Заход

Загадкавая зьява -- заход. Калі нячутная цемра касматым драпежнікам спакваля паглынае ўсё навакольле й тое, што прытуліла адлегласьць. Кудысьці высьлізгвае, быццам здань, тое, што падавалася такім надзейным, родным, што, думалася, будзе заўсёды. Быццам хтосьці гукнуў: "стоп" і жыцьцё, яшчэ больш непасьціжнае, бярэ пярэрву. Ледзьве чутнае дыханьне, як зьвязак з тым таемным, непадуладным, шапоча табе: "ты жывы". Яшчэ?..Ужо?..Да якое пары?..Ты не атрымаеш адказу. У цудаў зазвычай яго няма. Але ты жывы. Навошта?..Гарэзьлівы вятрыска скалане ліхтары вабных зораў і са стромкіх вершалінаў пальецца сьвятло й музыка...І ты пачуеш... але не вушамі...Мы -- частка Божае таямніцы, у Якім усё. Сутоньне раптам пакліча ў ложак і ты з даверам скарышся яго ўладзе. Аднак, аддаючы сябе забыцьцю сноў, мы верым, што зноўку спаткаем, гэткае ўжо звыклае ранішняе праменьне. Бо, нам трэба бегчы на працу, вучобу, ў краму, у нас шмат справаў. На ўсялякія таямніцы заўжды не стае часу. А промні?..яны проста маюць быць...як чарговая абнова з плэймаркету, дзе раніца, як дадатак. Але-ж цемра загадкавая, і невядома што й каго яна паглыне гэтым разам. Як мала залежыць ад чалавека й яшчэ менш ён аб гэтым думае. Кожнага чакае свой заход, сутыкненьне зь непазьбежным, у якім сэрца з глыбіні мораку адшуквае свой промень. Адзіны. Каштоўны. Няхай бы жыцьці й лёсы ўсіх нас абудзіў непаўторны сьвітанак, толькі б не забывацца на тое, што мы проста людзі...


Рецензии
Отлично изложена мысль! Очень здорово! Спасибо!

Елена Мартынова 3   14.02.2018 23:19     Заявить о нарушении
Дзякуй вялікі!

Ветразь   15.02.2018 22:47   Заявить о нарушении