Дзве смарагдавыя змейкi

Дзве смарагдавыя змейкі

- Калі насіць чужую адзежу, - сказаў Сашулька, - то нехаця давядзецца паўторна пражыць жыццё яе ранейшага ўладальніка. Вось, напрыклад, да мяне надоечы ў бот запаўзла змяя. Гэта было наканавана.

Маленечкі Сашулька, задуменны і сур'ёзна-засяроджаны, ішоў крыху наперадзе па дарожцы праз пустэльнае поле. На ім было цёмнае кароткае паліто ў ледзь прыкметную дробную клетку і чорныя штаны, запраўленыя ў гумовыя боцікі.

Я, выпадкова зірнуўшы на сябе, заўважыла са здзіўленнем, што я апранута гэтак жа.
І тут я адчула, што ў мяне ў левым боце штосьці лішняе. Змяя!!!

Я спынілася і стала асцярожна сцягваць бот, каб не патрывожыць змяю. Там сапраўды была ярка зялёная змяя, якая скруцілася ў два пласты.

Я адставіла бот ад сябе далей, як раз на сярэдзіну двара.
А бот неўзаметку ператварыўся ў тазік з дзвюма ручкамі. І ляжаць у ім ужо дзве зялёныя змяі. А я гляджу на іх і не ведаю, што рабіць.

Тады Сашулька ўзяў тазік за ручкі, аднёс у адрыну, і вытрас змеек на падлогу. А сам выйшаў.
Затым прыбег кот, ссунуў змеек бліжэй адну да другой і выраўнаваў іх, каб папрыгажэй ляжалі, па-мастацку. І ўцёк.

А змейкі, прыпадняўшы над зямлёй свае сплясканыя галовы з круглымі смарагдавымі вачыма, са здзіўленнем глядзелі кату ўслед.

Пасля гэтага Сашулька шчыльна зачыніў дзверы адрыны.
Крыху пазней я хадзіла па ўсяму дому і зачыняла мноства дзвярэй і вокнаў, каб змеі не змаглі пракрасціся з адрыны ў дом.
І было на душы тужліва і няўтульна ад гэтага суседства.


Рецензии
"А змейкі, прыпадняўшы над зямлёй свае сплясканыя галовы з круглымі смарагдавымі вачыма, са здзіўленнем глядзелі кату ўслед."

Владимир Короткевич   28.12.2014 22:07     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.