэтым месцы прамовы зноў паміж вучняў пачалося гучнае абмеркаванне навіны. - Але галоўнае нават не ў гэтым, а ў тым, што цяпер наша школа трапіла на асобы кантроль з боку аддзела народнай адукацыі. Ніякіх турыстычных паездак на вакацыях, ніякіх патуранняў, але шмат праверак і татальны кантроль за ўсімі намі!

З кожным словам Людмілы Іванаўны настрой удзельнікаў “лінейкі” – і настаўнікаў, і вучняў, станавіўся горш. Што ўжо гаварыць пра галоўных вінаватых – двух Аляксандраў, Куляшова і Рудкоўскага. Тым, можна сказаць, неба стала з аўчынку. Але самую непрыемную навіну сказала нават не дырэктрыса, а завуч школы, хуткая і ўважлівая Ірына Генадзьеўна. Яна ўзяла слова адразу ж пасля Людмілы Іванаўны. Праўда, ёй спатрэбілася пару хвілін, каб супыніць дзіцячы гоман.

- Увага! Увага, дзеці! У мяне яшчэ некалькі аб’яў для вас! У сувязі з тым, што наша школа не працавала тры дні, уключаючы той дзень, калі пачалася гэтак званая “эпідэмія”, аддзел адукацыі вырашыў адмяніць нам на тры тыдні выходныя дні па нядзелях. Гэта значыць, што ў бліжэйшую нядзелю мы з вамі будзем працаваць па тым раскладзе, які быў у дзень пачатку “эпідэміі”, далей – па раскладзе серады, далей – чацвярга. І яшчэ, – дадала завуч, - Усе кантрольныя, усе дыктоўкі, якія так хацелі сапсаваць “хворыя”, адбудуцца, як і павінна быць. За аўторак – у першую нядзелю, за сераду – у другую, за чацвер – у трэцюю.

Нечакана для ўсіх гэтыя словы вучні, якія былі ўжо падрыхтаваныя да самага горшага, сустрэлі магільным маўчаннем. Настрой канчаткова быў сапсаваны. Але, пэўна, больш за ўсіх гэтая навіна засмуціла баявую сяброўку абодвух вінаватых, Ганку Свідзерскую. Роўна на два дні з гэтых трох выходных ў яе былі багатыя планы. У горад прывезлі нарэшце амерыканскі фільм “Знесеныя ветрам”, але карціна была такая доўгая, што паказ у “Кінаклубе па нядзелях”, куды Ганкіны бацькі з такой цяжкасцю набылі квіткі, быў падзелены на дзве часткі. І абедзве гэтыя часткі Ганка мусіць прапусціць! Гэта было невыносна – яна так доўга чакала гэтае кіно, яна так хацела паглядзець на Вівьен Лі ў ролі Скарлет О’Хары! І ўсё з-за двух дурняў, аднаму з якіх яна нават дапамагала зрабіцца “хворым”.

-  Куляшоў! Як жа я цябе ненавіджу! – у сэрцах вымавіла Ганка і раптам стукнула па галаве свайго суседа па парце тоўстым падручнікам беларускай літаратуры, які яна трымала ў руцэ.

Здзіўлены Сашук павярнуўся да сваёй сяброўкі, у вачах ягоных памутнела, і ён з грукатам паваліўся на падлогу. Гэта так напалохала ўсіх навокал, што да яго нават не адразу ж звярнуліся. Першым гэта зрабіла дырэктрыса школы Людміла Іванаўна:

- Куляшоў! Ты чаго?

Але той не адказваў. Яму стала раптам неяк кепска, галава ягоная закружылася, і ўвесь свет быў для яго непрыветны…

“Хуткая”, якую выклікалі ў гэты раз выключна для Куляшова, дыягнаставала ў яго страсенне мазгоў, і таму нешчаслівы вучань зноў быў неадкладна адпраўлены ў лякарню, у якой ён правёў два тыдні. Так, хаця і не чакана для сябе, у вучня сёмага “А” класа ўсё-ткі атрымалася прапусціць кантрольную па ненавіснай алгебры…


Рецензии