ваукалак

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

 Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096
       Предыдущая часть "Вужовая карона"  http://www.proza.ru/2014/12/10/381
       (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/10/412)

 АПАВЯДАННЕ ЧАЦВЁРТАЕ


       ВАЎКАЛАК

       — Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў пакутаваў, блукаючы па лясах.

       У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі — задумлівы і журботны.

       Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:

       — Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.

       Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё жыццё:

       — Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.

       Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў. Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць. Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.

       Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і верыў яму больш, чым каму іншаму.

       Дык вось пасылае гэты пыхлівы Ілля сватоў да Алёны, але атрымалі сваты гарбуза, бо яна прызналася бацькам, што не любы ёй гэты залётнік.

       Ілля, пачуўшы пра гэта, кажа:

       — Не Алёніна воля, а панская. Што не схацела рабіць па-добраму, зробіць па ўказу.

       Пайшоў ён у маёнтак і дабіўся свайго: загадалі Алёне ісці за яго замуж.

       Суседзі, ведаючы пра маю прыхільнасць да Алёны, смяяліся з мяне здзекліва, кпілі з мае някемнасці, з безразважнае любасці ды з адвагі, з якою хацеў я ўсіх, нават багатыроў, змагчы і Алёну павесці да шлюбу. І няраз, раззлаваны такімі з’едлівымі жартамі, адказваў я, што нядоўга Ілля мецьме панскую ласку, а грошы, сабраныя ашуканствам і крадзяжом, шчасця не дадуць, і Алёна была б шчаслівейшая, каб выйшла за чалавека хоць беднага, але пачцівага.

       Дачуўся Ілля, што так пра яго кажуць, і паабяцаў помсціць, як толькі выпадзе нагода.

       Надыходзіў дзень вяселля; Алёніны бацькі, ведаючы пра маё каханне да іх дачкі, сказалі мне, што волю панскую не пераменіш, хоць яна і несправядлівая і без усякае літасці; прасілі, каб пагадзіўся з лёсам, быў іх прыяцелем і прыйшоў на вяселле. Хоць і неахвота, але згадзіўся я на тое.

       Вяселле было шумнае, гасцей болей, чым на кірмашы: маладыя — абое багатыры. Сабраўся люд з усяе ваколіцы, у некалькіх месцах на вольным паветры спявалі і пад музыку скакалі. Алёна была ў шыкоўным строі, усе яе віншавалі, зычачы шчасця і радасці. Сам пан прыехаў на вясельную бяседу. Ілля яго частаваў; пан размаўляў з ім, пахаджваючы між вясельнікамі. Малады прыкмеціў мяне сярод гасцей (я стаяў сумны, бо мяне не толькі нішто тут не займала, а наадварот, уся гэтая весялосць наводзіла нудоту); ён глянуў на мяне са здзеклівай усмешкаю і пайшоў з панам далей.

       Праз нейкі час падыходзіць да мяне дудар Арцём, пажылы чалавек, і кажа:

       — Чаго сумуеш? Выпі са мною гарэлкі і будзеш весяліцца, як і іншыя, — бярэ мяне за руку і цягне да стала з поўнымі бутэлькамі і закускаю. Не адмовіўся я ад запрашэння. Мы выпілі па два кілішкі гарэлкі. Тут нехта незнаёмы, гледзячы на мяне збоку, сказаў з усмешкаю:

       — Ну цяпер ён паскача!

       Арцём раптоўна мяне пакінуў, узяў сваю дуду і пачаў іграць, а на мяне напаў яшчэ большы смутак.

       Не шмат прайшло часу, як падыходзіць да мяне мой сусед і, гледзячы мне ў вочы, кажа:

       — Што з табою? Чаму твой позірк такі страшны, нібы ў звера якога?

       Нехта яшчэ абазваўся:

       — Ага, сапраўды, у яго вочы, як у ваўка, свецяцца.

       І іншыя, што побач стаялі, таксама паўтарылі гэта і палахліва глядзелі на мяне.

       Не ведаю, што рабілася са мною, але я ўвесь дрыжэў. Здавалася, што гэтыя людзі зычылі мне чагосьці найгоршага.

       Алёна, стоячы непадалёк, размаўляла з маці; зірнула на мяне і ад спалоху закрычала:

       — Ах, што дзеецца з ім! Глянь, мама, якія страшныя ягоныя вочы, няхай бы ішоў сабе адсюль.

