Магiя старадаунiх люстэркау 3
Пачатак "Магія старадаўніх люстэркаў" http://www.proza.ru/2014/11/11/1577
Папярэдняя частка "Магія старадаўніх люстэркаў 2" http://www.proza.ru/2014/11/25/978
Прысвячаецца Андрею Столярику:
http://www.proza.ru/avtor/stolyarikandre
http://www.stihi.ru/avtor/stolyarikandre
Агафон Пупкін быў самым прыгожым юнаком у маленечкай вёсачцы Шэлягі, якая згубілася сярод лясоў і балот непадалёк ад Белавежскай Пушчы. А, можа, і не толькі ў ёй. Прыгожы ён быў, як Апалон Бельведэрскі, не, хутчэй, нарцыс, паколькі любіў сабой любавацца ва ўсіх, якія трапляліся па шляху, люстэрках.
Што ні кажы, прыгожы быў Агафон. Залатыя валасы буйнымі хвалямі падалі на плечы, вочы вялікія, цёмна-сінія, амаль чорныя, нос, вушы, рот у патрэбных месцах, правільнай і прыгожай формы.
Жыў Агафон удвох з бабуляй у старой пакрыўленай хаце, крытай саломай. Бацькі Агафона… Ніхто і не ведае, куды яны дзеліся. Проста былі - і раптам зніклі. Бабуля па гэтай нагодзе казала: гэта ўсё ад зайздрасці багоў. Прыгожыя былі бацькі Агафона, Іван з Мар'яй, і кахалі адзін аднаго так, як толькі ў казках бывае. Вось, багі і пазайздросцілі, і аднаго дня грымнуў гром, і Іван і Мар'я, якія ў тый час знаходзіліся на двары, зніклі, як выпарыліся. А ля парога, поруч з валуном з'явілася новая кветка, Melampyrum nemorosum.
У хаце не было ніводнага люстэрка, таму Агафон панадзіўся часта хадзіць за вадой. І там уволю любавацца сваім адлюстраваннем у воднай паверхні.
Бывала, як заўважыць, што вёдры спусцелі амаль, тут жа хапае іх і, крыкнуўшы:
- Я - за вадой! - нясецца хуценька, пакуль бабуля не спыніла, праз двор.
Хутка адчыняе і зачыняе на клямку дзверы, нясецца праз дарогу і ў сад, шчыльна зачыняючы за сабой садовую брамку. І нясецца па садовай сцяжынцы, якая віецца уздоўж слівовых дрэў да студні, нічога не заўважаючы вакол. Ні ліпы, у тры абхопу, якая ўскінулася нібыта да самых аблокаў, ні бяроз з тонкай разьбяной лістотай, што стаяць над пышна квітнеючымі кустамі шыпшынніка, ні палявых кветак, якія рассыпаліся па садзе сярод яблынь і груш пярэстым дываном.
А ў канцы саду, у нізінцы і знаходзіцца студня, невысокі замшэлы зруб, а да яго прыпёртая доўгая тычка з круком на канцы.
Хутка выцягнуўшы два вядры вады, Агафон адносіць іх трохі ў старонку ад студні, ставіць іх на зямлю і, усеўшыся побач у паставу лотаса доўга глядзіць на сваё адлюстраванне, і ніяк не можа нагледзецца.
Часам сам з уздыхам адрываецца ад гэтага занятку, часам з боку хаты пачуецца крык бабулі:
- Агафон, ты там выпадкова не заснуў?!
І тады Агафон паднімаецца, хапае ведры і павольна цягнецца ў бок хаты.
Неяк раз, толькі Агафон усеўся перад вёдрамі і паглядзеў у ваду, як адтуль зірнула на яго не прыгожае яго адлюстраванне, а агідная зялёная жабіна пыса. Зірнула, ухмыльнулася зларадна, і схапіўшы Агафона за каўнер, звалакла яго ў вядзёрныя нетры. І страціў Агафон прытомнасць…
Свидетельство о публикации №214120100450