Нямецкая каша

“Дзядуля, а колькі табе гадоў у вайну было?” – спытаўся ў Васіля Пятровіча ягоны малодшы ўнук Міця.
 Васіль Пятровіч хітравата прыжмурыўся: “А ты палічы. Я нарадзіўся ў 1936 годзе а вайна пачалася… Ну, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна?”
 “Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года, а скончылася 9 мая 1945 года, - задаволена адрапартаваў Міця, але тут жа расчаравана ўздыхнуў: дык ты ж, дзедка, зусім малы быў і, відаць, нічога цікавага пра вайну расказаць не можаш”.
 “Чаму ж не магу? – усміхнуўся Васіль Пятровіч – Вось паслухай, якая гісторыя адбылася са мною ў час вайны…”

 Было гэта ў 1943 годзе. У маім родным горадзе Рагачове тады гаспадарылі немцы. На вуліцы, дзе жыла наша сям’я, у двары аднаго з суседскіх дамоў, а дакладней, у вялікім садзе, што рос за дамамі, стаяла нямецкая палявая кухня. І вось, калі іхні кухар, высокі рыжавалосы салдат, пачынаў гатаваць ежу, мы з маім сябрам і аднагодкам Віцькам, прынаджаныя заманлівым пахам (галодныя ж былі!), крадком падбіраліся да саду і праз дзіркі ў плоце цікавалі за кухарам.
 Аднойчы немец заўважыў нас. Мы спужаліся, але ён нечакана прыязна заўсміхаўся і, махнуўшы рукою, прамовіў: “Кіндэр, ком гер!” (дзеці, ідзіце сюды!). Віцька войкнуў і хацеў даць лататы, але я спыніў яго: “Баязлівец! Немцы ж не ўсе аднолькавыя. Бываюць і нармальныя. Можа, і гэты нармальны. І зброі ж у яго няма. Можа, ён пачаставаць нас хоча”.
 Тут, нібыта пачуўшы мае словы пра пачастунак, кухар узяў са стала вялікую міску, наклаў у яе паўнютка, з верхам нават, кашы, утыркнуў у яе дзве лыжкі і, не перастаючы ўсміхацца, сказаў: “Кіндэр, эссэн (дзеці, есці). Чакаць паўторнага запрашэння мы з Віцькам не сталі.
 Праз колькі хвілін не зусім сытыя (прасіць дабаўкі не асмеліліся), але ўсё ж задаволеныя, мы беглі дадому.
 Нямецкая каша вельмі нам спадабалася. Ці то яна і сапраўды была смачная, ці тое падалося нам з галадухі, але ўспамінаючы яе смак, мы з Віцькам аблізваліся і прыцмоквалі языкамі.
 Назаўтра, падгледзеўшы, калі рыжы кухар застанецца ля кухні адзін (немцы, што стаялі ў доме, некуды сыходзілі), мы зноў – ужо без запрашэння – прайшлі ў сад, і кухар зноў наклаў нам поўную міску кашы. Убачыўшы, як хутка мы апаражнілі ёмістую пасудзіну, немец здзіўлена пахітаў галавою, зноў напоўніў міску і адвярнуўся да другога катла, каб паяшаць варыва, якое булькала ў ім. Тым часам Віцька выхапіў з-за пазухі палатняны мяшэчак, высыпаў туды кашу і, саўгагуўшы мяшэчак назад, прашаптаў: “Мы тут жарэм, а нашы дома галодныя. Аднясём ім”.
 Вы нават уявіць сабе не можаце, што зрабілася з рыжым, калі ён, павярнуўшы да нас галаву, убачыў, што мы з Віцькам (ну, усяго ж хвіліна нейкая прайшла!), седзячы перад пустой міскаю, спешна злізваем з лыжак апошнія крупінкі кашы! Нядаўняя прыязная ўсмешка імгненна спаўзла з яго твару. У вылупленых блякла-сініх вачах з’явілася не проста здзіўленне, а неўразуменне і нават нейкі прымхлівы страх. Яшчэ раз зазірнуўшы ў апусцелую міску, ён схапіў вядро, што стаяла побач, кінуў туды некалькі вялізных чарпакоў кашы і паставіў вядро перад намі.
 “Дарэмна мы скралі кашу, – зноў прашаптаў Віцька, – немец сам здагадаўся, што трэба і з сабою нам крыху даць. Вунь болей паўвядра адшкадаваў. Вось ужо дабрачы фрыц!”
 Але радаваўся Віцька рана! У руках у “дабрачага фрыца” немаведама адкудь з’явіўся аўтамат. Кухар навёў яго на нас і, паказаўшы на вядро, крыкнуў: “Эссэн! Шнэль!”
 Дарэмна мы з Віцькам спрабавалі растлумачыць нашаму “карміцелю”, што “эссэн” кашу мы будзем дома, а цяпер мы ўжо “найн эссэн”. Немец усё больш пагрозліва паўтараў сваё “эссэн” і нават разоў колькі шчоўкнуў замком аўтамата. І мы мусілі ўзяцца за лыжкі…
 Спачатку елі не тое каб з апетытам (які тут апетыт, калі ты пад прыцелам аўтамата!), але і без той агіды, якая паступова пачала авалодваць намі. Мы сілком пхалі ў сябе зусім яшчэ нядаўна такую смачную нямецкую кашу, і слёзы адчаю цяклі па нашых скрыўленых ад страху тварах.
 Ненавіснае “эссэн” перастала гучаць толькі тады, калі мы з Віцькам з’елі ўсю кашу. Больш за паўвядра кашы!
 “Вэг!” – крыкнуў рыжы фашыст, і мы з Віцькам пад задаволены рогат нашага мучыцеля пасунуліся дадому…
 ***

 Кашы нам з Віцькам нейкі час ну зусім не хацелася. А потым нічога – зноў елі. Але ўжо не нямецкую (немцаў – і таго рыжага гада таксама! – неўзабаве з нашага горада папёрлі), а сваю родненькую, беларускую!


Рецензии