       Пачуў я гэтыя Алёніны словы, і мяне бы пярун ляснуў: памутнела ў вачах, прытомнасць страціў; пакідаю бяседу і, не ведаючы куды ісці, бягу па дарозе, сустракаю кабету, што вяла за руку маленькае дзіця.

       — Ах, не глядзі на маё дзіця, — крычыць яна мне. — Ты заб’еш яго сваім страшным позіркам.

       Уцякаю ад перапалоханае кабеты і бягу дадому. Падбег да свае хаты — сабака мой не пазнаў мяне. Дарэмна голасам хачу яго супакоіць: ужо слова сказаць не магу: толькі енк, падобны да выцця, выходзіў з маіх грудзей. Лютая трывога апанавала мяне. Парабак майго суседа паглядзеў на мяне і ўразіўся.

       — Чаму гэта, — кажа, — твой твар і рукі абраслі поўсцю?

       Глянуў на сябе — і як непрытомны пакідаю свой дом і бягу ў поле. Жывёла, што пасвілася там, уцякае ад мяне, сабакі кідаюцца, і я хуценька хаваюся ў лесе.

       Бягу праз пушчы і дзікія пустэльні, падаю ў засені густых ялін; тут, зірнуўшы на сябе, убачыў, што рукі і ногі мае ўжо перамяніліся ў воўчыя лапы; хацеў заплакаць над сваім няшчасцем — і жахлівае выццё вырвалася з маіх грудзей.

       Блукаў я па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў мяне засталіся чалавечыя, памятаў мінулае і, задумваючыся пра сваё цяперашняе жыццё, мучыў сябе лютай роспаччу, не ведаючы, ці будзе калі канец гэтаму няшчасцю. У хмызняку шукаў птушыныя гнёзды, лавіў зайцоў і іншую дробную зверыну. Гэта была мая ежа. Не падыходзіў да чалавечага жытла, бо ведаў, што ўсе людзі — мае ворагі, што яны заўсёды будуць рады забіць мяне. Аднак чыніць ім шкоду не хацеў.

       Няраз у нядзелю я чуў голас касцельных званоў і выццём прасіў Бога, каб злітаваўся над маім лёсам. Шмат разоў хацеў падысці цёмнай ноччу да касцёла, але сабакі, выбягаючы з вёскі, адганялі мяне, а часам чуў людскія крыкі і стрэлы. Тады бег колькі змогі да лесу, каб толькі схавацца ад напасці. Кожную раніцу выў я, вітаючы сонца, ды прасіў у неба спажытку на новы дзень.

       Увосень, зімовымі начамі, у залевы хаваўся я, дрыжучы, дзе-небудзь пад густой ялінаю; шум вятроў акунаў мяне ў сумныя ўспаміны мінулага. Узімку почасту па некалькі дзён я быў галодны, знясілены, блукаў у страшнейшыя марозы па полі, каб толькі ўпаляваць што-кольвек. Мой спачын заўсёды быў кароткі, і нязменна снілася мінулае: бацькоўскі дом, сябры мае маладосці, прыязныя суседзі; тыя хвіліны, калі прыйшло каханне да Алёны, забавы, нашыя размовы, яе вясёлыя вочы, яе зграбная постаць у шыкоўным строі, з вянком на галаве, — усё гэта прыходзіла да мяне ў сне, але здавалася яваю. Часам я бачыў яе неспакойнаю; уцякала ад мяне або, перапалоханая, гнала мяне прэч ад сябе, як колісь на вяселлі, калі мяне падгавораны Арцём напаіў зачараванаю гарэлкаю. І пасля такога жахлівага сну, я, дрыжучы ўвесь, усхопліваўся. Некалькі гадоў прабыў я ў такім жахлівым стане.

       Расла мая нянавісць да людзей, калі я думаў пра іхнія блуд, несправядлівасць, незычлівасць да роўных сабе. Вырашыў я шкодзіць ім ва ўсім, як яны шкодзяць адзін аднаму пры зручным выпадку, абы толькі мець сабе карысць. Дык нападаў, калі толькі можна было, на іх жывёлу і свойскіх птушак; нішчыў дашчэнту.

       Аднаго разу (памятаю як сёння: была вясна, зелянеў лес, дні стаялі ясныя і цёплыя) я краўся ўзлескам да вёскі, дзе жыў Арцём. Бачу: на пагорку ходзяць пастухі ля жывёлы, Арцём арэ поле, а непадалёку ад хмызоў маленькая дзяўчынка пасе гусі. Ён кліча яе да сябе, называючы Ганкаю, і пасылае дахаты. Ды дзяўчынка хутка вярнулася і зноў падышла да гусей.

       Я зразумеў, што гэта яго дачка. Калі з гушчару пазіраў на яе і бацьку, запалаў ува мне гнеў помсты. Арцём — нягодны чалавек — давёў мяне да такога стану, што жыву, гнаны адсюль, у абліччы страшнага ваўка. Няхай жа і ён паенчыць над стратаю свайго дзіцяці! Выскокваю з лесу і хапаю дзяўчынку. На доччын голас бяжыць бацька і ў роспачы кліча на дапамогу. Чую крыкі пастухоў, сабакі на мяне напалі, скусалі да крыві. Але нішто не магло мяне стрымаць. Хутка хаваюся ў пушчы, нясу сваю здабычу ўсё далей і далей у глыб лясоў; там, адкуль малая ўжо не вернецца сама дахаты, кідаю яе. Яна доўга ляжала непрытомная, а калі ачулася, крычала, блукаючы па лесе, роспачным голасам. Яе лямант і плач гінулі марна сярод густых хвояў і ялін, і я, цешачыся помстаю, пакінуў яе ў лясной пустэльні. Аддаліўся ад таго месца, дзе блукала гэтая няшчасная ахвяра мае злосці. Толькі не доўга цешыла мяне тая помста. Калі мінуўся запал гневу, прыйшла думка, што Ганка, беднае дзіцё, пакутуе без віны. Вярнуўся я назад, але нідзе яе знайсці не мог; глуха было ў лесе, і голас яе ўжо не чуўся.

       Напаў на мяне нязносны смутак: я зразумеў, што помстаю не супакоіш пакуты. Дзе б ні быў — усюды не даюць мне спакою бацькава роспач, лямант пакінутае ў лесе дачкі і сабакі, што, гонячыся за мною, раняць зубамі да крыві. Здавалася, што яны ўсюды нападаюць на мяне. Перабягаў я з аднаго лесу ў другі, ды нідзе не мог знайсці спакою; прапаў сон, бо і ў час адпачынку заўсёды гучаў у маіх вушах роспачны голас бацькі, лямант дачкі, і сабакі рвалі маё цела.

       Аднаго дня ўбачыў я знаёмых сялян. Схаваўшыся ад паўдзённае спёкі, сядзелі яны ў засені дрэваў, а непадалёку хадзілі выпражаныя з вазоў коні. Падкраўся да іх, і затаіўшыся за хмызамі, слухаў, пра што яны размаўлялі між сабою. Пачуў, як адзін з іх гаварыў пра мяне:

       — Дзе ж блукае цяпер у воўчай шкуры Марка? Шкада гэтага чалавека. Вось ужо колькі год пакутуе, гаротнік. Эх, каб ён трапіў як да чараўніцы Аксіні! Кажуць, яна лёгка ператварае людзей у звяроў і зноў вяртае ім чалавечае аблічча. Не ведаю, дзе яна жыве, аднак чуў, што недалёка ад гэтых гор і лясоў.

       Усцешыла мяне такая навіна: вырашыў абысці ўсе горы і лясы гэтага краю, абы толькі знайсці Аксініна жыллё. Некалькі дзён і начэй блукаў я без адпачынку па дзікіх пушчах. З вяршынь высокіх гор аглядаў бязлюдныя мясціны, спадзеючыся, што дзесьці там хаваецца яе самотная хаціна.

       Выбягаю з лесу ў лог. Ранак быў ясны і ціхі! Бачу: котка на траве: шыя і лапкі — белыя, спінка — у паскі, светлыя і цёмна-папяловыя, шустрыя вочкі; скача котка, імкліва ловіць лапкамі матылёў на кветках. Доўга глядзеў з хмызняку на яе вясёлыя падскокі і гульні. Урэшце захацелася схапіць яе, кідаюся… але лёгка, як вецер, адскочыла яна і бяжыць на пагорак. Даганяю, і вось-вось хацеў ужо схапіць — аж яна ператвараецца ў сароку і ляціць над зямлёй. Гонячыся далей, убачыў самотную хаціну. Сарока села на страху і зноў перакінулася ў котку. Бачу: усюды поўна катоў размаітае масці: каты на даху, каты на вокнах, каты на панадворку. Усюды каты.

       Я зразумеў, што тут жыве чараўніца Аксіня. Доўга стаяў і думаў: ці ісці да яе? Яна мяне не прыме ў воўчым абліччы, трэба з ёю дзе-небудзь на праходцы спаткацца, пакорліва ўпасці да яе ног і прасіць злітвацца над маім лёсам. Схаваўся я ў лаўжы і чакаў тае шчаслівае хвіліны.

       Сонца схавалася за лясы і горы; узлескі ўжо пакрыў вечаровы змрок, а недалёкае возера, акружанае густою лазою, яшчэ свяцілася, Бачу: усе каты — з хаты, з даху, з падворка бягуць на луг, зрываюць зубамі нейкую траву і ў міг вока ператвараюцца ў дзяўчат, рассыпаюцца між кустоў, спяваюць песні, скачуць; іншыя зрываюць кветкі і ўюць вянкі. Бягу і я на лугавіну. Убачыў тую траву з дробненькімі блакітнымі кветачкамі; як толькі яе сарваў і праглынуў, адразу ж прымаю чалавечае аблічча. З невыказнай радасцю бягу ў гурт легкадумных русалак, скачу з імі, бегаю, весялюся, зусім забываю пра сваё няшчасце.

       Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг. Русалкі закрычалі: «Поўнач! Поўнач!» — і адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я — зноў зрабіўшыся ваўком — пабег у лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё няшчасце.

       Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.

       Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:

       — Мне ён не падабаецца.

       — Чаму не падабаюся? — пытаюся, падыходзячы да яе.

       — Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо праз ваўка я няшчасная.

       — Як гэта?

       — Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў воблаку чорнае птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:

       — Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?

       Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну забываць пакуты.

       Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку — нідзе не магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.

       Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць мяне пакуты.

       Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.

       Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.

       Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.

       Было гэта ў жніўні ў добрае надвор’е. Я блукаў у родных ваколіцах, калі на палетках даспела збажына. Недалёка ад сябе бачу Алёну. Яна жала на сваёй ніве, а на мяжы, лежачы на снапах, спаў маленькі хлопчык. З прыемнасцю глядзеў я на гэты малюнак, цешыўся, што Алёна шчаслівая, спакойна жыве са сваёю сям’ёю. Бог блаславіў іх гаспадарку, і жыта добра ўрадзіла на іх ніве. Пакуль я любаваўся на ўсё гэта, выскоквае з лесу воўк, хапае хлопчыка. На крык дзіцяці кідаецца матка.

       — Ратуйце дзіцятка маё! — крычыць яна і падае непрытомная.

       Я даганяю ваўка, адбіраю не пакусанае яшчэ дзіця, адношу да маткі. Суседзі, што прыбеглі на ратунак, дзіваваліся з усяго гэтага, а я ўцёк у лес.

       Нейкае прыемнае пачуццё і ціхамірнасць ахінулі мяне пасля гэтага здарэння. Я лёг пад дрэвам і заснуў у салодкіх мроях. Вярнуўся ў сне ў сваю шчаслівую маладосць, і так мне было лёгка, што, як птах, пералятаў з месца на месца. Бачу перад сабою такі прыгожы сад, якога ніколі ў жыцці не сустракаў; гай, поўны птушынага шчабятання, а пёры на іх лепшыя і прыгажэйшыя, чым нашы вясновыя краскі; чыстыя крынічныя воды струменіліся тут і там; некаторыя дрэвы былі ў пахучай квецені, а на іншых даспявалі плады. Заўважыў на пагорку келіхі велізарных лілей, якія разлівалі прыемны водар. Толькі хацеў сарваць колькі кветак — з’явілася перада мною Ганка (сукенка на ёй белая, як лілея) і кажа мне:

       — Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.

       І, сказаўшы так, знікла.

       З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары — бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.

       Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.

       — Гэта будзе тваё цела, — гаворыць мне велікан. — Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця…

       Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім — у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.

       Бачу: я — чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.

       Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.

       Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.

       — Ого, — кажа, — мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.

       — Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.

       — Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане гаспадар!

       Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі — у сваю пасцелю, што даўно ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун абзываўся пад печчу…


 Продолжение: "УСПАМІНЫ ПРА НАВЕДАННЕ РОДНАГА КРАЮ" http://www.proza.ru/2014/12/10/394


Рецензии
Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.

Светлана Самородова   26.12.2014 20:27     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.